Анжэліка – умеліца і выдатніца

У прыёмнай сям’і Жанны і Валерыя Кібальнікаў Анжэліка Ярашук жыве ўжо амаль два гады. Калі прыйшла яна ў новы дом, адразу з першых хвілін заўважыла прыгожыя вырабы з пацерак, зробленыя рукамі дачкі яе прыёмных бацькоў – Вікі. Анжэліцы вельмі захацелася самой навучыцца бісерапляценню. Спрытная, кемлівая дзяўчынка з першых урокаў асвоіла прасцейшую тэхніку пляцення. А каб удасканаліць сваё ўмельства, Анжэліка пачала наведваць гурток пры Цэнтры народнай творчасці. За год заняткаў яна навучылася многаму і цяпер можа зрабіць з пацерак любы сувенір.
Чароўныя, быццам казачныя дрэвы і кветкі: бярозкі, клёны, елачкі, ружы, рамонкі – вырабы ўмелых рук Анжэлікі. Да кожнага свята яна стараецца зрабіць блізкім людзям падарункі. І хоць бісерапляценне – справа, якая патрабуе шмат часу і цярплівасці (з дробненькіх пацерак, нанізваючы іх адну за другой, трэба зрабіць спачатку лісточкі, затым сабраць з іх галінкі і толькі, калі апошніх назбіраецца шмат, “вырасце” дрэўца), але парадаваць іншых зробленым сваімі рукамі сувенірам для яе задавальненне.
— Анжэліка – дзяўчынка вель­мі старанная, настойлівая, мэтанакірава­ная. Яна карпатліва будзе рабіць тое, што яе зацікавіла, і пакуль не зробіць, ніколі не кіне пачатае. А калі нешта не атрымліваецца, яна некалькі гадзін прасядзіць за работай, але свайго даб’ецца, — расказвае пра прыёмную дачку Жанна Кібальнік.
Між іншым, пяцікласніцу раённай гімназіі Анжэліку Ярашук цікавіць не толькі бісерапляценне. Яна навучылася вязаць шыдэлкам і зрабіла самастойна нямала прыгожых сурвэтак і вязаных сувеніраў. Цяпер марыць дзяўчынка навучыцца вышываць і плесці з саломкі. А яшчэ ў юнай майстрыхі ёсць мэта авалодаць ткацкім умельствам.
— Вельмі цікава навучыцца таму, што рабілі некалі нашы бабулі і прабабулі. З гэтымі вырабамі нібы вяртаешся ў мінулае, у нашу гісторыю, — не па-дзіцячы сур’ёзна заўважае Анжэліка.
Увогуле, яна дзяўчынка вельмі сур’ёзная і адказная. У сваім 5 “Б” класе раённай гімназіі яна лепшая вучаніца. У дзённіку Анжэлікі, які ёй не сорамна паказаць іншым, толькі некалькі сямёрак і васьмёрак, а ўсе іншыя адзнакі — дзявяткі і дзясяткі. Яе самы любімы школьны прадмет – замежная мова. І хоць наперадзе ў Анжэлікі яшчэ шмат гадоў вучобы ў школе, але яна ўжо цвёрда ведае, што паступіць у лінгвістычны ўніверсітэт і будзе перакладчыцай. Вось такая яна – Анжэліка, умеліца і выдатніца.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 12.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!