Актыўна супрацоўнічаць і пашыраць сувязі
У раённай гімназіі адбылася сустрэча старшакласнікаў са старшынёй Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алегам Якубчыкам і старшынёй маладзёжнага парламента пры Маларыцкім раённым Савеце дэпутатаў Валерыем Бурштынам.
Падчас мерапрыемства размова ішла аб тым, як пачыналася інтэграцыя Беларусі і Расіі, калі і кім быў падпісаны Дагавор аб супольнасці дзвюх краін. Алег Якубчык засяродзіў увагу прысутных на асноўных дакументах, якія адкрылі шлях для якасна новага ўзроўню яднання брацкіх краін і народаў і вызначылі канчатковую мэту інтэграцыі – стварэнне Саюзнай дзяржавы. Між іншым, Саюзны дагавор быў падпісаны 2 красавіка 1997 года. Гэтая дата і адзначаецца як Дзень яднання двух славянскіх народаў.
За гады існавання Саюзнай дзяржавы былі рэалізаваны і працягваюць ажыццяўляцца шматлікія праграмы. Найперш яны звязаны з навукай, абаронай, бяспекай і сацыяльнай сферай. Ёсць таксама распрацоўкі ў галіне энергетыкі, эканомікі, сельскай гаспадаркі. Сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй мацнеюць штогод, становяцца больш трывалымі. Маларытчына не стаіць убаку ад гэтага працэсу. Такое яднанне закладзена гістарычна, змацавана мноствам чалавечых лёсаў. Расіяне жывуць на Маларытчыне, а маларытчане – у Расіі. І там, і там людзі адчуваюць сябе камфортна, утульна, у бяспецы. Аб тым, што сувязі паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі пашыраюцца, мацнеюць, сведчыць і відэамост, які нядаўна адбыўся паміж кіраўніцтвам Маларыцкага раёна і адміністрацыяй Іркуцкага раёна Іркуцкай вобласці Расіі. Ён прайшоў па ініцыятыве грамадскай арганізацыі “Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі” і рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Іркуцкай вобласці “Беларусы Прыбайкалля”. Дарэчы, цяпер на тэрыторыі Іркуцкай вобласці пражывае каля 14 тысяч этнічных беларусаў, а ў кожнай пятай сям’і ёсць беларускія карані. Па словах Алега Якубчыка, падчас анлайн-сустрэчы абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве, у тым ліку – і ў сферы маладзёжнай палітыкі. Алег Пятровіч запрасіў старшакласнікаў раённай гімназіі да актыўнага супрацоўніцтва і ўдзелу ў пашырэнні сувязей з моладдзю Іркуцкага раёна. Каардынатарам гэтай справы ў нашым раёне з’яўляецца маладзёжны парламент пры Маларыцкім раённым Савеце дэпутатаў.
Напрыканцы сустрэчы старшыня раённага Савета дэпутатаў адказаў на пытанні старшакласнікаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.