Кветкі для горада (фотарэпартаж)

Дзе цяпер у Маларыце можна ўбачыць у вялікай колькасці катарантусы, бягоніі, тарэніі, аксаміткі, сальвіі, газаніі, колевусы, вярбены, цынерарыі, вяргіні карлікавыя…? У цяпліцы Маларыцкай ЖКГ.

– Гэта наш своеасаблівы батанічны сад, – гаворыць майстар участка добраўпарадкавання прадпрыемства Вольга Аляксюк. – Асабліва ён прыгожы ў канцы мая – пачатку чэрвеня,  калі пачынаюць зацвітаць розныя кветкі, і тэрыторыя ўяўляе сабой рознакаляровы пахучы дыван.

У цяпліцы створаны ўсе належныя ўмовы для росту кветак. Тут ёсць ацяп­ленне і вада. Але галоўнае ў кветкавай справе – асаблівы догляд. Яго забяспечвае найперш Святлана Салавей. Штодзень жанчына шчыра завіхаецца над кветкамі. Святлана Васільеўна разумее,  што добрае іх самаадчуванне залежыць ад клапатлівага догляду: своечасовага паліву, падкормкі, праполкі, абрэзкі. Шлях кветак на клумбы горада тут пачынаецца яшчэ ў студзені. Спачатку высяваюць бягонію. Далей паэтапна – астатнія кветкі. 

– Вольга Аляксандраўна, якія месцы ў нашым райцэнтры атрымаюць кветкавае абнаўленне сёлета?

– Пры спрыяльным надвор’і кветкі з цяпліцы адразу будуць высаджаны на клумбах такіх вуліц райцэнтра, як Савецкая, Паркавая,  Паўднёвая, Леніна, Маякоўскага, Несенюка, а таксама – на гарадской плошчы. Хутка клумбы за­ззяюць стракатымі коле­рамі, радуючы прахожых. Пакуль кветкі падрастаюць і набіраюцца сіл пад нашым наглядам. Таксама плануецца, напрыклад, што на Завадской (насупраць д.12)  будуць высаджаны кусты, на Маруды (насупраць д. 56) будуць створаны драўнінна-кустарнікавыя дэкаратыўныя кампазі­цыі. Дарэчы, на вуліцы Кобрынскай ужо выса­джаны дрэўцы ліпы.

Вельмі хочацца, каб наш горад заставаўся прыгожым. Балюча, што некаторыя гараджа­не сваімі ж рукамі знішчаюць прыгажосць, якую імк­нуцца стварыць работ­нікі Маларыцкай ЖКГ. Яны ўжо стаміліся падлічваць,  колькі з клумбаў горада знікала кветак пасля іх высадкі. Такое традыцыйнае  варварскае знішчэнне кветак на клумбах назі­ралася і сёлета,  калі за­цвілі цюльпаны. Іх,  як і ў мінулыя гады, вырывалі з карэннем, зразалі  бутоны, проста зрывалі. Такія злачынствы, безумоўна,  робяцца ў цёмны час сутак і за іх прадугле­джана адміністрацыйная адказнасць. Калі зло­дзея злавілі за выкар­чоўваннем туі або “прарэджваннем” гарадской клумбы, то яму можа пагражаць штраф да 30 базавых велічынь.

Сёлета работнікі Маларыцкай ЖКГ ужо сутыкнулся з яшчэ адной праявай абыякавасці гараджан. Заўважана,  што высаджаныя кусты на вуліцах горада аб’ядаюць… козы.

– Хацелася б нагадаць, што закуп  насення, вырошчванне расады кветак, стварэнне цяпліцы-кветніка, – гаворыць Вольга Аляксюк, – затратная справа ў фінансавым плане. Хацелася б,  каб гараджане ўмелі даражыць тым, што для іх робяць іншыя. Да чужой працы трэба ставіцца з пашанай. Тым больш калі яе мэта – падарыць прыгажосць.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий