Трапны стралок

…Артур бярэ ў рукі вінтоўку, няспешна і разважліва прыцэльваецца і, затаіўшы дыханне, страляе. Кулі трапляюць у цэнтр мішэні. Зноў удалыя выстралы. А значыць, і ўпартая падрыхтоўка, і парады яго настаўніка – Анатоля Аляксандравіча Алесіка, і спадзяванні былі недарэмнымі. Артур Крэнь на гэты раз зноў самы трапны стралок. І калі летась перамога яму ўсміхнулася толькі на раённых спаборніцтвах, а ў вобласці ён быў пятым, дык сёлета ён стаў у абласных спаборніцтвах бясспрэчным лідарам.
Займацца стральбой пачаў юнак паўтара года назад. Спачатку паспрабаваў свае сілы ў электронна-лазерным ціры, які ёсць у Олтушскай школе, дзе вучыцца Артур. А калі ўпершыню ўзяў у рукі пнеўматычную зброю, адчуў, што яна лёгка падпарадкоўваецца яго рукам. Настаўнік фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Анатоль Алесік, які падрыхтаваў ужо не адно пакаленне трапных олтушскіх стралкоў, адразу заўважыў здольнасці хлопца, а таму настаяў, каб той пачаў сур’ёзна рыхтавацца да спаборніцтваў.
— У Артура ёсць усё неабходнае для стралка. Ён ураўнаважаны, стрыманы, цярплівы, разважліва ставіцца да любой сітуацыі і ўмее рабіць самааналіз, — характарызуе свайго вучня Анатоль Аляксандравіч.
А яшчэ Артур – хлопец фізічна падрыхтаваны. Цікавасць да спорту, пастаянныя гульні ў футбол, баскетбол, валейбол дапамаглі юнаку набрацца сіл, натрэніраваць мышцы рук і ног, што вельмі важна для таго, каб трымаць вінтоўку, вага якой 5 кілаграмаў.
Любыя навыкі, у тым ліку і трапная стральба, падуладны любому чалавеку, але толькі пасля доўгіх, старанных трэніровак. Пра асаблівыя здольнасці Артура гаворыць ужо тое, што юнаку адразу лёгка паддаўся самы складаны від стральбы. Ён умела трапляе ў цэль стоячы, трымаючы зброю ў руках без лішняй апоры. А для гэтага патрэбны асобы склад тэмпераменту і немалая вытрымка.
Тое, што навыкі стральбы яму абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, Артур не сумняваецца. Кожны мужчына, абаронца сваёй Айчыны, упэўнены юнак, павінен быць трапным стралком. Акрамя таго, Артур марыць, што калі дасягне паўналецця, стане, як і бацька, паляўнічым.
У скарбонцы поспехаў Артура пакуль яшчэ не шмат перамог. Але гэта, упэўнены яго настаўнік, толькі пачатак. Акрамя таленту стралка, як лічыць Анатоль Аляксандравіч, у хлопца ёсць выдатныя спрынтарскія здольнасці, яму добра даецца бег на кароткія дыстанцыі. Сумясціўшы ўсё разам, можна дасягнуць немалых перамог.
Дзесяцікласнік Артур Крэнь пакуль яшчэ знаходзіцца на раздарожжы ў выбары будучай прафесіі. Самым важным ён лічыць вучыцца і выпрабоўваць сябе. Юнак разумее, што перамогі без працы не даюцца. А таму загартоўвае свой арганізм, займаецца спортам, наведвае трэніроўкі і ўважліва слухае ўсе парады свайго трэнера, падказка і падтрымка якога і на занятках, і ў час спаборніцтваў для вучня вельмі важная.
НА ЗДЫМКУ: Артур Крэнь.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.04.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!