НА АСОБЫМ КАНТРОЛІ

аддача ад ферм, пабудаваных згодна з Указам Прэзідэнта

У малочную вытворчасць у апошнія гады ўкладзена нямала дзяржаўных сродкаў. Пабудаваны новыя, з сучаснымі тэхналогіямі, ­ рэканструяваны і мадэрнізаваны старыя фермы. А вось што змянілася, якую аддачу яны даюць? Гэтай тэме быў прысвечаны семінар-нарада па ўкараненню інтэнсіўных тэхналогій, удзельнікамі якога былі кіраўнікі і спецыялісты аблсельгасхарчу, начальнікі райсельгасхарчаў вобласці, кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы гаспадарак Маларыцкага і Брэсцкага раёнаў. Гэтыя рэгіёны – лідары вобласці ў вытворчасці малака.
База семінара абрана невыпадкова – прыватнае прадпрыемства “Савушкіна”, дзе завяршаецца сёлета будаўніцтва самага буйнога ў Беларусі комплексу па вытворчасці малака на 3 тысячы кароў. Дарэчы, аналаг яму, дзе ўстаноўлена даільнае абсталяванне — карусель фірмы “Вестфалія” на 80 кароў, адзіны ў Еўропе – у Заходняй Германіі. “Савушкіна” сёння – прадпрыемства, якое хутка развіваецца, тут асвоены і асвойваюцца новыя падыходы ва ўпраўленні, у новых тэхналогіях. Летась у “Савушкіна” ад рэалізацыі прадукцыі атрымана 68,5 мільярда рублёў, 17,5 мільярда склаў прыбытак, 41% — рэнтабельнасць продажу. Гэтыя і іншыя лічбы ўражваюць. У чэрвені 2013 г. будзе здадзены другі пускавы аб’ект другой чаргі новай Дварышчанскай фермы, дзе пабывалі ўдзельнікі семінара. І з гэтага часу, як гаварыў дырэктар прадпрыемства Пётр Яцура, новыя тэхналогіі павінны запрацаваць на поўную сілу.
Аднак, як прагучала на семінары, не ўсе фермы з сучаснымі тэхналогіямі, даюць належную аддачу. Гэта высветліў маніторынг сельгаспрадпрыемстваў, у час якога спецыялісты аблсельгасхарчу выявілі недахопы, якіх не павінна быць. Часта гэта неарганізаванае дыферэнцыраванае кармленне дойных кароў, грубыя парушэнні ў камп’ютарным упраўленні статкам, скучанасць ва ўтрыманні маладняку, парушэнні ў тэхналогіі даення. Начальнік аддзела ветэрынарыі аблсельгасхарчу Віктар Карповіч звярнуў увагу калег на тое, што трэба зрабіць усё для таго, каб цялё нараджалася здаровым. Выпойваць яго трэба толькі пастэрызаваным малаком, для чаго ў кожнай гаспадарцы неабходна мець пастэрызатары. Узровень кармлення жывёлы, як адзначаў Віктар Антонавіч, таксама трэба мяняць. Таму сёлета ў вобласці будзе ўведзена новая сістэма ацэнкі работ па нарыхтоўцы кармоў.

(Заканчэнне. Пачатак на1-й стар.).
У час падвядзення вынікаў работы ў жывёлагадоўлі Маларыцкага і Брэсцкага раёнаў намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі заслухаў тлумачэнні начальнікаў райсельгасхарчаў і кіраўнікоў тых прадпрыемстваў, дзе на новых фермах выяўлена найбольш недахопаў у час маніторынгу, дзе яшчэ засталіся старыя падыходы ў арганізацыі работ.
— Фермы, пабудаваныя згодна з Указам Прэзідэнта, — сёння на асобым кантролі, — гаварыў Якаў Адамавіч. – І аддача ад іх павінна быць належнай. Інакш навошта затрачваць сродкі?
— Асноўная праблема – у здароўі жывёлін, у жаданні кіраўніка гаспадаркі навесці тут парадак! А здароўе – гэта аснова якасці малака. Ад яго і колькасць таксама залежыць, — адзначыў Якаў Адамавіч. – Зладжаная сістэма работы павінна быць на кожнай ферме. Тады будзе вынік.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час наведвання новай Дварышчанскай фермы прыватнага прадпрыемства “Савушкіна”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!