Па памятных месцах Маларытчыны

19  чэрвеня па тэрыторыі раёна прайшоў аўтапрабег, які быў прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і стагоддзя адвакатуры Беларусі. Ініцыятарам яго правядзення стала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава. У аўтапрабегу прынялі ўдзел прадстаўнікі Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў з Брэста, Кобрына, Маларыты і члены іх сем’яў, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Іна Савянок і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк.

– Аўтапрабег – даніна павагі і пашаны тым, хто ваяваў, набліжаў Дзень Перамогі, а таксама – нявінным ахвярам вайны, – гаворыць Тамара Анатольеўна. – Такія мерапрыемствы мы праводзілі і раней. Іх мэта – не толькі вывучэнне гісторыі роднага краю, але і выхаванне маладога пакалення ў духу патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Раней аўтапрабегі ўжо прайшлі па тэрыторыі Брэсцкага, Камянецкага, Пружанскага, Івацэвіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага раёнаў…

Падчас аўтапрабегу яго ўдзельнікі  спыніліся ля помніка-абеліска на месцы расстрэлу сям’і абаронцы Брэсцкай крэпасці, лейтэнанта Андрэя Кіжаватава,  а таксама сем’яў іншых камандзіраў Чырвонай Арміі.

Затым прадстаўнікі Брэсц­кай абласной калегіі адва­катаў і члены іх сем’яў на­ведалі помнік у в.Боркі, ускла­лі да яго жывыя кветкі, уша­навалі памяць загінулых хві­лінай маўчання.

У межах карнай аперацыі “Трохвугольнік” нямецка-фашысцкія захопнікі 23 верасня 1942 года акружылі гэтую вёску. Карнікі 10-й роты батальёна “Цэнтр” сагналі ўсіх жыхароў у цэнтр Борак. Спачатку аддзялілі мужчын,  якіх павялі на могілкі і прымусілі капаць ямы. Затым астатніх групамі адводзілі на могілкі, дзе расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў. Усяго расстралялі 711 жыхароў, у тым ліку 372 жанчыны і 130 дзяцей.

У аг.Хаціслаў удзельнікі аўтапрабегу пабывалі ў школе народнай творчасці, дзе экскурсію правяла загадчыца Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік. Увазе гасцей народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” падрыхтавалі невялікі канцэрт і правялі майстар-клас па адроджаных побытавых народных танцах.

А ў Маларыце яны спачатку завіталі ў храм свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Тут яго настаяцель протаіерэй Віктар Паляціла расказаў пра храм, звесткі пра які згадваюцца ў гістарычных дакументах, датаваных 1679, 1724, 1758, 1786 гадамі,  і гісторыю Маларыцкай іконы Божай Маці невядомага мастака, якая напісана на мяжы XIV-XV стагоддзяў і належыць да візантыйскага стылю. Яна лічыцца адным з самых ранніх тыпаў ікон беларускага паходжання.

Наступны прыпынак удзельнікаў аўтапрабегу – Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці. Тут спачатку яго загадчыца Валянціна Струнец правяла невялікую экскурсію, расказала пра Маларыцкі строй адзення, адроджаную тэхніку ткацтва “кажушком”, а пасля  правяла майстар-клас па завязванні наміткі (плата).

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий