Не будзе страчана самабытная спадчына

На Маларытчыне вяртаюцца з небыцця традыцыйныя народныя рамёствы. Іх цэнтры цяпер ёсць не толькі ў горадзе, але і ў Хаціславе, Замшанах, Олтушы,  Дарапеевічах… Паступова адраджаецца і тэхналогія ткацтва. Спрыяў гэтаму міжнародны праект “Народная творчасць без межаў”, які быў рэалізаваны з удзелам майстроў Маларытчыны. Са студзеня гэтага года ў раёне стартаваў яшчэ адзін  міжнародны праект “«Вектар у мінулае». Развіццё традыцыйнай культуры як драйвер росту  турыстычнага  патэнцыялу”.

У пасляабедзенны час школа народнай творчасці Дарапеевіцкага Дома фальклору як бы ажывае. На заняткі  гуртка па ткацтве “Ткалля” да народнага майстра Беларусі Валянціны Гатоўчыц адзін за адным прыходзяць васьмікласнік Аляксандр Селівонік, сямікласнікі Антон Селівонік і  Вікторыя Балко, шасцікласнік Максім Прач  і пяцікласнік Арсеній Паляціла. Валянціна Іванаўна напачатку паведамляе аб тым, што сёння новага даведаюцца яе гурткоўцы, чаму навучацца.

– У нас, як і ў звычайнай школе,  ёсць паўтарэнне і замацаванне раней вывучанага матэрыялу, – гаворыць Валянціна Гатоўчыц. – З гэтага пачынаецца кожны занятак. Затым тлумачыцца новы матэрыял, які пазней абавязкова практычна замацоўваецца. Паступова, крок за крокам мы вучымся рабіць тканыя вырабы сваімі рукамі. Бывае,  дзеці так захапляюцца творчым працэсам, што, здаецца, губляюць адчуванне часу. Яны гатовы за кроснамі заседжвацца дапазна.

Юным  ткаллям сапраўды ўтульна ў школе народнай творчасці. Ім цікава з  Валянцінай Гатоўчыц, якая ведае і ўмее расказваць шмат легенд, паданняў, пазнавальных гісторый, найперш звязаных з людзьмі Дарапеевіч, яго ваколіцамі. Ды і само памяшканне,  якое стылізавана пад вясковую хату мінулага, настройвае на адпаведны лад, на творчасць. У школе народнай творчасці ёсць кросны, якія перадалі родныя Фёклы Трацюк з Дарапеевіч і Ціта Кіцеля з Вялікага Паўлопаля, калаўроты, развядушкі, сукала, верацёны, розныя посцілкі, дываны ручной работы,  куфар, жаночыя касцюмы Маларыцкага строю адзення,  на сценах – тканыя і вышытыя ручнікі.

Валянціна Гатоўчыц – улюбёны ў сваю справу чалавек. Яна навучылася ткаць яшчэ ў маленстве,  а з дзесяцігадовага ўзросту нараўне з маці Сцепанідай Аляксееўнай Сцепанюк (таксама народным майстрам Беларусі) ужо ся­дзела за кроснамі. Свае ткацкія веды, уменні і навыкі мясцовым дзяўчынкам і хлопчыкам Валянціна Гатоўчыц перадае з верасня 2014 года.

– Вучыцца ткаць пачынаем з нуля, – кажа Валянціна Іванаўна. – Заняткі ў нас праводзяцца тры разы на тыдзень. Спачатку асвойваем кросны,  іх будову, асноўныя часткі і іх ролю. Цяпер гурткоўцы селі за кросны, дзе запраўлена так званая тэхналогія ткацтва “прашчыня”. Гэта адна з адметнасцей Маларытчыны,  што вылучала наш рэгіён  сярод іншых. Зрэшты, уменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі і недарэмна асноўную частку пасагу дзяўчыны, што выходзіла замуж,  павінны былі складаць тканыя вырабы. Прасці, ткаць і вышываць раней на Беларусі павінны былі умець нават княжацкія дочкі.

