Яўген Бурда – удзельнік “Цягніка Памяці”


У чэрвені-ліпені будзе рэалізаваны сумесны беларуска-расійскі патрыятычны праект “Цягнік Памяці”.
Ён стартуе ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны ‒ 22 чэрвеня ‒ з чыгуначнага вакзала ў Брэсце. Маршрут “Цягніка Памяці” праляжа праз гарады Беларусі і Расіі (Брэст ‒ Гродна ‒ Віцебск ‒ Смаленск ‒ Ржэў ‒ Вязьма ‒ Кубінка ‒ Масква ‒ Санкт-Пецярбург ‒ Вялікі Ноўгарад ‒ Пскоў ‒ Орша ‒ Магілёў ‒ Гомель ‒ Мінск), якія маюць дачыненне да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Рух яго завяршыцца 3 ліпеня ў Мінску, у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падчас праекта “Цягнік Памяці” яго ўдзельнікі пазнаёмяцца з асноўнымі этапамі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі дзвюх краін, да якіх прывязаны маршрут руху цягніка, прымуць удзел у сустрэчах з ветэранамі, наведаюць месцы баявой славы, музееў, рэканструкцыі ваенных падзей, асветна-культурныя мерапрыемствы. Праект прымеркавны да Года гістарычнай памяці і стане часткаю ІХ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Удзельнікамі сумеснага беларуска-расійскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці” стане дзвесце лепшых вучняў – па сто ад кожнай краіны. У іх ліку – і вучань 11 “А” класа раённай гімназіі Яўген Бурда. Ён неаднаразовы ўладальнік дыпломаў ІІ і ІІІ ступеняў па гісторыі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.
‒Я заўсёды вельмі сур’ёзна рыхтаваўся да гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў, хацелася трапіць у тройку лепшых, хаця добра разумеў, што гэта будзе складана, ‒ гаворыць Яўген. ‒ Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Іванаўна Сацюк займалася са мной дадаткова. У алімпіядзе ўдзельнічаў найперш для таго, каб праверыць веды па гісторыі. Гэта дае магчымасць убачыць, чаго яшчэ не ведаю, стымулюе да далейшага больш удумлівага і сур’ёзнага вывучэння такой цікавай і захапляльнай навукі, як гісторыя.
Ірына Сацюк расказала, што на Яўгена звярнула ўвагу на першых ўроках гісторыі яшчэ ў 5 класе. Сярод аднакласнікаў ён вылучаўся ўседлівасцю, жаданнем атрымаць адказы на шматлікія пытанні, звязаныя з мінулым.
‒Да ўрокаў гісторыі Яўген заўсёды рыхтуецца сур’ёзна і грунтоўна, ‒ адзначае настаўніца. ‒ Яго адказы вызначаюцца глыбінёй, паўнатой і канкрэтнасцю. Для гэтага вучань абавязкова чытае дадатковыя матэрыялы па тэме ўрока ў энцыклапедыях, даведачных выданнях, інтэрнэце.
Яўген гісторыяй зацікавіўся ва ўзросце пяці гадоў. Спачатку, не ўмеючы чытаць, проста разглядаў малюнкі ў кнігах гістарычнай тэматыкі. Гэта захапіла. Паступова чытанне стала штодзённай звычкай.
– Некалькі гадоў таму сур’ёзна зацікавіўся падзеямі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў, пазней – сярэднявеччам, – гаворыць юнак. – Любы перыяд гісторыі для мяне цікавы і пазнавальны, бо мае свае асаблівасці. З задавальненнем чытаю матэрыял пра вядомых людзей, якія жылі ў мінулым і аказалі ўплыў на ход сусветнай гісторыі. Цяпер цікавасць для мяне ўяўляюць гістарычныя падзеі ХIХ-ХХ стагоддзяў, дасканала імкнуся вывучыць так званы савецкі перыяд у сусветнай гісторыі.
Свой жыццёвы лёс Яўген Бурда плануе звязаць з гісторыяй. Плануе паступаць вучыцца ў БДУ. Яўген – юнак валявы і мэтанакіраваны. Пра гэта сведчыць не адзін факт. Напрыклад, такі. Пасля заканчэння 6 класа ён вырашыў праверыць свае веды. Але спосаб для гэтага быў выбраны не зусім звычайны. Яўген паспяхова прайшоў псіхалагічны адбор, здаў уступныя пісьмовыя экзамены па беларускай мове і матэматыцы, дыферэнцыраваны залік па фізічнай падрыхтоўцы і быў залічаны курсантам першага курса Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.
Яўген Бурда ў вольны час любіць пагуляць у футбол, баскетбол, прабегчы невялікія дыстанцыі. Ён – цікавы субяседнік, надзейны сябар, актывіст раённай гімназіі, не адзін год з’яўляецца членам каманды ўстановы адукацыі знаўцаў “Што? Дзе? Калі?”
‒Яўген, чаму цябе зацікавілі падзеі Вялікай Айчыннай вайны?
‒Гэтая вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям’і, у чалавечых лёсах. Хоць і прайшло шмат часу пасля яе заканчэння, але не гасне памяць пра жудасныя і гераічныя падзеі мінулай вайны, не сціхае боль, не сціраецца слава подзвігу нашага народа. З пакалення ў пакаленне перадаецца эстафета гэтай памяці.
Другая сусветная вайна мае непасрэднае дачыненне да нашай сям’і. Два маіх прадзеды змагаліся з ненавісным ворагам. Рыгор Аляксандравіч Курдзюк пасля захопу фашыстамі Маларытчыны стаў партызанам ва ўзросце 15 гадоў. Змагаўся ён з ворагам да 1944 года ў партызанскай брыгадзе імя А.К. Флегантава. Пасля быў прызваны ў Чырвоную Армію. Бліз Ратна быў цяжка паранены. Баявы шлях прадзеда адзначаны медалямі.
Іван Кірылавіч Бурда, другі прадзед, у сакавіку 1941 года ва ўзросце 33 гадоў быў прызваны на трохмесячныя ваенныя зборы, якія праводзіліся, па адных звестках, бліз Брэсцкай крэпасці, па другіх – у самой крэпасці. У чэрвені 1941 года года ён прапаў без звестак. Цяпер вяду пошуць, імкнуся даведацца, як склаўся яго ваенны лёс, дзе пахаваны.
‒Яўген, што табе дасць удзел у патрыятычны праект “Цягнік Памяці”?
‒Удзельнічаць у гэтым праекце для мяне вялікі гонар. Падчас яго, думаю, набуду новыя веды пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пашыру кругагляд. Перакананы, што веданне свайго мінулага, гісторыі дае магчымасць сфарміравацца паўнавартасным грамадзянінам сваёй краіны. А яшчэ “Цягнік Памяці” – гэта магчымасць зносін з равеснікамі з Расіі, новыя знаёмствы, эмоцыі. Думаю, што гэтае мерапрыемства для мяне стане сапраўды памятным і незабыўным.
‒Гэта, напэўна, адбудзецца яшчэ і па той прычыне, што 30 чэрвеня табе споўніцца 16 гадоў?
‒Так, свой чарговы дзень нараджэння ўпершыню буду адзначаць не ў коле сям’і, а сярод аднадумцаў. Думаю, што гэты дзень таксама будзе яркім, багатым на ўражанні.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: удзельнік беларуска-расійскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці” Яўген Бурда.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий