Без віны вінаватыя

Колькі б і як мы ні заклікалі да сумлення гора-бацькоў, эфект адзін і той жа – яны мала мяняюць свае паводзіны, правільней сказаць, зусім не мяняюць. І, напэўна, не зменяць, бо, як паказваюць прыклады, многія з цяперашніх гора-бацькоў, — у мінулым дзеці такіх жа гора- бацькоў. Іх  таксама выхоўвалі ўсе, толькі не ў сям’і. Не спазнаўшы ў жыцці мацярынскай пяшчоты, не зведаўшы бацькоўскага клопату, яны не могуць даць гэтага і сваім дзецям.
Возьмем, да прыкладу, тую ж  Наталлю В. Прайшоўшы многія інстанцыі, куды жанчыну выклікалі, як абыякавую маці, яна так і не зразумела, што сама калечыць лёсы сваіх дзяцей ужо з маленства. Наталля не раз пакідала без нагляду малалетніх дзяцей дома адных, і нават нядаўні амаль трагічны выпадак, калі ў доме, дзе былі самі дзеці, узнік пажар, і толькі дзякуючы чулым і неабыякавым людзям, малыя засталіся жывымі, ніяк не паўплываў на паводзіны Наталлі. Як гаварылі на пасяджэнні члены камісіі па справах непаўналетніх, куды ў які ўжо раз была выклікана гора-маці, тры чацвяргі запар яны спрабавалі пабываць у доме ў Наталлі, але так туды і не трапілі: ні першы, ні другі, ні трэці раз яе дома не было.
Пасля “НЗ” ці пажару малых забралі ад Наталлі, прызнаўшы, што яны маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, і ўладкавалі ў Пінскі дом дзіцяці і прыёмную сям’ю. Але гэта аказалася для Наталлі толькі на руку. Яна ні разу не пацікавілася дзецьмі, не гаворачы пра тое, каб з’ездзіць і праведаць іх.
Як аказалася, сама Наташа была чужой для сваёй жа маці. А апошняя таксама рабіла ў адносінах да сваёй дачкі менавіта так,  як цяпер Наташа робіць у адносінах да сваіх дзяцей. Наталля не ведала, што такое мацярынская любоў, а значыць, не ведаюць гэтага і яе дзеці. І хутчэй за ўсё не зведаюць, бо на камісіі было пастаўлена пытанне аб пазбаўленні Наталлі мацярынскіх правоў.
Цяжка знайсці правільны жыццёвы шлях і не аступіцца і Андрэю Б., навучэнцу прафесійнага ліцэя, бацькі якога зноў жа аказаліся тымі людзьмі, для якіх алкаголь, наркотыкі сталі даражэйшымі, чым родны сын. Андрэй, не дасягнуўшы яшчэ і паўналецця, стаіць на ўліку ва ўрача-нарколага, не раз дапускаў правапарушэнні. Хаця, як гаварыў сацыяльны педагог ліцэя Аляксандр Андрэеў, па характару свайму хлопец добры, актывіст.
Улічваючы, што алкагалізм як хвароба мае генную схільнасць, Андрэй, сам таго не жадаючы, аказаўся таксама ў залежнасці ад шклянкі. І пазбавіцца ад гэтай залежнасці яму самому, напэўна, не пад сілу. А значыць, і над гэтым маладым чалавекам яго ж бацькі ўзнялі меч.
З кагорты такіх і Таццяна З. Адзін з яе сыноў цяпер знаходзіцца ў інтэрнаце. На канікулы ніхто хлопца не забірае, а калі педагогі з інтэрната напамінаюць аб гэтым маці, у тэлефоннай трубцы ў адказ чуюць толькі брыдкаслоўе.
І ў дадзеным выпадку на камісіі было пастаўлена пытанне аб пазбаўленні Таццяны мацярынскіх правоў.
Калі бачыш абыякавасць гэтай маці пасля такога паведамлення, не здзіўляешся, чаму яна не забірае сына на канікулы дамоў… Уласныя дзеці – абуза для такіх маці.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!