Маларытчане ў суквецці нацыянальных культур
У Гродне прайшоў XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур “Суквецце культур”. Ён накіраваны на захаванне і папулярызацыю нацыянальных традыцый, нашай гісторыі і гісторыі прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, самабытнасці і непаўторнасці этнічных культур. На час правядзення фестываль становіцца адзінай пляцоўкай, на якой выступаюць таленавітыя працаўнікі розных сфер жыццядзейнасці – людзі з розных куткоў краіны, для якіх Беларусь стала другой радзімай. “Суквецце культур” – гэта своеасаблівы форум творчасці, яднання нацыянальных культур, адметнасці і самабытнасці кожнага народа.
– Традыцыйна на фестывалі нацыянальных культур у складзе Брэсцкай вобласці быў прадстаўлены і наш раён, – гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра культуры Вольга Краско. – Падворак нацыянальнай рускай кухні прадстаўлялі работнікі Вялікарыцкага СДК Таццяна Рубель і Валянціна Ярашук, узбекскай кухні – работнікі Арэхаўскага СДК і Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Марына Кулукаева і Ульяна Верашчагіна, украінскай кухні – работнікі Ланскога і Макранскага СДК Наталля Гаўрылюк і Ніна Дзірук, а таксама народны вакальны ансамбль “Акалада” Маларыцкага ГДК у складзе Алены Паліводы, Аляксандра Барысюка, Ліліі Чуль і Валянціны Панчук. Калектыў у чарговы раз “сарваў” заслужаныя апладысменты гледачоў за высокі прафесіяналізм і любоў да песні.
Журы адзначыла маларытчан, якія прадстаўлялі нацыянальныя культуры іншых народаў, дыпломамі за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні заключных мерапрыемстваў XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”.
Акрамя таго, на фестывалі ў Гродне на пляцоўцы “Беларусь вачыма турыста” адбылася прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Маларытчыны. Турыстычныя аб’екты нашага раёна прадстаўлялі галоўны спецыяліст райвыканкама Ганна Карацінская і загадчыца раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец.
Мікалай НАВУМЧЫК.