Нелегальная міграцыя

Праблема нелегальнай міграцыі і незаконнага перасячэння Дзяржаўнай граніцы РБ з’яўляецца цяпер вельмі актуальнай для нашага раёна. Бо ў апошнія гады прыкметна актывізаваліся асобы, якія ажыццяўляюць незаконнае перамяшчэнне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, абмінаючы пункты пропуску, асабліва на беларуска-ўкраінскім ўчастку Дзяржаўнай граніцы. У большасці выпадкаў факты парушэння заканадаўства дапускаюць грамадзяне нашай рэспублікі і іншаземцы, якія жывуць у прыграніччы і маюць цесныя сваяцкія сувязі на тэрыторыі іншых бліжніх дзяржаў.
А між тым, за незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы РБ прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Згодна з арт. 23.29 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях за падобныя дзеянні выносіцца такое пакаранне, як папярэджанне з дэпартацыяй альбо штраф у памеры да 50 базавых велічынь з дэпартацыяй ці без яе.
Летась за незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы да адміністрацыйнай адказнасці згодна з вышэй названым артыкулам Кодэкса была прыцягнута 21 асоба з раёна, за 2 месяцы гэтага года – ужо 3 чалавекі.
За паўторнае наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы РБ на працягу года прадугледжана крымінальная адказнасць і пакаранне: штраф, арышт на тэрмін да 6 месяцаў, пазбаўленне волі да 2 гадоў.
Калі такое парушэнне дапусціла асоба, якая была раней асу­джана за падобныя дзеянні згодна з ч. 2 арт. 371 Крымінальнага кодэкса РБ, прадугледжана таксама крымінальная адказнасць. У якасці пакарання могуць быць арышт на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў, абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў і пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці прадугледжана за наўмыснае незаконнае перасячэнне граніцы арганізаванай групай.
У Маларыцкім раёне нярэдкія выпадкі, калі да крымінальнай адказнасці за наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы прыцягваюцца асобы, дэпартаваныя ці высланыя з Рэспублікі Беларусь, якія пэўны час не мелі права ўязджаць у нашу рэспубліку, але яны гэта патрабаванне закона парушылі да заканчэння тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь.
Напрыклад, у канцы 2011 г. грамадзянка Украіны О. была дэпартавана супрацоўнікамі райаддзела міліцыі з Беларусі ва Украіну за парушэнне правілаў знаходжання ў нашай рэспубліцы. Ёй было забаронена ўязджаць у Беларусь тэрмінам на 1 год да снежня 2012 года. Аднак гэтае патрабаванне закона ўкраінка О. парушыла. Бо з мэтай наведаць непаўналетнюю дачку і сястру, якія жывуць у Маларыцкім раёне, у лістападзе мінулага года, не маючы дакумента для ўезду ў Беларусь, ноччу незаконна перасякла Дзяржаўную граніцу РБ, а вечарам вярталася назад ва Украіну, мінуючы пункт пропуску. О. затрымаў пагранічны нарад.
Была ўзбуджана крымінальная справа. Судом Маларыцкага раёна О. была прызнана вінаватай ва ўчыненні 2 злачынстваў (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай граніцы РБ і спроба незаконнага перасячэння Дзяржаўнай граніцы РБ. Згодна з прыгаворам суда О. арыштавана тэрмінам на 6 месяцаў.
Юрый ФЕДАРУК, намеснік пракурора раёна.

Опубликовано в «ГЧ» 27.03.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.