“Месца жыхарства не мяняў…»

Ну, хіба можа ў творчай натуры быць пенсійны ўзрост? Ніяк не! Таму што сапраўднае лякарства для душы – гэта павелічэнне дзейнасці розуму. Жыхара Дарапеевіч Анатоля Дзямянку па стану душы ў кагорту пенсіянераў, нягледзячы на ўзрост, ніяк не запішаш. Інтэлектуал, вялікі энтузіяст, багатая творчая натура, ён не вычарпаў сябе проста як чалавек, быць якім для яго – значыць, не толькі авалодваць ведамі, але і рабіць для падрастаючага насельніцтва вёскі тое, што папярэднікі рабілі для яго пакалення. Працуючы ў школе (выкладае гісторыю), Анатоль Ігнатавіч працягвае пісаць гісторыю вёскі, якую лічыць патрэбным пакінуць для нашчадкаў. А яшчэ ён мастацкі кіраўнік у мясцовым Доме культуры і ў школе мастацтваў, дзе дзетак навучае традыцыйнай культуры – танцам , песням, якія характэрны для гэтай мясцовасці. Спадчыну стараецца пакінуць і, складаючы слоўнік народных гаворак в. Дарапеевічы.
— На вучнях сваіх правяраю. Калі яны не ведаюць, да прыкладу, што слова “попэнд” азначае “знянацку”, маю права заносіць яго ў слоўнік.
І Анатоль Ігнатавіч пачынае “сыпаць” тымі словамі, што характэрны толькі для гаворкі Дарапеевіч. Цікава. Мы даведаліся, напрыклад, што на слова “стукнуць” у Дарапеевічах больш за 15 сінонімаў – “шандарахнуты”, “опаразаты”, “залымоныты” і г.д.
— Анатоль Ігнатавіч, адкуль такое цудоўнае веданне беларускай мовы ў вас?
— Гэта сапраўды матчына мова. Мая маці размаўляла чыста па-беларуску і першыя песні для мяне, а яны самыя дарагія, спявала на роднай мове.
— А любоў да сцэны адкуль? Вы ж выдатны вядучы, пастаноўшчык, баяніст…
— Гісторыя, а заканчваў я гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, цесна звязана з культурай. Мне заўсёды хацелася перадаць на сцэне тыя гістарычныя моманты і падзеі, якія адбываліся ў нашай мясцовасці, каб пра іх ведалі ўсе. Я люблю тыя мясціны, дзе нарадзіўся, і ніколі не мяняў сваё месца жыхарства.
Анатоль Ігнатавіч часта выступае са сваімі пастаноўкамі на раённай і мясцовай сцэнах. Не выпадкова, ведаючы цудоўныя якасці вядучага, для святочнай праграмы ў гонар 100-годдзя Маларыцкага храма запрасілі менавіта яго. Анатоль Ігнатавіч, а ёсць такая ўласцівасць у творчых натур — шукаць сябе то на адным полі дзейнасці, то на другім, тройчы працаваў у культуры, але больш яго, як прызнаваўся, цягнула ў школу, таму што тут вынік работы ад фінансаў не залежыў: што дзецям уклаў у свядомасць, тое і будзе ўкладзена. Аднак і з культурай ніколі не парываў. Не зачаравацца ж  яго ігрой на баяне нельга. Прага да музычных ведаў і да гэтага інструмента прымусіла яго яшчэ ў школьным узросце закончыць курсы баяністаў у Брэсце. Да арміі працаваў у мясцовым клубе. І да гэтага часу баян у руках Анатоля Ігнатавіча – аддушына, шчырасць, шчасце, надзея не толькі для яго самога, але і для ўсіх, каму ён дорыць мелодыю. Вось узяў баян і разам з культработнікамі, кіраўніком гаспадаркі на 8 Сакавіка аб’ехалі 3 фермы, павіншавалі жанчын на рабоце. Ад цудоўных мелодый расплакаліся яны…
НА ЗДЫМКУ: Анатоль ДЗЯМЯНКА з сябрам-баянам.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!