Аб актуальным, важным і надзённым
Інфармацыйная група райвыканкама, якую ўзначальвае яго старшыня Міхаіл Бацэнка, пабывала ў аг.Чарняны. На адзіным дні інфармавання была разгледжана тэма: “Моладзь – цяперашняе і будучае незалежнай Беларусі: да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь”. На пачатку сустрэчы Міхаіл Бацэнка заклікаў прысутных да даверлівай і адкрытай размовы.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што матываваныя, адукаваныя і актыўныя маладыя людзі – аснова паспяховага развіцця любой дзяржавы, яе стратэгічны рэсурс. Прадстаўнікі беларускай моладзі праяўляюць актыўнасць ва ўсіх сферах жыцця грамадства, уносяць істотны ўклад у нарошчванне эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, павышэнне яе палітычнага аўтарытэту, адстойваюць гонар Радзімы на міжнародных спартыўных спаборніцтвах і культурных конкурсах, распрацоўваюць навуковыя праекты і ўдзельнічаюць у сацыяльна значных ініцыятывах. На моладзь у сучасных няпростых умовах ускладзена важная задача – зберагчы Беларусь і закласці падмурак яе развіцця для наступнага пакалення.
Далей у сваім выступленні Міхаіл Бацэнка засяродзіў увагу прысутных на тым, што 2022 у Беларусі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці з мэтаю фарміравання аб’ектыўных адносін грамадства да гістарычнага мінулага, захавання і ўмацавання адзінства беларускага народа. Ведаць гісторыю – значыць быць патрыётам, думаючай і свабоднай асобай, якая ўмее арыентавацца ў сучасным зменлівым свеце і рабіць правільны выбар. Наш гістарычны выбар – незалежная, моцная і квітнеючая Беларусь.
Цяпер заложніцай вялікай палітыкі стала гісторыя. Аднак яе перапісванне, гераізацыя нацызму, вайна з помнікамі савецкім воінам-вызваліцелям – вельмі небяспечная тэндэнцыя, якая можа прывесці да непрадказальных вынікаў. Прыклад таму – падзеі на Украіне. Нам неабходна памятаць “ваенныя ўрокі гісторыі”, каб больш не паўтарылася трагедыя Другой сусветнай вайны.
Падчас сустрэчы старшыні райвыканкама Міхаіла Бацэнкі з жыхарамі аг.Чарняны таксама размова ішла і пра каронавірусную інфекцыю COVID-19 і вакцынацыю ад яе, пра падаткі і бюджэт раёна, нарыхтоўку кармоў, замацаванне маладых спецыялістаў на вёсцы, пра захаванне працоўнай дысцыпліны, дзейнасць Беларускай атамнай станцыі, рынкі збыту прадукцыі ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” і СЗАТ “КварцМелПрам” і многія іншыя.
У сваім выступленні пракурор раёна Фёдар Міховіч адзначыў, што сёння мы сутыкнуліся з тым, што неабходна захаваць гістарычную памяць пра падзеі мінулага такімі, якімі яны былі. Менавіта на сапраўднай памяці і трымаецца ўсё наша жыццё. Дзейнасць пракуратуры накіравана на выяўленне і фіксацыю фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку – і на тэрыторыі Маларытчыны. Адно з такіх пацвярджэнняў ёсць у в.Асавая, дзе знойдзена захаванне расстраляных мірных жыхароў. Па словах пракурора раёна, цяпер ужо дакументальна ўстаноўлена, што падчас Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі…
* * *
Рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Брэсцкай вобласці ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Рэгіянальным комплексам мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы “Маладзёжная палітыка” Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” ў Брэсцкай вобласці на 2021-2025 гады. На Брэстчыне адпрацавана сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, якая бярэ свой пачатак ва ўстановах дашкольнай адукацыі. У сістэме працы з моладдзю важным звяном з’яўляюцца грамадскія арганізацыі. У Брэсцкай вобласці 6 зарэгістраваных маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Найбольш масавымі з іх з’яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.
Мікалай НАВУМЧЫК.