Парадна-цырыманіяльная каманда “Каскад” узнагароджана дыпломам І ступені

Парадна-цырыманіяльная каманда “Каскад” раённай гімназіі ў складзе пяцікласніц Арыны Бурштын, Анастасіі Алексяюк, Кацярыны Кавальчук,  васьмікласніц Анастасіі Кашэпы, Ганны Пракапук, Марыі Лямачкі, дзевяцікласніц Вікторыі Заляшчук, Лізаветы Пісаравай, Дар’і Кузьміч, Улады Каласун, дзесяцікласніц Анастасіі Ляўчук, Маргарыты Федарук, Анастасіі Гірылюк, Анастасіі Серады,  Лізаветы Бурды,  Веранікі Чуль прыняла ўдзел у І абласным  фестывалі-конкурсе “У адзіным рытме”, які быў  прысвечаны  Году гістарычнай памяці. У намінацыі “Плац-канцэрт” парадна-цырыманіяльная каманда “Каскад” узнагароджана дыпломам І ступені.

‒На суд журы мы прадставілі яркае і незабываевае выступленне, ‒ гаворыць кіраўнік каманды педагог-арганізатар Вольга Махнавец. ‒ Наогул, плац-канцэрт – гэта выкананне страявых практыкаванняў пад музыку маршаў на  аглядзе войск, ваенным парадзе. За тымі прыгожымі і зладжанымі рухамі, якія мы прадэманстравалі падчас свайго выступлення, не адзін дзень  упартай і крапатлівай падрыхтоўкі, асноўная мэта якой ‒ навучыцца рухацца кожнаму з каманды як адзінае і непадзельнае цэлае. Адзін няўдалы рух ‒ і фігура ўміг губляе свой шарм і непаўторнасць.

Па ўмовах фестывалю-конкурсу паказальнае выступленне павінна было працягвацца не больш за тры хвіліны. Кампетэнтнае журы  вызначала пераможцаў на некалькіх крытэрыях.  Яно ўлічвала страявую падрыхтоўку (злажанасць, уменне ўдзельнікаў дакладна, аднолькава і ўзгоднена дзейнічаць у складзе каманды), складанасць і разнастайнасць элементаў, перастраенне, павароты  на месцы, у руху, дакладнасць танцавальных малюнкаў. Таксама ўвага звярталася на сінхроннасць і арыгінальнасць выканання элементаў страявой падрыхтоўкі, дынаміку, сучаснасць, экспрэсіўнасць, энергічнасць, драматургію паказальнага выступлення, мастацкую трактоўку музычнага твора.  

Між іншым, атрыманая ўзнагарода – не першая ў скарбонцы дасягненняў парадна-цырыманіяльнай каманды “Каскад”. Яна з’яўляецца ўладальніцай узнагарод, атрыманых, напрыклад, на абласным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!” (намінацыя “Плац-канцэрт”), рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Агеньчык запрашае сяброў” ва ўзроставай катэгорыі “Іскрынкі” ў намінацыі «Агляд-конкурс “Плац-канцэрт”» і інш.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

На здымку: парадна-цырыманіяльная каманда раённай гімназіі “Каскад”.

Фота аўтара.

 

 

Поделиться:
  • 2
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий