Прызнаны талент

Падведзены вынікі твор­чых спаборніцтваў, у якіх актыўна бралі ўдзел вучні Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Удалым для іх стала выступленне на І  адкрытым рэгіянальным  мастацкім конкурсе “На Мышанцы” (г.Баранавічы). Узнагароды  творчага спаборніцтва атрымалі юныя мастакі Варвара Кардзялюк, Марыя Марчук і Мікалай Штунь (дыпломы лаўрэатаў І ступені), Кіра Кацярыніч і Яўген Кухцей (дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені).

За ўдзел у міжнародным конкурсе-фестывалі “Вецер перамен” (г.Санкт-Пецярбург) Ягор Бурштын і Максім Яварніцкі ўганараваны дыпломамі лаўрэатаў І ступені.

Юныя маларыцкія музыканты “ўзялі” ўзнагароды і на міжнародным  мнагажанравым  конкурсе “Веснавы настрой” (г.Масква): ансамбль “Авацыя” адзначаны дыпломам лаўрэата І ступені, дуэт Дзмітрыя Зай­цава і Наталлі Яромчанкі – дыпломам лаўрэата ІІ ступені, дуэт Ганны Штэфанавай і Крысціны Стрэха – дыпломам лаўрэата ІІІ ступені.

Юныя музыканты  здзіў­ляюць сваім талентам ужо і Еўропу. Пра гэта сведчаць узнагароды, атрыманыя, напрыклад,  на міжнародным замежным конкурсе-фес­тывалі “Open Sweden” (г.Стакгольм, Швецыя). Прафесійнае журы творчага спаборніцтва ўзнагародзіла дыпломамі лаўрэатаў І ступені дуэт Марыны Кібак і Кацярыны Мядзведзь, Іліяна Нургаліева і Дарафеі Новікавай, дыпломамі лаўрэатаў ІІ ступені – дуэт Міхаіла Галоўчыка і Карыны Міцук, а таксама выступленне Марка Пішчыка. Між  іншым, Марк яшчэ стаў уладальнікам дыплома лаўрэата І ступені на ІV міжнародным конкурсе-фестывалі вакальнай і інст­рументальнай творчасці “На­тхненне роднага краю”  (г.Барысаў).

Дыпломам лаўрэата І сту­пені адзначана конкурсная работа народнага аркестра народных  інструментаў за ўдзел у міжнародным  замежным конкурсе-фестывалі “Art London fest” (г.Лондан, Вялікабрытанія). За ўдзел у ІІ міжнародным фестывалі “Musical star of Slovenia” (г. Жалец, Славенія) ды­пломамі лаўрэата  І ступені ўзнагароджаны Марк Пішчык і Данііл Шульга, дыпломамі лаўрэатаў ІІІ ступені  – Кацярына Кавальчук і Лізавета Патапчук.

Запамінальным стала выступленне маларытчан і на ІІ міжнародным конкурсе выканальніцкага мастацтва “Брава, маэстра!” (г.Масква). Журы  творчага спаборніцтва адзначыла дыпломамі лаў­рэатаў ІІ ступені дуэты Дзмітрыя Зайцава і Наталлі Яромчанкі, Крысціны Стрэха і Ганны Штэфанавай.

Яскрава на “Брава, маэстра!” выступіў і ўзорны дзіцячы баянны аркестр (кіраўнікі Вікторыя Багданава і Наталля Яромчанка), які за сваё выступленне атрымаў  дыплом лаўрэата І ступені. Гэта не першая высокая ўзнагарода калектыву. Ён ужо сем разоў  пацвярджаў званне “Узорны”. Гэта сведчыць пра традыцыйна высокі мастацкі, выканальніцкі і прафесійны ўзровень калектыву.

Арганізатарам, першым мастацкім кіраўніком аркестра была Валянціна Калоша. Яна ў 1989 годзе стварыла аркестр баяністаў і акардэаністаў. Ужо ў 1999 годзе калектыву прысвоена званне “Узорны”. З лістапада 2010 года ім кіравала Наталля Яромчанка. У 2015 годзе баянны аркестр узначальвалі дырэктар школы мастацтваў Ірына Пятрухіна і выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вікторыя Багданава. З прыходам Вікторыі Сяргееўны калектыў не спыніўся ў раз­віцці.

Іграць ва ўзорным дзі­цячым баянным аркестры прэстыжна і ганарова.  Пад­час яго выступлення ўдзельнікі іграюць на баянах,  акардэонах,  клавішных інструментах, гітарах,  шума­вых інструментах, ударнай устаноўцы, бас-гітары. Калектыў, у якім у асноўнай групе цяпер 21 вучань трэцяга-сёмага гадоў навучання,  скрупулёзна працуе над вывучэннем кожнай партыі, пастаянна ўдасканальвае тэхніку ігры. Каб не зніжаўся прафесійны ўзровень, высокая творчая планка, у калектыва ёсць і  малодшая група, у якой іграе 10 вучняў. Для ўдзельнікаў узорнага дзіцячага баяннага аркестра галоўным з’яўляецца вынік, а ён найперш заключаецца ў канцэртнай дзейнасці. Калектыў пастаянна абнаўляе свой творчы рэпертуар. Цяпер узорны дзіцячы баянны аркестр мае стабільную канцэртную праграму,  якая адпавядае высокаму мастацкаму ўзроўню.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий