На крылах прывіднай мары
Раённая бібліятэка працягвае папулярызаваць і прапагандаваць творчасць паэтаў Маларытчыны. Гэтая справа аддзелам бібліятэчнага маркетынгу распачата яшчэ ў 1996 годзе. За гэты час ужо выдадзена 65 зборнікаў твораў мясцовых аўтараў. Днямі з’явіўся яшчэ адзін. “На крылах прывіднай мары” – так называецца першы зборнік вершаў маларытчанкі Тамары Марозавай. Ён выдадзены на рускай мове і змяшчае амаль 40 вершаў, якія напісаны ў розныя гады.
– Асноўнае месца ў зборніку займаюць вершы пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі, развагі пра жыццё, яго хуткацечнасць, – гаворыць Тамара Аляксандраўна. – Аднак асноўнае месца ў зборніку займаюць вершы пра каханне. Чаму? Таму што тэма кахання заўсёды хвалявала людзей. Пра яго загадкавасць і немагчымасць поўнага вызначэння гаварылі яшчэ старажытныя паэты Усходу, філосафы старажытнай Грэцыі, асветнікі, паэты і пісьменнікі ўсіх гістарычных эпох. Сутнасць кахання, яго патаемны сэнс спрабую знайсці і я ў сваіх вершах.
У творах Тамары Марозавай каханне напаўняецца адметнымі, своеасаблівымі адценнямі,сваімі непаўторнымі нюансамі, незвычайнымі характарыстыкамі. Яно то лірычнае і драматычнае, то ўзнёслае і трагічнае, то звычайнае, зямное і рамантызаванае, загадкавае. Каханне для паэтэсы – не толькі шчасце і радасць надзей, якія, на жаль, часам і не збываюцца. Гэта яшчэ горыч страты і расчаравання, адзінота і роздум над перажытым, сэнсам быцця.
Тамара Марозава нарадзілася ў г.Добруш Гомельскай вобласці. З трохгадовага ўзросту расла ў г.п.Камарын Брагінскага раёна. Любімымі прадметамі ў школе для яе былі ўрокі беларускай і рускай літаратуры. Чытала шмат. Глыбока ў душу запалі творы Міхаіла Булгакава, Аляксандра Пушкіна, Ганны Ахматавай, Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Караткевіча. Бацька усяляк падтрымліваў імкненне дачкі да чытання. Падахвочвала да гэтага і маці, якая больш за сорак гадоў адпрацавала настаўніцай у школе.
– Памятаю свае першыя літаратурныя спробы, – гаворыць Тамара Аляксандраўна. – Гэта былі школьныя сачыненні на вольныя тэмы. Іх заўсёды пісала сама з нейкай радасцю і задавальненнем. Стымулам было і тое, што многія сачыненні не раз атрымлівалі ўзнагароды на розных творчых конкурсах. А пасля мая літаратурная творчасць была на некаторы час пастаўлена на паўзу,
…Свой адбітак на лёсе Тамары Марозавай пакінула і аварыя на Чарнобыльскай АЭС. На жыццёвай дарозе жанчыны быў вымушаны пераезд з Чарнобыльскай зоны на новае месца жыхарства. У канцы 1993 года Тамара Марозава стала жыхаркай Маларыты. Тут узнікла жаданне пісаць вершы. Гэтаму паспрыяла пачуццё закаханасці. Яно было ўсёабдымным, моцным і шчырым. Паэтычныя радкі, здавалася, прыходзілі самі па сабе і лёгка клаліся на паперу.
– У паэтычнай творчасці мяне заўсёды падтрымліваў мой татка, – гаворыць Тамара Аляксандраўна. – Ён быў шчырым прыхільнікам маёй паэзіі: і першым слухачом, і першым сур’ёзным крытыкам, і выдатным дарадцам. Да яго слоў заўсёды прыслухоўвалася. Вершы запісвала ў сшытак. Аднак нідзе не друкавала, паколькі там было шмат перажытага, асабістага. Не хацелася напаказ выстаўляць сваю душу.
Пачынаючы з 2014 года, некаторыя з вершаў Тамары Марозавай сталі з’яўляцца на старонках літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”. Іх прыхільна сустрэлі чытачы. У творах падкупляла шчырасць лірычнага пачуцця.
– Неяк мае вершы пачытала літаратуразнаўца, доктар педагагічных навук, член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі Марыя Жыгалава, – кажа Тамара Марозава. – Яна дала высокую ацэнку маім творам. А гэта натхніла на творчы пошук, на “літаратурную” працу.
– Тамара Аляксандраўна, вы таксама і прозу пішаце?
– Так, спрабавала раней. У мяне ёсць напісаныя ўражанні “Чарнобыль вачамі падлетка”. У іх расказваю пра тое, што мне давялося перажыць пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
– Над чым працуеце цяпер?
– У творчых планах – выдаць другі зборнік вершаў. Пачатак яму пакладзены: ужо напісана некалькі вершаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.