Касавіца ў разгары
На гэтым тыдні лета падарыла нам па-сапраўднаму гарачыя дзянькі. Выкарыстаць іх з максімальнай карысцю імкнуцца сельскія працаўнікі – у раёне ў самым разгары ўборка траў першым укосам.
Трэба сказаць, што з-за халоднага і засушлівага надвор’я ў маі травы крыху спазніліся ў росце. Ды і травастой мог бы быць вышэйшым. Але пры правільнай арганізацыі працы ў працаўнікоў сяла ёсць магчымасць нарыхтаваць кармы добрай якасці і ў аптымальныя тэрміны, пакуль іх пажыўная каштоўнасць найбольш высокая.
У сераду мы пабывалі на сенажацях ААТ “Чарняны”. Ва ўрочышчы Катоў хутар на кормаўборачным комплексе КВК-800 падбіраў скошаныя валкі травы вопытны механізатар Андрэй Касцючык.
– Пры такім надвор’і, як сёння, дастаткова 5-6 гадзін, каб правяліць скошаную траву, і можна збіраць валкі, – расказваў нам галоўны аграном гаспадаркі Казімір Сядлецкі. – Наогул, з траў першага і другога ўкосу нам неабходна нарыхтаваць 900 тон сена, 12,5 тысячы тон сенажу і 25 тысяч тон сіласу. На сёння ўжо нарыхтавана 3250 тон сенажу ў дзвюх траншэях: на ўчастку “Рыта” – прыкладна 1500 тон і на ўчастку “Чарняны” – 1700 тон. З наступнага дня плануем пачаць і нарыхтоўку сена.
Спрытна падбірае валкі магутная машына, туды-сюды шпарка снуюць МАЗы, адвозячы падвяленую траву да траншэй. Акрамя гэтага, па словах галоўнага агранома, 70-80 тон зялёнай масы ў суткі ідзе на падкормку буйной рагатай жывёлы.
– Ці дастаткова тэхнікі ў гаспадарцы? – пытаемся ў агранома.
– Тэхнікі дастаткова. На касьбе заняты КВК-800, “Ягуар”, КЗР і тры касілкі. Што датычыць адвозкі, дык тут працуе 9 адзінак сваёй тэхнікі, і яшчэ нам дапамагаюць на адвозцы і трамбоўцы працаўнікі Маларыцкага ліцэя сельгасвытворчасці і прыватнікі.
Нарыхтаваць сена і сянаж нам неабходна з плошчы ў 1200 га. На 8 чэрвеня травы першым укосам скошаны ў гаспадарцы на 60% плошчаў, – падагульніў Казімір Вячаслававіч. – Людзі стараюцца максімальна выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну. Усе разумеюць, што ад якасці нарыхтаваных кармоў залежаць надоі і прывагі ў жывёлагадоўлі, а гэта даходы гаспадаркі і наша зарплата.
Разам з тым актыўна ў гаспадарцы вядзецца падкормка скошаных угоддзяў азотнымі ўгнаеннямі, каб забяспечыць дастойны другі ўкос траў.
Спадзяемся, што надвор’е паспрыяе сельскім працаўнікам, і недзе праз тыдзень ААТ “Чарняны” завершыць уборку траў першым укосам.
Галіна ПРАКАПУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.