АДНЫ ПОЗНА НЕ ХОДЗІМ

З 5 верасня мінулага года ўступіў у сілу арт. 17.13 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях “Невыкананне абавязкаў па суправаджэнні ці забеспячэнні суправаджэння непаўналетняга ў вячэрні час па-за жыллём”. Ён абавязвае бацькоў (апекуноў, папячыцеляў) суправа­джаць дзяцей, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, у перыяд з 23 да 6 гадзін па-за жыллём ці забяспечваць іх суправаджэнне паўналетнім грамадзянінам.
Як успрынялі новаўвядзенне самі падлеткі і іх бацькі, ці больш стала парадку? Гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт рэдакцыі высвятляла ў інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Святланы Даманскай.

– Святлана Мікалаеўна, з моманту ўступлення ў сілу арт. 17.13 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях прайшло 4 месяцы. Як успрынялі падлеткі і іх бацькі новаўвядзенне?
– Увесь гэты час нашы намаганні былі накіраваны больш на прафілактычную работу. Калі мы затрымлівалі падлетка позна вечарам на вуліцы ці на дыскатэцы, растлумачвалі яму, што сам ён без суправаджэння дарослых так позна хадзіць не мае права. Іншы раз вялі яго дамоў, а дома тое ж тлумачылі і бацькам, папярэджвалі іх, што ў наступны раз мы так рабіць не будзем, а будзем прымяняць іншыя меры. Тлумачым, што за парушэнне закона прадугледжаны штраф. Звычайна бацькі ўсё разумеюць і дзякуюць нам. А вось калі размова ідзе пра тое, што дачка ці сын не адзін раз былі заўважаны позна вечарам без суправаджэння дарослых, і даводзіцца складаць пратакол, бывае, што ўзнікаюць і спрэчкі.
Вось прыклад. У лістападзе мінулага года быў складзены пратакол на аднаго з падлеткаў. Тры разы мы яго аднаго бачылі ў Доме культуры ў в. Хаціслаў. Тры разы яго папярэджвалі, але ён ніяк не адрэагаваў. Таму давялося скласці адміністрацыйны пратакол, бацькі заплацілі штраф.
– А наогул, ці шмат дзяцей вам даводзілася папярэджваць, інакш кажучы, ці многія знаходзіліся без суправаджэння дарослых позна вечарам на вуліцы ці ў грамадскіх месцах?
– Як правіла, непаўналетнія знаходзяцца ў асноўным на дыскатэках. Калі там такіх сустракаем, высвятляем узрост, хаця часам яго бывае вельмі складана вызначыць. Адпраўляем малога дамоў. Трэба сказаць, што дзеці не супраціўляюцца, слухаюцца. Што датычыць сельскіх дзяцей, дык яны баяцца: калі бачаць, што пад’ехала міліцэйская машына, адразу пакідаюць дыскатэку. А гэта свайго роду таксама прафілактыка.
– Святлана Мікалаеўна, ці не было такога выпадку, калі непаўналетнія спрабавалі падмануць супрацоўнікаў міліцыі, выдаць сябе за дарослых?
– Мы добра ведаем многіх дзяцей, таму яны не рызыкуюць нас падманваць.
– А вось дарослыя, якія абавязаны суправаджаць дзяцей, яны абавязкова павінны быць толькі родзічамі, ці могуць суправаджаць малых і іншыя асобы?
– У Палажэнні Савета Міністраў указана, што суправаджаць непаўналетніх можа любая паўналетняя асоба, якой бацькі давяраюць суправаджаць свайго сына ці дачку.
– Колькі ўсяго бацькоў было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне арт. 17.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях?
– Пяць, на аднаго з бацькоў пратакол быў складзены 2 разы.
– Гэта нямнога, і пацвярджае, што вы сапраўды стараецеся больш увагі надаваць прафілактыцы.
– Мы вельмі часта бываем у школах, на бацькоўскіх сходах, гутарым з бацькамі, папярэджваем, просім, каб яны ўзмацнілі кантроль за сваімі дзецьмі, напамінаем, што за парушэнне заканадаўства ім жа давядзецца плаціць штраф. А ён немалы: ад 2 да 5 базавых велічынь.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Святлана ДАМАНСКАЯ.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в “ГЧ” 9.01.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий