Сто дарог, знайдзі сваю
У Маларыцкай раённай гімназіі прайшла дэкада прафарыентацыі “Выбраць прафесію – выбраць лёс”. Асноўнай яе мэтай было паглыбленне ведаў вучняў пра розныя прафесіі, дапамога ім зарыентавацца і вызначыцца з будучай прафесіяй. Сапраўды, каб кожны дзень з радасцю і задавальненнем хадзіць на працу, неабходна знайсці сабе такую справу па душы, абраць такую прафесію, каб яна прыносіла радасць.
Падчас дэкады прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі ва ўстановы, арганізацыі. Напрыклад, вучні 8 “А” класа (класны кіраўнік Алена Саўчук) наведалі аддзел ЗАГСа Маларыцкага райвыканкама. Запамінальнай атрымалася экскурсія і для вучняў 7 “А” класа (класны кіраўнік Ала Грыцэнка), 7 “Б” класа (класны кіраўнік Святлана Пуціна) і 7 “В” класа (класны кіраўнік Наталля Гардынец) на ўчастках па сартаванні другаснай сыравіны Маларыцкай ЖКГ.
Вучні 10 “А” класа пабывалі ў раённай бібліятэцы. Падчас мерапрыемства “Ствары сваю будучыню” пра асаблівасці сваёй прафесіі ім расказалі загадчыца аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Валянціна Ібрагімава, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіна Кучына, метадыст Маларыцкага раённага метадычнага цэнтра культурна-асветніцкай работы Яўгенія Наўрасюк. Выступоўцы расказалі пра найбольш запатрабаваныя на сённяшні дзень прафесіі, звярнулі асаблівую ўвагу на прафесію бібліятэкара і метадыста ў сферы культуры.
Са старшакласнікамі ўстановы адукацыі сустракаліся прадстаўнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Уладзімір Яцына, а таксама адказны сакратар прыёмнай камісіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Таццяна Дзямчук. З іх выступлення дзяўчаты і юнакі даведаліся пра шматпрофільнасць і шматузроўневасць адукацыі ва ўніверсітэтах, пра этапы ўступнай кампаніі і формы навучання, пра спецыяльнасці, якія можна набыць у ВНУ.
Падчас дэкады для вучняў пачатковых класаў прайшлі сустрэчы-класныя гадзіны “Прафесіі знаёмыя і незнаёмыя”. Да вучняў 1 “А” класа (класны кіраўнік Ала Пятрова), напрыклад, у госці завіталі іх бацькі. Цікава расказвалі пра тое, чым займаюцца, бацька Ільі Раманко (клірык храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы Маларыты іерэй Сергій Раманко) і Марыі Якубчык (старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык).
Напрыканцы сустрэчы госці адказалі на пытанні першакласнікаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.