Стаў студэнтам без экзаменаў

Завяршыўся заключны этап рэспубліканскіх прадметных школьных алімпіяд. Маларытчыну на інтэлектуальных спаборніцтвах прадстаўлялі тры вучні: адзін — з СШ №2 і два – з раённай гімназіі. Удалым аказалася выступленне Юрыя Уласюка, вучня 11 “Б” класа раённай гімназіі. Ён паказаў выдатныя веды па гісторыі і атрымаў дыплом ІІІ ступені. Для Юрыя гэта не першая перамога. У алімпіядах па гісторыі ён удзельнічае з 7 класа. У мінулым годзе Юрый у аналагічнай алімпіядзе на абласным этапе атрымаў дыплом ІІ ступені, на рэспубліканскім – ІІІ. У гэтым годзе веды на абласным этапе інтэлектуальных спаборніцтваў адзначаны ўжо дыпломам І ступені. І вось чарговая перамога, якая дае права юнаку без уступных экзаменаў быць залічаным у любую ВНУ краіны гістарычнага профілю.
— Юра, віншую! Ты — першы выпускнік на Маларытчыне 2013 года, які ўжо стаў студэнтам у канцы сакавіка. Ці цяжка было гэтага дасягнуць?
— Мне лёгка нішто не даецца. Дасягнутага поспеху не было б, каб не мая настаўніца Ірына Іванаўна Сацюк. Вялікі дзякуй ёй за ўсё.
— Юра, ці вызначыўся ўжо, дзе будзеш набываць вышэйшую адукацыю?
— Думаю дакументы падаваць на гістарычны факультэт у Белдзяржуніверсітэт, аб чым даўно марыў. У будучым хочацца набыць спецыяльнасць палітолага.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Юрый Уласюк, дыпламант рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, са сваёй настаўніцай Ірынай Сацюк.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.04.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!