Валянціна Гатоўчыц  – выдатны педагог. Яна ўмее зацікавіць, знайсці падыход да сваіх гурткоўцаў.  Ці многія сучасныя дзеці ведаюць, што такое, напрыклад, бёрды, матавіла, сноўніца, церніца, набіліцы, навоі, ставы, уток, пранік, трапло? Напэўна, не ўсе і дарослыя цяпер змогуць растлумачыць, для чаго яны выкарыстоўваюцца. А вось для членаў гуртка “Ткалля” гэта – звычайныя рэчы, з якімі даводзіцца сустракацца кожны тыдзень, а многія з іх нават трымаць у сваіх руках. Гурткоўцы з радасцю ходзяць на панажах,  прапускаюць паміж нітоў чаўнок,  умеюць снаваць…

– Набываючы новыя веды для сябе, мы непрыкметна губляем тое спрадвечнае,  што нашы продкі называлі непарыўнай повяззю часоў, – нашу спадчыну, – гаворыць Валянціна Гатоўчыц. – Заняткі ж   у “Ткаллі” вяртаюць дзяцей да мінулага,  да вытокаў. Каб не асіміляваліся, не зніклі, не страцілі самабытнасці, сваіх каранёў… Веданне  сваіх духоўных каранёў, спазнанне шматвяковага вопыту, адметных асаблівасцей рэгіёна спрыяе фарміраванню ў дзяцей грамадзянска-патрыятычных якасцей, любові да Радзімы, пачуцця нацыянальнай самасвядомасці.

– Ці лёгка навучыцца ткаць? – цікаўлюся ў хлопцаў.

–  Лёгка, – кажа Аляксандр Селівонік, які гурток наведвае ўжо трэці год. – Усё проста: аснаваў, навіў, заправіў у ніты, закінуў у бёрды, прывязаў панажы,  нацягнуў ніткі – і пайшла справа. Я ўжо,  напрыклад,  магу сам ткаць посцілкі і ручнікі. Праўда, пакуль ведаю не ўсе сакрэты і нюансы гэтай справы. Хочацца стаць  сапраўдным майстрам ткацтва.

– Як ты трапіў на заняткі гуртка?

– Прывёў старэйшы брат Іван. Спачатку прыйшоў паглядзець дзеля цікавасці, чым тут займаюцца. Убачанае здзівіла і зацікавіла. Захацелася самому навучыцца ткаць так, як Валянціна Іванаўна. Хочацца выткаць ручнік  з узорам як у вершы  Максіма Багдановіча – з васільком.

– А  мяне ў “Ткаллю” сагітаваў  сябар Аляксандр Селівонік, – гаворыць  Максім Прач. – Заняткі ў гуртку  таксама наведваю ўжо трэці год. Мне тут падабаецца. Многаму ўжо навучыўся. Лепш,  напэўна,  займацца карыснай справай,  чым проста сядзець у сацыяльных сетках ці  за камп’ютарам. Магчыма, як вырасту, адкрыю сваю справу – буду ткаць прыгожыя  ручнікі. Мне хочацца працягнуць справу, закладзеную дарапеевіцкімі народнымі майстрамі – Сцепанідай Сцепанюк і Валянцінай Гатоўчыц.

– Валянціна Іванаўна,  колькі часу неабходна затраціць, каб навучыцца ткаць?

– Па-рознаму, таму што адны хутчэй схопліваюць навуку, другія – павольней. Каб навучыцца  правільна і самастойна ткаць, спатрэбіцца, напэўна, недзе  каля года. Ткаць можна  навучыць любога чалавека, проста першы час ім трэба крыху “пакіраваць”,  паказваючы,  што неабходна рабіць,  як і ў якой паслядоўнасці.

Валяціна Гатоўчыц пераканана,  што ткацтва – унікальнае рамяство,  якое дазваляе ствараць новыя, прыгожыя, стыльныя рэчы. Раней ткацтва было для жанчыны нейкай рамантыкай, заняткам для душы, а цяпер – гэта яе любімая работа. Работа,  дзякуючы якой не згубяцца векавыя традыцыі,  не перарвецца духоўная повязь пакаленняў,  не будзе страчана багатая, адметная, самабытная і непаўторная спадчына, створаная нашымі продкамі. Гэтаму спрыяюць і заняткі ў гуртку “Ткалля” школы народнай творчасці Дарапеевіцкага Дома фальклору.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий