Дакрануцца да дзіцячай душы

Кацярына Каральчук – цяпер адзін са старэйшых педагогаў Маларытчыны. Яна ўжо амаль 46 гадоў выкладае матэматыку ў адной і той жа ўстанове адукацыі – у Чарнянскай СШ. За гэты час Кацярына Андрэеўна выпрацавала свой стыль, методыку выкладання. Настаўнік мае ўласную педагагічную філасофію, якой кіруецца ўжо не адзін год.

– Праз пэўны час працы ў школе, – гаворыць Кацярына Каральчук, – да мяне прыйшло ўсведамленне таго, што педагогам нельга нарадзіцца. Мне здаецца,  што дыплом аб заканчэнні  вучобы ва ўстанове адукацыі – гэта яшчэ не паказчык  высокага прафесіяналізму спецыяліста. Гісторыя,  напэўна,  не ведае ні аднаго педагога, які б стаў мэтрам педагогікі пасля, скажам, двух-трох гадоў працы ў школе. Да вяршынь майстэрства неабходна мэтанакіравана і старанна ісці не адзін год, часам пераадольваючы пэўныя перашкоды,  якія могуць узнікнуць. Педагогам з вялікай літары можна стаць толькі тады,  калі пастаянна займаешся самаадукацыяй, самавыхаваннем,  штодзень удасканальваючы  сваё майстэрства, пераймаючы вопыт калег.

Кацярына Каральчук з ахвотаю расказвае пра свой шлях у педагогі.

Нарадзілася яна ў сялянскай сям’і ў вёсцы Полікі. Была старэйшым дзіцём у бацькоў. З маленства любіла гуляць у школу, дзе сяброўку Веру пастаянна вучыла матэматыцы.

Матэматыку ў школе вельмі любіла. Бывала,  у выхадныя дні сябры клікалі на вуліцу пагуляць, а я ж аднеквалася, казала, што ёсць вельмі важная справа, якую патрэбна неадкладна вырашыць. Ведаеце, якая? Я сядала за стол і рашала задачы па матэматыцы! 

Канчаткова рашэнне стаць настаўнікам матэматыкі Кацярына Андрэеўна  прыняла ў 8 класе. Гэтаму спрыялі школьныя настаўнікі матэматыкі Якаў Бондар і Таццяна Селівончык.

– Безумоўна, яны аказалі вялікі ўплыў на выбар маёй жыццёвай дарогі, – кажа Кацярына Каральчук. – У першую чаргу мы арыентуемся на тых, хто побач, хто паўплывае на наша ўспрыманне жыцця, чые паводзіны, вопыт выклікаюць  добрую зайздрасць, хто з’яўляецца прыкладам. Мне хацелася быць падобнай на Якава Іванавіча і Таццяну Сямёнаўну. Гэтыя таленавітыя педагогі былі своеасаблівымі маякамі, якія  ўказвалі шлях. Таму пасля заканчэння Макранскай СШ у мяне быў толькі адзін шлях – у Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Памятала і словы маці, якая некалі сказала,  што трэба глядзець не на заробак. Неабходна ісці туды, куды кліча сэрца, бо ад правільнага выбару жыццёвай сцежкі залежыць шэсцьдзясят ці нават больш працэнтаў шчасця. Праца павінна прыносіць задавальненне.

У 1976 годзе пасля заканчэння аддзялення матэматыкі Кацярына Каральчук атрымала накіраванне на першае месца працы ў Чарнянскую СШ. Маладога педагога адразу “нагрузілі” гадзінамі матэматыкі і назначылі класным кіраўніком 10 класа, у якім навучалася  36  вучняў.

– Хацелася хутчэй прыступіць да працы,  – гаворыць Кацярына Андрэеўна. – Уяўляла, як апрануся на першавераснёўскую лінейку, як правяду першы ўрок,  што абавязкова скажу на класнай гадзіне сваім дзесяцікласнікам. Разам з тым трошкі і хвалявалася. Улічваючы невялікую розніцу ва ўзросце са сваім класам, трэба было з першага дня выпрацаваць правільную тактыку паводзін і паспрабаваць заваяваць аўтарытэт. Тут мне на дапамогу прыйшлі вопытныя калегі, якія падказвалі, раілі, давалі парады. Да іх заўсёды прыслухоўвалася.

