Кожны дзень, нібы новае жыццё
Вера Іванаўна Аўдзяюк усё сваё жыццё жыве ў вёсцы Заазёрная. Нарадзілася жанчына ў маі далёкага 1931 года. Нялёгкі час выпаў на гады дзяцінства яе. Калі была зусім яшчэ маленькая, у час родаў памерла маці. Так, на кволыя дзіцячыя плечы наваліўся зусім не дзіцячы клопат – патрэбна было даглядаць за нованароджаным братам. Акрамя самага маленькага хлопчыка і Веры, у сям’і было яшчэ двое дзяцей.
Як успамінае сама жанчына, яна нават некаторы час хадзіла у школу, але толькі ў першы клас , а пасля была вымушана пакінуць вучобу. Бо бацька сам не мог усё рабіць і за ўсімі даглядаць. Таму Вера яшчэ маленькай дзяўчынкай зразумела, што толькі праца дапаможа выжыць.
– Так і прайшло маё жыццё ў штодзённай працы, – расказвала Вера Іванаўна. – Бацька заўсёды вучыў нас, дзяцей, не цурацца ніякай працы, працаваць сумленна і з павагай ставіцца да працы іншых.
Праз некаторы час бацька ажаніўся ў другі раз, і калі Веры было 16 гадоў, у сям’і нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка.
Зразумела, што без адукацыі (навучылася толькі чытаць і пісаць) на добрую працу не ўладкавацца, а зарабіць, безумоўна, хацелася, таму і ездзіла тады моладзь на заробкі. Вера Іванаўна разам са сваімі сяброўкамі з вёскі працавала ў суседняй Украіне. Некалькі разоў ездзілі на працяглы час. Маладая дзяўчына і сапраўды змагла зарабіць грошай, а для сям’і гэта было добрай падтрымкай. Але ўвесь час ездзіць не будзеш, таму пасля жанчына ўладкавалася працаваць даяркай у мясцовы калгас.
– У кожнай з нас была свая група кароў, якую патрэбна было абслугоўваць, – успамінае жанчына, – і мы добрасумленна выконвалі свае абавязкі. А даілі тады рукамі, апаратаў не было, таму і часу гэта займала шмат, ды і сілы патрэбны былі. Да таго ж, дома таксама чакала свая гаспадарка. Карацей кажучы, усё сваё жыццё я працавала, таму і зараз не магу сядзець без справы. Для мяне кожны новы дзень, нібы новае жыццё, я радуюся, калі прачынаюся, што Бог падараваў мне новы дзень, а калі засынаю, то дзякую за пражыты дзень.
Калі пайшла на пенсію, жанчына яшчэ 10 гадоў працавала даяркай.
Анастасія ПАРХАмук.
На здымку: Вера Іванаўна Аўдзяюк.
Фота аўтара.
Опубликовано в “ГЧ” 6.03.2013 г.