Джынсавы стыль

Джынсы. Яны аб’ядноў­ваюць вядомага палітыка і студэнта, зорку Галівуда і хатнюю гаспадыню, беднага чалавека і бізнесмена. Гардэроб сучаснага чалавека, напэўна, немагчыма ўявіць хоць бы без адной пары джынсаў. Укарочаныя і шырокія, вузкія і класічныя, прамыя і мешкаватыя, расклёшаныя і завужаныя данізу, бразільскія і свабоднага крою, а таксама з высокай, сярэдняй і нізкай пасадкай… Кожны ў залежнасці ад тэндэнцый моды, узросту, полу, можа выбраць іх на свой густ і фасон у індывідуальнага прадпрымальніка Валянціны Гусаковай у гандлёвым аб’екце “Гарадок”.
— Выбар джынсаў, — гаворыць Валянціна Уладзіміраўна, — гэта вельмі займальны занятак.Іх можна падбіраць сабе па постаці, кошце, якасці, фірме-вытворцы. Джынсы заўсёды ў модзе і практычныя: не мнуцца, не рвуцца, доўга носяцца. У іх зручна ў час падарожжа, на дыскатэцы, прагулцы, у любое надвор’е. Няма патрэбы лішні раз думаць, з чым іх апрануць. Акрамя таго, неабходна памятаць, што з дапамогай джынсаў можна не толькі схаваць нейкія недахопы фігуры, але і наадварот — падкрэсліць той ці іншы яе плюс.
Валянціна Гусакова пра джынсы ведае многае, бо звязана з імі ўжо 15 гадоў. Да таго, як закруціць уласную справу, яна 3 гады працавала ў індывідуальнага прадпрымальніка. А калі паступова сабрала стартавы капітал, рызыкнула пайсці ў самастойнае плаванне. Неабходныя веды і вопыт набыла, а жаданне працаваць было заўсёды. Вырашыла гандляваць джынсамі. Чаму?
— Іх бяруць заўжды на працягу года, — кажа Валянціна Уладзіміраўна. – Джынсы – папулярнае верхняе адзенне. Тут і якасць, і прыгажосць, і зручнасць. Ды і тавар хадавы. Гэтыя крытэрыі пры выбары і сталі асноўнымі. Гандляваць джынсамі, як і іншым таварам, можна тады, калі гэта хочаш рабіць ад душы, з поўнай самааддачай.
Сёння ў маім павільёне джынсы ёсць у асартыменце. Яны разлічаны на ўзрост ад 14 гадоў і старэй. Для мужчын – 60 мадэляў памерам 38-60, для жанчын – 50 мадэляў памерам 36-60. Вялікі выбар – гарантыя таго, што пакупнік знойдзе менавіта тое, што яму патрэбна. Між іншым, новы тавар паступае, звычайна, 2 разы на месяц з Масквы.
— А які кошт?
— Мужчынскія джынсы можна набыць па кошце 150-430 тысяч, жаночыя – 150-330 тысяч. У час распрадажы цана зніжаецца да 40-80 тысяч. Зараз для ўсіх пакупнікоў прадугледжаны скідкі ў памеры 5-7%. Акрамя таго, сезон заканчваецца, таму зімовыя курткі ўпалі ў кошце на 50-70%. Завезены тавар неабходна прадаць. Можа атрымацца так, што ў наступным сезоне будуць другія тэндэнцыі ў модзе, і рэчы ніхто не купіць. Наогул, любая памылка ў вядзенні бізнесу можа выліцца ў тавар, які залежваецца. А гэта – замарожаныя грашовыя сродкі, недаатрыманы прыбытак, складанасці з далейшым развіццём.
— Валянціна Уладзіміраўна, вы ж не толькі гандлюеце джынсамі?
— З аднымі імі цяжкавата было б утрымацца на плаву. Давялося пашырыць асартымент. Сёння пакупніку прапаную світэры (мужчынскія і жаночыя, 30 мадэляў), кофтачкі для жанчын (10 мадэляў), кашулі мужчынскія (40 мадэляў), бялізна, калготкі… Таксама “камплектую” для мужчын адзенне на вяселле, прымаю заказы на тую ці іншую неабходную рэч гардэроба. Наогул, мужчыну можна зазірнуць у гандлёвы павільён і пайсці з яго цалкам апранутым.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: прадпры­мальнік Валянціна Гусакова: “Насіце джынсы, будзьце заўсёды моднымі”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.03.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!