Ушанаванне залатых юбіляраў
Традыцыя віншаваць прыхаджан, якія пражылі не адзін дзясятак гадоў сямейнага жыцця ў трывалым і шчаслівым шлюбе, у Праабражэнскім храме аг.Хаціслаў узнікла даўно. Сёлета ў Дзень святой Троіцы ўшаноўвалі тых з іх, хто адзначае 50-гадовы шлюбны юбілей. Віншаванні на гэты раз прымалі пары Надзеі Сямёнаўны і Івана Назаравіча Пішчыкаў, Любові Мікалаеўны і Івана Мікалаевіча Пішчыкаў, Валянціны Маркаўны і Мікалая Мікітавіча Барысюкоў, Фядоры Захараўны і Мікалая Рыгоравіча Гнацюкоў з в. Сушытніца, а таксама – Любові Мікалаеўны і Рыгора Сазонтавіча Ківачукоў з в.Мельнікі.
Гэтыя сямейныя пары ідуць поплеч па жыцці пяцьдзясят гадоў у міры, ладзе і згодзе. Яны выхавалі дзяцей, даўшы ім годнае выхаванне і адукацыю. Усе залатыя юбіляры маюць унукаў і праўнукаў, а іх працоўная дзейнасць праходзіла ў калгасе “Запаветы Леніна” (цяпер – СУП “Хаціслаўскі”). Варта адзначыць, што ўсе пары з’яўляюцца актыўнымі прыхаджанамі Хаціслаўскага храма, прымаюць удзел у жыцці праваслаўнага прыхода.
Сямейным парам-юбілярам настаяцель Праабражэнскага храма аг. Хаціслаў протаіерэй Пётр Пяшко, а таксама праваслаўнае сястрынства міласэрнасці і СУП “Хаціслаўскі” ўручылі памятныя падарункі і кветкі. Традыцыйна ва ўшанаванні юбіляраў сямейнага жыцця прымае ўдзел і Хаціслаўскі сельскі Савет. Так было і на гэты раз.
Мікалай НАВУМЧЫК.