Ланцужок сямейнай працавітасці

Сучасныя будынкі, магутная тэхніка, багацце тавараў на паліцах магазінаў, дасягненні навукі і медыцыны – усё гэта вынік працы людзей. Нездарма кажуць: праца на зямлі ўсяму аснова. І гэтая аснова закладваецца ўмелымі рукамі чалавека, яго стараннасцю, ахвяраваннем, карпатлівасцю і адданасцю справе.

“Чалавек працы” – менавіта такую назву набыла акцыя, ініцыятарам якой выступіла летась, напярэдадні Першамая, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонда міру Людміла Бурштын. Ідэю ўшанавання лепшых работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна падтрымала ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні Маларыцкага райвыканкама. Добрую акцыю вырашылі зрабіць традыцыйнай. Вось і сёлета Людміла Віктараўна разам з намеснікам начальніка райсельгасхарчу Надзеяй Назарук напярэдадні Свята працы адправіліся з кветкамі і падарункамі да працаўнікоў сяла.

А сустрэцца на гэты раз вырашылі з сямейнай дынастыяй Лямачка з вёскі Дворышча.

У гэтай працавітай сям’і з сельскай гаспадаркай звязаны лёсы трох пакаленняў. З самай старэйшай у гэтай дынастыі – Марыяй Васільеўнай Лямачка, трыццаць гадоў жыцця якой прайшлі ў працы ў мясцовай гаспадарцы, дзе спачатку шчыравала яна паляводам,  а потым 20 гадоў – цялятніцай,  на жаль, сустрэцца не атрымалася,  а вось яе сын – Аляксандр Фёдаравіч з жонкай Аленай Іванаўнай, дачка Людміла Фёдараўна і ўнукі Максім і Яўген сабраліся ўсе разам,  каб пагутарыць з гасцямі.

За сумленную працу, за любоў і да сваёй справы, і ў цэлым да роднай зямлі, на якой выраслі і за якую трывала трымаюцца сваімі каранямі, за адказнасць і працавітасць Людміла Віктараўна, Надзея Рыгораўна і намеснік дырэктара СУП “Савушкіна” Іван Мелянчук падзякавалі сям’і Лямачкаў. Пагутарылі пра справы,  у цэлым пра вясковае жыццё,  якое праходзіць у прывычным для вяскоўцаў вірлівым рытме.

Алена Іванаўна і Людміла Фёда­раўна з цеплынёй і любоўю расказ­валі пра сваіх гадаванцаў. Абе­дз­ве яны працуюць на ферме дарошчвання, даглядаюць маленькіх цялятак ад нараджэння да трох месяцаў. Алена Іванаўна ў жывё­лагадоўлі працуе ўжо 25 гадоў, першыя ўрокі на цялятніку давала ёй свякроў Марыя Васільеўна, ад яе прыняла нявестка і першую групу цялят. За сваіх гадаванцаў, як расказвае жывёлавод, заўжды вельмі хвалюецца. Думае пра іх і ў выхадныя, і ў водпуску. Вось і цяпер у яе адпускны адпачынак,  але на падмене працуе сястра мужа – Людміла Аўдзяюк,  якая ў гаспадарцы шчыруе ўжо 36 гадоў, таму ведае Алена Іванаўна,  што яе цяляткі, а ў групе іх 100, у надзейных руках. Дарэчы, Алена Лямачка за сваю старанную працу мае высокую ўзнагароду – медаль “За працоўныя заслугі”,  якую атрымала ў 2013 годзе.

Заўжды ў ліку перадавікоў і яе муж,  Аляксандр Фёдаравіч. У гаспадарцы працуе ён ужо больш за 30 гадоў. Прыклад з бацькі ўзялі сыны: Максім – інжынер па працаёмкіх працэсах, Яўген – трактарыст-ма­шыніст. Абодва ўпэўнена сцвярджаюць: ім падабаецца сельскае жыццё, любяць сваю вёску і працу на зямлі лічаць самай важнай. А гэта значыць,  што хлопцам у спадчыну дастаўся ген працавітасці.

Больш бы ў вёсках раёна такіх вось добрых дынастый, бо менавіта на працавітых людзях трымаецца сельская гаспадарка, ад вынікаў працы якой залежыць харчовая бяспека краіны.

Святлана МАКСІМУК.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий