“Шкадуем, што не прыехалі ў Маларыту раней…”

У апошні час усё часцей Маларытчыну выбіраюць для пастаяннага пражывання людзі з розных краін СНД. Пацверджанне таму – сям’я Анатоля і Валянціны Какарэўскіх. Яны толькі 9 месяцаў жывуць у нашым горадзе. Да гэтага часу былі прапісаны ў Варонежскай вобласці.
— 16 гадоў мы жылі ў г. Новахапёрск, — кажа Валянціна Харытонаўна. –Гэты невялікі райцэнтр з насельніцтвам прыблізна ў 8 тысяч чалавек знаходзіцца на правым беразе ракі Хапёр, у маляўнічых мясцінах, за 270 км ад Варонежа. Гэты населены пункт унесены ў спіс гістарычных гарадоў Расіі. Здавалася б, толькі жыві ды радуйся. Аднак на старасці гадоў лёс закінуў за тысячы кіламетраў, у Маларыту. Не думалі мы з мужам, што на скону веку апынемся ў такім цудоўным гарадку. Тут радуе вока ўсё на кожным кроку. Да таго ж і з суседзямі нам пашанцавала: уважлівыя, чулыя, спагадлівыя.
Упершыню з Маларытаю Какарэўскія пазнаёміліся гадоў 20 таму. Іх дачка Вольга выйшла замуж і стала жыць у Ковелі, што на Украіне. Не раз яна з бацькамі ездзіла на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. І амаль кожны раз на зваротным шляху імкнуліся завярнуць у Маларыту. Проста так, паглядзець, параўнаць умовы жыцця.
— З горадам больш бліз­ка пазнаёміліся 5 гадоў таму, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч. – Маларыта нас адразу зача­равала. Напэўна, тады ўпершыню і прамільгнула думка тут жыць.
— А тут і старасць незаўважна падкралася, — усміхаецца Ва­лянціна Харытонаўна. – Дачка стала перажываць, нер­вавацца, што не можа часта бываць дома і бачыць нас. Далёка ж. Таму ў апошнія гады Вольга толькі і гаварыла, каб мы пераехалі жыць бліжэй да яе. Хацелася гэтага і нам. Нарэшце, адважыліся на такі крок.
На працягу 2 гадоў Какарэў­скія шукалі дом у Маларыце. Ім у гэтым руку падтрымкі працягнулі супрацоўнікі аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама рэдакцыя райгазеты. Яны падказвалі, раілі, а пасля дапамаглі нават купіць дом.
— Зараз у ім спрабуем зрабіць невялікі рамонт, — кажа Анатолій Какарэўскі. – Сродкі невялікія яшчэ засталіся. Мы ж 19 гадоў жылі на поўначы Расіі, у Якуціі. Туды паехалі спецыяльна, каб зарабіць грошай. Я працаваў інжынерам-мантажнікам, жонка – таваразнаўцам. Насе­джанае месца пакідаць было нялёгка.
— Я родам з Украіны, — працягвае размову Валянціна Какарэўская, — муж – з Сібіры. А цяпер вось на новым месцы. Памятаю, яшчэ ў дзяцінстве мой бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому давялося вызваляць Беларусь, часта паўтараў, што адзін з самых лепшых народаў на свеце – беларусы. Гэта мне назаўжды запала ў памяць. Цяпер на ўласным вопыце, як кажуць, пераканалася ў справядлівасці яго слоў. Пра беларускую гасціннасць ведаю і з уласнага вопыту, бо бывала ў гасцях у сяброўкі, якая жыла ў Бабруйску. Ды і наш сын таксама служыў у Беларусі.
— Дачка Вольга нас зараз наведвае штомесяц, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч. – Хацелася б бачыць часцей. Гэта можна зрабіць. Аднак, калі б мы сталі жыхарамі якога-небудзь населенага пункта Украіны, то засталіся б зусім без пенсіі. Паміж Расіяй і Украінай адпаведных дакументаў, якія дзейнічалі б у пенсійным забеспячэнні, на вялікі жаль, няма.
— Мне здаецца, што хоць вялікай і магутнай краіны СССР ўжо даўно не існуе, — разважае Валянціна Какарэўская, — але паміж людзьмі засталіся сувязі, якія былі і раней. Яны аслаблены, аднак канчаткова не страчаны. Межы, якія раздзялілі народы, не здолелі перарваць тое, што аб’ядноўвала. Аднолькавая рэлігія, агульная гісторыя, блізкія мовы – усё гэта дае адчуць сябе не чужым на новым месцы, у многіх аспектах невядомым.
Дактары раілі Валянціне Харытонаўне змяніць клімат, які негатыўна ўплываў на здароўе. Маларыту аблюбавала яшчэ і па гэтай прычыне.
— Кліматычныя ўмовы тут больш прыдатныя для мяне, — кажа Валянціна Какарэўская. – Я б сказала, больш мяккія, лагодныя, ашчадныя. І самае дзіўнае тое, што стан здароўя сапраўды палепшыўся.
— А на што Вы звярнулі ўвагу, калі прыехалі ў наш райцэнтр?
— Здзівіў парадак паўсюль, — прызнаецца Анатоль Аляк­сандравіч. – Нам ёсць з чым параўноўваць. Адчуваецца, што на Маларытчыне, як і ў цэлым у краіне, ёсць сапраўдны гаспадар. Куды ні кінь вокам – чысціня, добраўпарадкаванасць. Асаб­ліва спадабаліся гарадская плошча, гасцініца “Юбілейная”, раённая паліклініка, будынак вакзала, універсальны спартыўны комплекс “Жамчужына”, а таксама тратуары на вуліцах горада. Калі б хто сказаў, то не паверылі б, што ў гарадку з насельніцтвам трохі больш за 10 тысяч нядаўна адкрыты такі вялікі новы ўніверсам “Родны кут”. З жонкай мы там бываем часта.
— Аб чым-небудзь шкадуеце?
— Мы многае на сваім вяку пабачылі і перажылі,- гаворыць Валянціна Харытонаўна. — Шкадуем толькі аб тым, што не прыехалі жыць у Маларыту раней. Яна цяпер нам нагадвае райскі куточак на зямлі. Гэта тое, шчыра кажучы, што мы, напэўна, шукалі не адзін год. Хочацца проста жыць і радавацца кожнаму наступнаму дню, сустракацца з людзьмі на вуліцы, дзяліцца з імі няхай маленькімі, але сваімі радасцямі жыцця. Як гэта важна, калі цябе ўмеюць слухаць і чуць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Анатоль і Валянціна Какарэўскія: “У Маларыце мы знайшлі тое, што шукалі, напэўна, усё жыццё!”
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!