Тады,  рыхтуючыся старанна да кожнага ўрока, думала, што чым больш раскажу па тэме ўрока, тым лепш вучні будуць ведаць мой прадмет. Аднак паступова прыйшла да пераканання, што гэта не так. Недзе прачытала, што вучань – гэта не чысты ліст паперы, на якім можна напісаць усё, што захоча настаўнік. Гэта найперш – факел, які трэба запаліць, дапамагчы  маленькай іскрынцы  загарэцца. Цяпер разумею, што вучняў неабходна зацікавіць, захапіць сваім прадметам. Гэта і ёсць своеасаблівы рухавік наперад.  Пазнанне навакольнага свету пачынаецца са здзіўлення.

– У Кацярыны Андрэеўны,  педагога творчага, ініцыятыўнага, адказнага, поўнага творчай энергіі, чулага, спа­гад­лівага, адразу ўсё стала атры­моў­вацца, – гаворыць дырэктар Чарнянскай СШ Жанна Рабчынская. – Яна  з першых дзён змагла зацікавіць вучняў не толькі агульнай справай, але і вывучэннем матэматыкі, здолела зрабіць урокі захапляльнымі і пазнавальнымі. Вучні сваю настаўніцу паважалі,  бацькі заўсёды выказвалі шчырыя словы ўдзячнасці. Вучыцца ў Кацярыны Каральчук было за гонар. Мне таксама пашанцавала, паколькі Кацярына Андрэеўна – мой класны кіраўнік і адзін з любімых школьных настаўнікаў. У нашым класе было 26 вучняў, непаседлівых, гаманлівых, са сваімі густамі, перакананнямі, поглядамі на жыццё. Кацярына Андрэеўна ўмела слухаць і чуць  нас, сваіх вучняў, змагла хутка знайсці да кожнага падыход, далікатна, тактоўна ўмела падбіраць ключыкі да кожнага дзіцячага сэрца, каб адкрыць яго ўнутраны свет і далучыць да агульначалавечых каштоўнасцей. Нам не было калі сумаваць з класным кіраўніком! Кацярына Андрэеўна, здаецца, жыла толькі  школай, сваім класам, імкнулася наша жыццё зрабіць цікавым,  разнастайным і насычаным. Яна сапраўды любіла кожнага з нас. Мы гэта адчувалі і адказвалі ёй узаемнасцю.

У Чарняны на працу Кацярына Каральчук ехала з думкай,  што тут надоўга не затрымаецца. Хацелася працаваць у роднай школе. Аднак жыццёвы лёс склаўся па-іншаму. Там яна сустрэла сваё каханне – мясцовага хлопца Мікалая Каральчука. Неўзабаве маладыя ўзялі шлюб, згулялі вяселле. Так Кацярына Андрэеўна  і засталася настаўнічаць у Чарнянскай СШ.

– Безумоўна, спачатку час ад часу ўзнікалі нейкія думкі змяніць месца жыхарства, – гаворыць Кацярына Каральчук. – Аднак калі  нарадзіліся дочкі Таццяна і Кацярына, перастала думаць пра пераезд.  Цяпер зусім аб гэтым  не шкадую. Мне тут, як кажуць, на кожным кроку камфортна і ўтульна. Ды і адчуваю ва ўсім падтрымку з боку мужа.  Дарэчы, ён працуе ў ААТ “Чарняны” шафёрам. Цяпер яшчэ радуюць унучкі,  таксама падтрымліваюць і дочкі.

Дарэчы, яны таксама пайшлі па слядах маці. Абедзве закончылі Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Таццяна Мікалаеўна цяпер працуе настаўнікам пачатковых класаў у адной з устаноў адукацыі Брэста.  Набыла педагагічную адукацыю і Кацярына Мікалаеўна.

– Кацярына Андрэеўна, амаль за 46 гадоў працы ў школе вы правялі шмат урокаў. А які з іх, на ваш погляд, стаў самым удалым?

– Я заўсёды імкнулася матываваць вучняў да вучобы. Свае ўрокі будую і спрабую правесці так, каб максімальна зацікавіць усіх вучняў,  зрабіць іх актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Хацелася, каб кожны  школьны занятак быў па-свойму цікавым, запамінальным і карысным. Здаецца, што свой лепшы урок я пакуль яшчэ  не правяла (усміхаецца).

– Вы ўжо на заслужаным адпачынку. Ці плануеце  працаваць яшчэ?

– Люблю сваю работу, таму яшчэ і працую, – гаворыць Кацярына Каральчук. – А чаму ж   не працаваць? Мне пашанцавала, што трапіла ў такі цудоўны калектыў.  А побач з вучнямі заўсёды адчуваю сябе маладой і шчаслівай. Праца ў школе надае стымул для жыцця.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 
Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий