Паветраныя шэдэўры Алены Алесік

Калі вы думаеце, што чалавек, навучыўшыся падпарадкоўваць сваім патрэбам агонь і ваду, так і не змог пакарыць паветра, можна смела сказаць – памыляецеся. І пацвярджэнне таму – новы від творчасці, які атрымаў назву аэрадызайн. Выкарыстоўваючы рознай формы і колеру шары, напоўненыя паветрам, людзі навучыліся ствараць сапраўдныя шэдэўры. Калі адзін з такіх шэдэўраў – прыгожую паветраную кветку — падарылі маларытчанцы Алене Алесік, яна не змагла стрымацца, каб не адшукаць у інтэрнэце інфармацыю аб тым, як робіцца такі цуд. Знайсці майстар-клас, у якім дасціпна, крок за крокам, распавядалася аб тым, што трэба рабіць, каб са звычайных паветраных шароў атрымаўся прыгожы выраб, аказалася справай некалькіх хвілін. А вось знайсці ў магазінах горада патрэбны “матэрыял” для творчасці было, можна сказаць, немагчыма. У гэтым зноў жа дапамагла сусветная павуціна. Шары розных відаў знайшла Алена ў інтэрнэт-магазіне. І калі ўсё неабходнае для “чараўніцтва” было ў яе пад рукамі, узялася за справу.
— Самастойна зрабіць кветку аказалася справай нялёгкай. Шары, якія з дапамогай маленькай помпы, напаўняліся паветрам, не слухаліся рук. Але настойлівасць перамагла, — дзялілася Алена.
Першая кветка, хоць і не такая прыгожая, як хацелася, стала ўзнагародай за ўпартасць, смеласць (бо шары, як вядома, нярэдка лопаюць, а гэта не вельмі прыемна) і доўгія намаганні. На гэтым спыняцца Алена не збіралася. Пашыраючы свае веды, яна прайшла кароткі завочны курс бясплатных семінарскіх заняткаў і ўжо добра ведала многія сакрэты паветранага дызайну. Паступова Алена пачала ўдасканальваць набытыя веды. І вось за два месяцы калекцыю яе аэрашэдэўраў папоўніла больш за 50 вырабаў. Кошыкі з кветкамі, паветраныя мішкі і пчолкі, лебедзі і папугаі, зайчыкі і клоўны – кожны з вырабаў па-свойму чароўны.
— Мне падабаецца рабіць розныя прыгожыя рэчы і дарыць іх сябрам і знаёмым. Калі бачыш, што гэта дастаўляе радасць, самому на душы прыемна, — прызнаецца Алена.
“Жыццё” у прыгожых паветраных сувеніраў і цацак, на жаль, нядоўгае. Яркія і вельмі арыгінальныя, яны могуць радаваць чалавека прыкладна месяц. А потым, проста кажучы, здуваюцца. Але займацца аэрадызайнам, лічыць Алена, — небяссэнсава, ды і падарункам яе, хоць кожны ведае, што яны паслужаць толькі пэўны час, усе заўжды вельмі рады.
— Калі мы купляем у падарунак жывыя кветкі, мы ж добра разумеем, што яны завянуць, але ўсё роўна рады палюбавацца іх дзіўнай прыгажосцю. Вось так і паветраныя вырабы. Яны прыносяць радасць, асабліва дзецям, дык чаму б не рабіць іх? – разважае Алена.
Захапленне матулі ахвотна раздзяляе дачка Алены – дзесяцікласніца Святлана. Яна таксама ўжо многае ўмее. А вось маленькі сынок Коля, якому ўсяго толькі адзінаццаць месяцаў, пакуль толькі з цікавасцю гуляе з паветранымі цацкамі, самыя любімыя з якіх – машыны.
— Калі Коля гуляе, з шарамі не займаюся, бо ён любіць па-свойму “дапамагчы”, — усміхаецца Алена.
На “хобі” ў мамы, якая знаходзіцца цяпер у водпуску па догляду за дзіцяці, застаецца час, калі ўжо ўсе справы зроблены, а малы ціха пасопвае ў сваім ложку. На тое, каб зрабіць прыгожую паветраную цацку, нярэдка трэба 2-3 гадзіны. І Алена, прымяняючы новую фантазію, часу не назірае, нярэдка заседжваецца дапазна.
— Калі справа падабаецца, і часу не шкада. Гэта ж задавальненне, тым больш, што бачыш яркі і прывабны вынік сваёй працы, — заўважае жанчына.
Шчыра прызнацца, пагля­дзеўшы на вырабы Алены, захацела сама навучыцца зусім невядомаму мне віду творчасці. Мая субяседніца ахвотна згадзілася правесці невялікі майстар-клас. І вось я ўжо трымаю ў руках пяць шароў розных відаў. Кожны з іх, “ажывіўшы” паветрам, трэба завязаць, але не ніткай, а самім жа “хвосцікам” шара, што, трэба сказаць, справа нялёгкая. І вось мая першая вяршыня ўзята: усе шары прыгатаваны да дызайну, трэба толькі іх умела сабраць у сам выраб. Гэта таксама няпроста, але вельмі цікава, бо патрэбна фантазія і творчасць. Каб выраб меў завершаны выгляд, як тлумачыць мая настаўніца, трэба быць яшчэ крыху мастаком. Там вочкі ў паветранай лялькі дамаляваць, там банцік яркі дарабіць… Адным словам – цэлае мастацтва! Затое, як цікава і захапляюча! Не верыце? Тады паспрабуйце самі!
НА ЗДЫМКУ: Алена Алесік з сынам Колем і яго любімымі паветранымі цацкамі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 3.04.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Паветраныя шэдэўры Алены Алесік: 1 комментарий

  • 03.04.2013 в 6:22 пп
    Permalink

    Вы, Светлана, большая молодец! Из тех безсвязных слов написать такой красивый рассказ — большой талант!

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!