“АвтонаВек” Віктара Андарака

Вуліца Вакзальная, 6. Гэты адрас у Маларыце добра вядомы многім уладальнікам аўтамабіляў марак “Жыгулі”, “Масквіч” і “Волга”. Бо тут, як кажуць пакупнікі, знаходзіцца своеасаблівы супермаркет запасных частак. Дырэктарам прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “АвтонаВек” з’яўляецца Віктар Андарак.
— Толькі вось нядаўна я змог амаль поўнасцю рэалізаваць свае задумкі і ажыццявіць планы, пра якія марыў не адзін год, — гаворыць Віктар Анатольевіч. – Шлях да гэтага назваць лёгкім, напэўна, нельга. Але пры жаданні і настойлівасці дасягнуць жаданага ўсё ж можна.
Віктар Андарак нара­дзіўся і вырас у Чарнігаве (Украіна). Адтуль быў прызваны на службу ў армію. Пасля яе застаўся яшчэ прапаршчыкам на 5 гадоў. Служыў у розных месцах, апошнім з іх стаў г.Баранавічы. Тут Віктар Анатольевіч захапіўся бізнесам: адначасова стаў гандляваць аўтазапчасткамі на рынку. Спачатку арандаваў невялікія плошчы, а пазней з’явіўся свой гандлёвы павільён. Справа стала паступова наладжвацца. Аднак жыццё ўнесла свае карэктывы. Паўстала пытанне знайсці для сябе новае месца жыхарства. Рызыкі было на ўсе 100%. Зрывацца з наседжанага месца заўсёды нялёгка.
-Я сеў на ўласны аўтамабіль і паехаў па раённых цэнтрах Брэсцкай вобласці, — прызнаецца Віктар Андарак. – У многіх з іх пабываў. Але гэта было не тое, што мне хацелася. Цікавасць прывяла і ў Маларыту. Упершыню сюды трапіў летам 2001 года. Напэўна, з першых хвілін знаходжання ў райцэнтры зразумеў, што гэта тое месца, якое шукаў, выбіраў. Спадабаўся гарадскі парк.Невялічкі вадаём у ім, катамараны, арэлі і іншыя атракцыёны… Ад убачанага павявала нейкай рамантыкай. Ціхі і ўтульны правінцыйны гарадок. Нельга было не спыніцца тут. Запомнілася і такая дэталь. На вуліцах не ўбачыў, каб былі паламаны лавачкі, вырваныя на клумбах кветкі. У Маларыту ехаў проста на азнаямляльную экскурсію, а застаўся назаўжды.
Стаўшы маларытчанінам, Віктар Анатольевіч выра­шыў займацца бізнесам далей. Але для пачатку правёў разведку. Дасканала вывучыў, як кажуць, кан’юнктуру рынку, а пазней ужо склаў падрабязны бізнес-план. У Маларыце запаснымі часткамі аўтамабіляў, якія выпускаліся ў былым СССР, сур’ёзна практычна ніхто не займаўся. Ніша была свабоднай. Яе заняць паспрабаваў Андарак. У яго ж ужо былі вопыт, уменне, а самае галоўнае — жаданне працаваць.
— Летам 2001 года атры­маў дазвол на ўстаноўку гандлёвага павільёна, — расказвае мой субяседнік, — а праз год – на пашырэнне гандлёвых плошчаў. Спачатку гэта быў сямейны бізнес, а пазней у сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве зарэ­гістраваўся як юрыдычная асоба.
Сёння ў штаце прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “АвтонаВек” 4 чалавекі: дырэктар, бухгалтар і 2 прадаўцы. Праведзены капітальны рамонт будынка. Зараз у ім 3 аддзелы і амаль 5 тысяч найменняў тавараў. На любы густ і патрэбу.
— У асартыменце — так­сама запчасткі да вела­сіпедаў, матацыклаў і мотаблокаў, — кажа Віктар Андарак. – Мы ўжо думаем пра летні сезон, таму ў продажы ёсць веласіпеды для дарослых і дзяцей рознага ўзросту. На тое, што пакупніку трэба, але няма на нашых паліцах, мы афармляем заказ. Імкнемся выканаць яго, па магчымасці, у самы кароткі тэрмін.
— А якія планы на перспектыву?
— Далёка ў будучае не заглядваю. Будзем імкнуцца пашыраць асартымент, удасканальваць абслугоўванне пакупнікоў. Ёсць задумка стварыць дадатковыя працоўныя месцы.
— Віктар Анатольевіч, за невялікі прамежак часу, пакуль Вас чакаў, палічыў, што неабходныя запчасткі набыло 10 чалавек. Гэта – добры паказчык.
— Кожны пакупнік для нас жаданы і кожнага чакаем. Мы не толькі прадаем, але пры неабходнасці і кансультуем, раім, падказваем. Пастаянна вывучаем попыт, улічваем патрэбы аўтамабілістаў, прыслухоўваемся да іх прапаноў. У нас жа – агульная справа. Ад такога ўзаемадзеяння добра ўсім. Асаблівую ўвагу надаем цанавому пытанню. Таму ў нас мінімальныя гандлёвыя надбаўкі. Словам, стараемся рабіць усё, каб кліенту хацелася ісці да нас за неабходным таварам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: так выглядае прадпрыемства “АвтонаВек”; Віктар Андарак, дырэктар прадпрыемства.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.03.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!