“Гэта патрэбна не мёртвым, гэта патрэбна жывым…”
Насычаным і яркім сярод чарады разнастайных мерапрыемстваў стаў для вучняў 7-8 класаў Олтушскай СШ спецыяльна падрыхтаваны для іх урок памяці, на які завіталі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава і старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык.
Урок прайшоў у форме цёплых зносін дзяцей і дарослых. Тамара Анатольеўна акцэнтавала ўвагу ўсіх прысутных, што вайна стала трагедыяй не толькі для тых, хто пайшоў на фронт, але і для мірных жыхароў, дзетак, людзей рознага ўзросту, якія гінулі ад рук бязлітаснага ворага. Сенатар адзначыла, што Беларусь панесла самыя вялікія страты ў гэтую вайну і ўнесла велізарны ўклад у Перамогу. Алег Пятровіч выказаў свае меркаванні наконт таго, наколькі нам важна берагчы памяць пра вайну, бо ад гэтага ў многім залежыць мір у краіне і ў свеце. Звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў і да сучаснай сітуацыі ў суседніх краінах, дзе сёння імкнуцца перапісаць гісторыю гэтай трагедыі. А значыць асаблівая ўвага сёння павінна быць да захавання гістарычнай памяці для будучых пакаленняў. Алег Пятровіч са шкадаваннем гаварыў аб тым, што колькасць ветэранаў і відавочцаў гэтай вайны змяншаецца, заклікаў збіраць усю магчымую інфармацыю, каб подзвіг кожнага жыў у памяці наступных пакаленняў. Госці таксама з цікавасцю паслухалі гісторыі дзяцей і настаўнікаў школы пра сваіх прабабуль і прадзядуль, якія сталі ахвярамі вайны.
У рамках святкавання Дня Перамогі вучні 7-8 класаў традыцыйна наведалі Брэсцкую крэпасць-герой і пабывалі на экскурсіі ў музеі “Музей вайны – тэрыторыя міру”. Як і многія дзеці нашага раёна, яны пабывалі ў Маларыцкай ЦРБ на выставе “Без сроку даўніны”, якая прысвечана генацыду беларускага народа ў гады вайны. Пацвярджэннем дакументальных фактаў, прадстаўленых на выставе, стала наведванне дзецьмі вёскі Боркі, якая была знішчана фашыстамі ў 1942 годзе. Дзіцячыя эмоцыі, перажытыя падчас гэтай экскурсіі, цяжка перадаць словамі: разам са сваімі класнымі кіраўнікамі вучні прайшлі той дарогай, тым апошнім шляхам расстраляных жыхароў з вёскі на могілкі, пастаялі ў хвіліне маўчання на брацкай магіле, усклалі кветкі.
Вучні не засталіся ўбаку і ад аб’яўленай сёлета акцыі “Героі маёй сям’і”. У рамках гэтай акцыі прайшлі класныя гадзіны “Вайна ў гісторыі маёй сям’і”, дзе вучні актыўна і з асаблівым гонарам абменьваліся інфармацыяй пра сваіх родзічаў, чый лёс быў звязаны з вайной. Пры падрыхтоўцы многія з вучняў звярталіся па інфармацыю да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў, а дапамогу ў гэтым ім аказваў кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Аляксандр Пятровіч Пацяюк. Лагічным працягам ушанавання памяці людзей, якія загінулі ў гады вайны, стаў працоўны дэсант па навядзенні парадку на брацкіх магілах і ля помнікаў.
Ірына Каралюк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.