Радавы бессмяротнага палка

У сям’і выпускніцы 11 “А” класа Маларыцкай раённай гімназіі  Арыны Чурбанавай беражліва захоўваюць памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Арына таксама лічыць сваім абавязкам памятаць пра сваіх продкаў, якія годна прайшлі праз пякельны агонь ваеннага ліхалецця, са зброяй у руках набліжалі Дзень Перамогі.

Расказвае Арына Чурбанава:

– Я,  на шчасце, ніколі не бачыла на свае вочы вайны: не чула выбухаў снарадаў і свісту куль над галавой. Аб падзеях тых гадоў ведаю з кніг, кінафільмаў, а таксама – з расказаў сваіх бабуль і дзядуль. У нашай сям’і з ненавісным ворагам ваявала чатыры маіх прадзеды. Гэта – Рыгор Кірылавіч Чурбанаў (загінуў у кастрычніку 1941 года), Сцяпан Іванавіч Арахцяюк (у 1985 годзе ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені), Уладзімір Максімавіч Васько (у 1985 годзе ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені),  Аляксандр Мікалаевіч Пятроўскі. Пра апошняга хачу расказаць падрабязней.

Я не ведаю, колькі ён падбіў варожых танкаў… Не ведаю, колькі забіў фашыстаў… У па­ведамленні пра смерць ска­зана, што Аляксандр Мі­калаевіч Пятроўскі “ў баі за са­цыялістычную Радзіму, верны вайсковай прысязе,  праявіўшы геройства і мужнасць, памёр ад ран 6 студзеня 1945 года”. Яго пахавалі ў парку палаца Радзівілаў у вёсцы Ядвісін Серацкага павета Варшаўскага ваяводства (Польшча), дзе знаходзіўся вайсковы шпіталь.

У канцы лістапада 1988 го­да служба пошуку рэспуб­ліканскага камітэта Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа паведаміла нам, што астанкі майго прадзядулі перапахаваны на вайсковых могілках, якія знаходзяцца за 30 км на поўнач ад вёскі Клешава, недалёка ад горада Пултуск. Тут пахавана 16 643 воіны Чырвонай Арміі. Магіла майго прадзеда – пад нумарам 302…

Аляксандр Мікалаевіч Пят­роўскі (родныя яго называлі Алесем) нарадзіўся ў вёсцы Шчаснавічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў 1911 годзе. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзетак: пяцігадовага Пятра і шасцімесячную Алену. З першых дзён вайны сям’я апынулася на акупаванай тэрыторыі. Жылі на хутары. Аднойчы ў хату зайшлі немцы з аўтаматамі. Мая прабабуля Вольга была дома з дзецьмі, у калысцы спала маленькая Аленка. Адзін немец адразу накіраваўся да калыскі, ткнуў у яе аўтаматам. Сэрца Вольгі, здавалася, замерла. Але ўсё абышлося: аказалася, што ў немца дома таксама засталося маленькае дзіця.

Восенню 1944 года Ляхавіц­кім РВК мой прадзед быў прызваны радавым у 652 страл­ковы полк 165 стралковай дывізіі. Так пачаўся яго баявы шлях. Шлях на Варшаву.

У 1944 годзе ў раёне гарадоў Пултуск, Сероцк і Ружан савец­кімі войскамі быў захоплены Нарэўскі плацдарм. Там ішлі адны з самых жорсткіх баёў па вызваленні Варшавы і падрыхтоўцы наступлення на Берлін. 652 стралковы полк вёў баі на гэтым участку фронту. У лістападзе 1944 года прадзеду прысвоілі званне малодшага сяржанта і назначылі камандзірам кулямётнага разліку, за заслугі ў баях ўзнагародзілі значком “Выдатны кулямётчык”.

Алесь часта пісаў дадому лісты. У адным з іх на просьбу жонкі выслаць фатаграфію ў вайсковай форме адказаў:      “…зразумей сама: у нас на фронце такімі справамі не займаюцца. Аднак цябе запэўніваю, што форма вайсковая мяне не змяніла, наадварот, я выглядаю як найлепшы абаронца Савецкай Радзімы”. Ліст напісаны 1 студзеня 1945 года.  Варшаву вызвалілі 14 студзеня. На жаль, Алеся ўжо не было ў жывых.

Успаміны родных пра перажытае, ваенныя страты, доўгія пошукі месца пахавання пра­дзеда Алеся заўсёды трывожаць маё сэрца. Мы беражліва захоўваем яго лісты. Гэта наш герой – радавы Аляксандр Мікалаевіч Пятроўскі.

Памяць пра вайну – жывы боль. Ён прымушае берагчы і абараняць мір. Колькі б ні прайшло гадоў,  кім бы я ні стала,  але заўсёды буду захоўваць успаміны родных пра мінулую вайну,  жыць па запаветах маіх прадзедаў: “Нам патрэбен мір! Беражыце яго!”

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий