Творчасць маларытчан узнагародамі адзначыла журы VІІІ абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”
Захаванне мясцовых традыцый, звычак, песеннай і танцавальнай спадчыны народа – неад’емная частка сённяшняга адукацыйна-выхаваўчага працэсу на Маларытчыне. Для гэтага шмат робіцца ва ўстановах адукацыі раёна. Пацвярджэнне таму – вынікі VІІІ абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, які 20-21 мая праходзіў у Пінску. Ён быў прысвечаны Году гістарычнай памяці. Заснавальнікамі і арганізатарамі фестывалю сталі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.
Каб стаць удзельнікамі фіналу мерапрыемства, вучні з усёй Брэстчыны спачатку прайшлі адборачныя туры ў сваіх рэгіёнах. Затым кампетэнтнае абласное журы адабрала ўдзельнікаў для заключнага этапу фестывалю. Лепшыя з лепшых дэманстравалі свой талент пры выкананні народных песень, танцаў, музыкі… У праграме абласнога свята былі праведзены розныя конкурсы, выставы, майстар-класы. Таксама адбылося шэсце ўдзельнікаў, навукова-практычная канферэнцыя. Асноўныя мерапрыемствы прайшлі на вуліцы Леніна і цэнтральнай гарадской плошчы Пінска.
Маларытчыну на конкурсе прадстаўлялі вучні некалькіх устаноў адукацыі. Творчасць усіх іх прафесійнае журы фестывалю адзначыла ўзнагародамі. Напрыклад, дыпломы ІІ ступені атрымалі Валерыя Штунь (Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнік Ірына Штунь) у намінацыі “Майстар-клас. Вышыўка”; Дар’я Заляшчук і Валерыя Чуль (Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагог Алена Паўловіч), якія ў намінацыі “Юны майстар” дэманстравалі адпаведна працэс вырабу лялькі і выцінанкі; Сафія Аўтухова, Ганна Бандарэнка і Улада Кавальчук (Гвозніцкі д/с-СШ, кіраўнік Валянціна Панчук) у намінацыі “Бабуліна кухня” (працэс падрыхтоўкі і выпякання грачанікаў двух гатункаў); Глеб Кацуба і Аляксандра Саўчук (Хаціслаўская СШ, кіраўнік Таццяна Лук’янчук) у намінацыі “Выканаўцы побытавых танцаў” (IV узроставая група), а таксама краязнаўчы музей “Спадчына” раённай гімназіі (кіраўнік Мікалай Навумчык) у намінацыі “Музейны куток” (былі прадстаўлены сялянскія побытавыя рэчы).
Дыпломамі таксама адзначаны вучні Хаціслаўскай СШ у намінацыі “Выканаўцы побытавых танцаў”: Ксенія Грыцук і Ганна Лук’янчук, Цімафей Палуян і Руфіна Люльковіч (IV узроставая група); Уладзіслаў Хомік і Арына Люльковіч (IІІ узроставая група); Арсеній Краўчук і Кіра Люльковіч (ІІ узроставая група). На суд журы юныя хаціславяне прадставілі элементы такіх танцаў, як, напрыклад, “Лявоніха”, “Лысы”, “Базар”, “Падэспан”, “Ва саду лі”, “Мясцовая полька”, “Кракавяк”, “Яблычка”, “Вальс”, “Бабачкі”, “Ойра”, “Каробачка”, “Рэчанька”, “Мікіта”, “Какетка”, “Каханачка”, “Субота”…
Дыплом І ступені атрымаў фальклорны калектыў СШ №2 “Вытокі” (кіраўнік Таццяна Трафімук) за рэканструяваны і адноўлены абрад “Гуканне вясны” ў намінацыі “Фальклорны тэатр”.
Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны аддзел па адукацыі Маларыцкага райвыканкама ў намінацыях “Выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Горад майстроў»” і “Лепшая фальклорная праграма”.
– Гісторыю нельга пазнаваць толькі праз кнігі, – гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ала Шабогіна. – Праз песні, музыку, танцы, фальклорныя творы і рамёствы вучні далучаюцца да народнай творчасці, да гісторыі роднага краю, яго мінулага. Гэта дапамагае ведаць свае карані і вытокі, шанаваць продкаў, адчуць пераемнасць пакаленняў, падмацоўвае гістарычную памяць. Народнае, мудрае, спадчыннае – вось што надзяляе моладзь неацэнным дарам прадбачання, духоўнасці, грамадзянскасці.
Мікалай НАВУМЧЫК.