Дайшоў да Берліна
Амаль восем дзясяткаў гадоў прайшло з таго часу, калі па беларускай зямлі чорнай навалай пракацілася Вялікая Айчынная вайна, пакінуўшы страшэнны след у лёсах усіх нашых землякоў. Трагічнасць была аднолькавая, пры гэтым боль у кожнага свой. Відавочна, сёння ўсё менш застаецца нашых суайчыннікаў, што перажылі ваеннае ліхалецце. На жаль, большасць сведкаў тых падзей завяршылі свой жыццёвы шлях. Але іх гісторыі запісаны і беражліва захоўваюцца ў тым ліку і ў гісторыка-краязнаўчым музеі ДзУА “Олтушская сярэдняя школа”. Сёння мы прадстаўляем чытачам адзін з першых запісаных мною і вучнямі аповедаў ветэрана Івана Афанасьевіча Абрамчука. Наша з ім сустрэча адбылася ў 2005 годзе.
Нарадзіўся ён 12 кастрычніка 1923 г. на хутары Цэтылле. Як большасць людзей таго часу, змалку быў прывучаны да працы. Здзівіла, як Іван Афанасьевіч апісваў гаспадарку сваіх бацькоў. Ён казаў, што па тых часах яна была невялікая: 10 кароў, конь, некалькі дзясяткаў авечак, некалькі свіней і птушкі. Дарэчы, менавіта за гаспадарчымі клопатамі яго і застала вайна.
“22 чэрвеня мы з сябрамі вельмі рана прачнуліся, пабеглі качак лавіць і пачулі гул матораў, потым даведаліся, што гэта былі нямецкія самалёты. Апоўдні таго ж дня праз Олтуш (суседнюю вёску) прайшлі немцы”.
Усё было, як у кашмары: смерці знаёмых, вываз моладзі ў Германію, пастаянны страх за сваю сям’ю. У 1943 годзе на Маларытчыне шырока разгарнуўся партызанскі рух, былі сфарміраваны атрады імя Варашылава і імя Жукава. Жыхары хутара Цэтылле на працягу 1943-1944 гг. хавалі групу партызан атрада імя Варашылава, якая ажыццяўляла дыверсіі на чыгунцы. Тады мы задалі пытанне Івану Афанасьевічу, ці ведалі жыхары Цэтылля, што ім пагражала, калі б немцы даведаліся пра гэта? Тады ён адказаў: “Хутчэй за ўсё немцы спалілі б хутар з жыхарамі, мы гэта разумелі, але паступіць інакш не маглі.”
У жніўні 1944 г. Іван Афанасьевіч быў залічаны радавым у пяхотныя войскі Савецкай арміі. Свой першы бой прыняў у Прыбалтыцы, дзе ваяваў тры месяцы. Ветэран адзначаў, што баі там былі вельмі цяжкія, многія таварышы назаўсёды засталіся ў латвійскай зямлі. Вельмі цяжка было распазнаць ворага, так як шмат хто з мясцовага насельніцтва ваяваў за фашысцкую Германію. Звычайнай справай магла стаць куля ў спіну.
У Прыбалтыцы Івана Афанасьевіча ў многім выратавала ўменне арыентавацца ў лесе, так як ваяваць даводзілася на мясцовасці, якая была падобна да нашай. Лес Іван Афанасьевіч любіў з дзяцінства. Увогуле ён быў асаблівай каштоўнасцю для пакалення маларытчан, чыё дзяцінства прайшло ў 1920-1930-х гадах, так як большая частка лясных угоддзяў была «панскай» у тыя часы.
Іван Афанасьевіч прайшоў праз усю Польшчу і Германію. На пытанне, які бой лічыць найбольш важным, амаль не задумваючыся, адказаў: “Узяцце Берліна”. Гэта была самая жаданая і цяжкая мэта для кожнага савецкага воіна. На вуліцах Берліна наш зямляк змагаўся 10,5 сутак. Да рэйхстага не дайшоў усяго 800 метраў, атрымаў цяжкае раненне. А менавіта воіны палка, у якім служыў Іван Афанасьевіч, узнялі савецкі сцяг над рэйхстагам.
У 1949 г. Іван Афанасьевіч вярнуўся дадому, адслужыўшы ў Германіі 4 гады. І амаль адразу быў накіраваны ў Сібір займацца нарыхтоўкай лесу. Калі вярнуўся на радзіму, доўгі час быў ляснічым.
У 1985 г. Іван Афанасьевіч Абрамчук быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У красавіку 2005 г. адбылася наша сустрэча. У жніўні таго ж 2005 г. Івана Афанасьевіча не стала, але яго ўспаміны, як і ўспаміны іншых ураджэнцаў олтушскай зямлі, з гонарам пераказваюць вучням і гасцям музея.
Кацярына Алесік.