Вiражы лёсу Наталлi Асiпук
У пачатку красавіка на ўшанаваннi пераможцаў штогадовага абласнога спаборнiцтва за дасягненне высокiх паказчыкаў у вытворчасцi прадукцыi жывёлагадоўлi ў 2021 годзе гэтая сцiплая i працавiтая жанчына з ААТ «Макраны» за шматгадовую плённую i добрасумленную працу ў сiстэме АПК i дасягненне высокiх паказчыкаў у галiне жывёлагадоўлi была адзначана Падзякай Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Рэспублiкi Беларусь.
А паказчыкаў аператар машыннага даення кароў з фермы Ляхаўцы-2 ААТ «Макраны» Наталля Асiпук i сапраўды дасягнула важкiх. Валавая вытворчасць малака па яе групе (абслугоўвае жанчына 46 кароў) склала 265,4 тоны малака, што на 5,2 працэнта больш, чым у 2020 годзе. На 287 кiлаграмаў вырасла i прадуктыўнасць кароў. У 2021 годзе руплiвая даярка надаiла ад кожнай рагулi па 5770 кiлаграмаў малака. За гэта, а таксама за працавiтасць i вялiкую адказнасць за выконваемую работу i атрымала высокую ўзнагароду, якую ўручыў Мiнiстр сельскай гаспадаркi i харчавання Рэспублiкi Беларусь Iгар Брыло.
Яна вельмi хвалявалася, калi разам з прадстаўнiкамi iншых сельгаспрадпрыемстваў вобласці падымалася на сцэну Кобрынскага Дома культуры, дзе праходзiла ўшанаванне лепшых з лепшых жывёлаводаў, спецыялiстаў галiны, кiраўнiкоў гаспадарак. Сцiплая ад прыроды, невысокая і худзенькая, яна куды лепш адчувае сябе на ферме, у звыклай працоўнай абстаноўцы. А тут такая ўвага! Столькі цёплых і прыемных слоў і ў яе адрас таксама. Цi думала яна калi пра такiя ўвагу i пашану? Няхай i не кожны дзень, а толькi аднойчы.
Вядома ж, не. Як i даяркай не збiралася быць. Пра гэта яе прасiла яшчэ ў дзяцiнстве мацi, якая сама ўсё жыццё адпрацавала на ферме i не па чутках ведала, якая гэта цяжкая работа.Таму i не жадала сваёй малодшанькай, якую часта брала з сабой, такой нялёгкай долi. Гэта зараз працаваць на ферме стала значна лягчэй, а ў той час жанчынам i кармы каровам раздаваць даводзiлася ўручную, i цяжкiя бiдоны з малаком насіць.
Дзяўчына з вёскi Шылiн Бярозаўскага раёна паслухала мацi. I пасля заканчэння дзесяцiгодкi паехала ў Баранавiчы вучыцца на кандытара. Пасля атрымання дыплома, была накiравана на работу ў Маларыту. Працаваць у кандытарскім цэху ў белым халаце, дзе заўсёды стаяў такi апетытны водар выпякаемых булачак, кексаў,тартоў, Наталлi вельмi падабалася. Тым больш, што прадукцыя мясцовых кандытараў раскуплялася на «ўра». Толькi на СПТВ-11, успамiнае Наталля Iванаўна, выпякалi 1000 булачак. Але ад лёсу, як гавораць, не ўцячэш.
Падчас работы ў кандытарскiм цэху дзяўчына пазнаёмiлася з Валерыем Асiпуком, якi працаваў вадзiцелем у райспажыўтаварыстве. Менавiта гэты хлопец з вёскі Ляхаўцы і стаў яе другой палавiнкай і спадарожнiкам на ўсё жыццё. А яшчэ – кардынальна змянiў, калi можна так сказаць, жыццё жанчыны. Пасля вяселля Наталля пераехала жыць да бацькоў мужа ў Ляхаўцы. Пэўны час маладая жанчына яшчэ працавала ў кандытарскiм цэху. Хоць і няпроста было штодзённа дабірацца ў Маларыту, асаблiва калi ў маладой сям’і нарадзiлiся дзецi. Добра, што на першым часе выхоўваць iх дапамагалi бацькi мужа, за што Наталля iм i сёння ўдзячна. Аднак доўга жыць i працаваць у такiм напружаным рытме было цяжка, таму яна вырашыла ўладкавацца на работу ў мясцовы калгас.Некаторы час працавала на зернескладзе. А пасля – згадзілася пайсцi на ферму.
Чаму? Як успамiнае сёння той час жанчына, кiраўнiцтва гаспадаркi паставiла яе перад выбарам: калi хочаш атрымаць калгасны дом (а яна з мужам і дзецьмi на той час больш за дзесяць гадоў жыла са свёкрам и свекрывёй), iдзi працаваць даяркай. Яна згадзiлася i стала гаспадыняй у доме, якi ёй выдзелiла сельгаспрадпрыемства.
З той пары мiнула ўжо 13 гадоў. Многае змянiлася за гэты час у жыццi наогул i ў яе асабiстым таксама. Дзецi выраслi. Сын Вадзiм жыве і працуе ў Макранах, дачка Вольга – амаль па суседству – у Ляхаўцах. Наталля Iванаўна мае чатырох унучак. І пашаны дабілася сваёй працавiтасцю. Гэта – набыткi. Сярод страт – смерць мужа, якога не стала не так даўно. А гэта значыць, што на яе кволыя плечы акрамя работы на ферме і стварэння ўтульнасцi ў доме, якi даўно патрабуе капiтальнага рамонту, цяпер легла i ўся мужчынская работа. Дзецi, вядома ж, дапамогуць. Але ж у кожнага з iх свае сем’i i хатняя гаспадарка. А зараз i бульбу насенную перабiраць трэба, і садзiць яе. Раней гэтым больш муж займаўся, яна ж толькi дапамагала. Але жанчына не апускае рукi. «Усё зробiцца», – гаворыць яна. I я з ёй згодна. Праца не толькi дапамагае перанесцi жыццёвыя нягоды, але i робiць чалавека прыгажэйшым. Такiм, як Наталля Асiпук, якая і ў святы, і ў будні рупіцца на ферме. А ў выхадныя – на прысядзібнай гаспадарцы: каб у двары было чыста, а вакол дома з ранняй вясны да позняй восені цвілі кветкі. Упэўнена, што і Дзень працы яна адзначыць, як сапраўдная працаўніца.
Надзея ЯЦУРА.
Фота Алега Крэмянеўскага.