Новы дуб у алеі памяці

Па ініцыятыве пракуратуры раёна ў гонар стагоддзя з дня ўтварэння органаў пракуратуры было вырашана пасадзіць памятнае дрэва – дуб чырвоналісты. Добрую справу работнікаў пракуратуры падтрымалі супрацоўнікі Маларыцкага раённага аддзела Следчага камітэта, а таксама  прадстаўнікі  ваеннага камісарыята Маларыцкага раёна, РАУС Маларыцкага райвыканкама, Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях,  вучні 11 “Б” класа і настаўнікі раённай гімназіі, работнікі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.

Пасадзіць дрэва было вырашана у алеі памяці “Абаронцам Радзімы”.

Дарэчы, гэтая алея была закладзена восенню 2019 года на тэрыторыі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна (з боку вуліцы Паўднёвая) у гонар тых, хто раней працаваў у сілавых структурах раёна. Ініцыятарам гэтай справы тады выступіў ветэран Міністэрства ўнутраных спраў, былы намеснік начальніка РАУС Мікалай Сацюк пры падтрымцы намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню раённага аддзела ўнутраных спраў Маларыцкага райвыканкама Таццяны Дэнэка. У алеі было высаджана некалькі дубкоў сіламі ветэранаў сілавых структур і супрацоўнікаў РАУС Маларыцкага райвыканкама. У 2021 годзе ў ёй з’явіліся імянныя дубкі, высаджаныя супрацоўнікамі Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях,  пагранічнай камендатуры “Маларыта” і ваеннага камісарыята Маларыцкага раёна. Паколькі 100-годдзе органаў пракуратуры – падзея знакавая, дрэва ў гонар яе таксама было вырашана пасадзіць на алеі памяці “Абаронцам Радзімы”. 

На пачатку пасадкі дрэў да прысутных звярнуўся пракурор раёна Фёдар Міховіч. Ён сказаў аб тым, што 26 чэрвеня 2022 года ў Беларусі будзе адзначацца стагоддзе з дня ўтварэння органаў пракуратуры. Юбіленую дату вырашылі адзначыць пасадкай дуба. Ён будзе напамінаць жыхарам Маларытчыны  пра памятную дату ў жыцці як пракуратуры раёна і рэспублікі, так і пра тых, хто стаяў на варце парадку. Гэта яшчэ і памяць пра тых,  хто праявіў мужнасць, гераізм,  хто аддаў сваё жыццё дзеля таго,  каб мы змаглі жыць на сваёй зямлі ў міры,  ладзе і згодзе ў вольнай і незалежнай краіне. Гэтую памяць неабходна захаваць для  будучых пакаленняў. 

Пра ўвекавечванне памяці тых,  хто захоўваў правапарадак і законнасць на тэрыторыі раёна, гаварыла намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Таццяна Дэнэка, а таксама – Мікалай Сацюк.

Цяпер на алеі памяці сілавых структур “Абаронцам Радзімы”  расце 28 дубкоў двух  відаў – звычайны і чырваналісты. Плануецца, што догляд за імі будуць  ажыццяўляць  вучні раённай гімназіі і работнікі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.

Па словах Мікалая Сацюка, ля кожнага пасаджанага дубка з’явяцца  таблічкі з імёнамі былых работнікаў адпаведных сілавых структур. Таксама плануецца, што будзе выраблена і ўсталявана шыльда з назваю алеі.

– Мікалай Мікалаевіч, чаму для пасадкі ў алеі памяці было выбрана дрэва дуба? – цікаўлюся я.

– Дуб выбраны не выпадкова. Ён з’яўляецца энергетычным донарам. Пры прамым кантакце з дубам чалавек атрымлівае максімальна магчымую колькасць жыццёвай энергіі. Гэтае дрэва сімвалізуе моц, сілу, мужнасць і стойкасць, таму ўяўляўся нашым продкам своеасаблівай сусветнай воссю,  вакол якой рухаецца не толькі Зямля,  але і ўвесь Сусвет. Моц драўніны дуба спрыяла таму,  што ён стаў сімвалам бессмяротнасці і даўгалецця. А яшчэ таму, што дуб можа дажыць да 2000 гадоў, але звычайна жыве 300-400 гадоў. Не будзе нас на Зямлі, аднак застанецца памяць.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий