Дапамагчы зрабіць выбар
Неўзабаве пачнецца ўступная кампанія. І ў Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці ўжо зараз жывуць ёй і праводзяць адпаведную работу.
– Каб выканаць план набору на бюджэтную форму навучання, у мінулыя гады мы арганізоўвалі рэгіянальную прома-акцыю “Будучыня краіны – у тваіх руках”, – гаворыць дырэктар Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Алена Талашка. – Ідэя правядзення акцыі з’явілася яшчэ ў 2012 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Станіслава Лешчука. Тады яна праходзіла на базе сельгаспрадпрыемства “Савушкіна”. Галоўная мэта гэтага штогадовага мерапрыемства – фарміраванне ў вучняў арыентацыі на працоўную дзейнасць, павышэнне прафесіянальнай і сацыяльнай актыўнасці вучняў у прафесійным самавызначэнні пры выхадзе на рынак працы. Іншымі словамі, мы імкнуліся паказаць старшакласнікам перавагі сельскагаспадарчых прафесій, выклікаць у іх цікавасць да непапулярных, на першы погляд, спецыяльнасцей. Прома-акцыі садзейнічалі стварэнню станоўчага іміджу рабочых прафесій, фарміраванню пазітыўнага вобразу чалавека працы. Мерапрыемства традыцыйна наведвалі вучні дзявятых класаў устаноў адукацыі Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, а таксама абласнога цэнтра. У гэтым навучальным годзе было прынята рашэнне змяніць яго фармат. З сакавіка ў нас праводзяцца прафарыентацыйныя прафесійныя суботы.
– Прафарыентацыя па суботах – важны накірунак работы, які ажыццяўляецца з улікам запытаў сучаснага рынку працы, запатрабаванасці прафесій і патрэб вучняў і іх бацькоў, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аксана Мірчук. – На нашых прафарыентацыйных прафесійных суботах ужо пабывалі, напрыклад, вучні старэйшых класаў СШ №1 і №2 г.Маларыты, СШ №14 г.Брэста, СШ №6 і №8 г.Кобрына.
У праграме правядзення прафарыентацыйных прафесійных субот “Зрабі выбар у прафесіі” запланавана шмат мерапрыемстваў. Падчас іх старшакласнікам прапаноўваецца экскурсія па вучэбным корпусе, азнаямленне са спартыўнай базай установы адукацыі (трэнажорнай і спартыўнымі заламі), майстар-класы “Электразваршчык ручной зваркі” і “Трактарыст-машыніст”. Вучні старэйшых класаў таксама наведваюць наш інтэрнат, актавую залу і бібліятэку ўстановы адукацыі, выставу тэхнічнай і інавацыйнай творчасці навучэнцаў, прысутнічаюць на выступленні агіттэатра “Аграрый”. Кожная прафарыентацыйная прафесійная субота для старшакласнікаў абавязкова завяршаецца ў сталовай установы адукацыі, дзе іх частуюць смачным абедам.
Прафарыентацыйная прафесійная субота “Зрабі выбар у прафесіі” дае магчымасць убачыць умовы для вучобы і адпачынку, што створаны ва ўстанове адукацыі для навучэнцаў. Падчас мерапрыемства старшакласнікі пераконваюцца, што ў прафліцэі ёсць выдатная база для набыцця прэстыжнай прафесіі.
Мікалай НАВУМЧЫК.