З клопатам пра Мельнікі

Валянціна Саўчук зарэгіст­равана кандыдатам ў дэпутаты раённага Савета 26 склікання па Мельніцкай выбарчай акрузе № 27 шляхам збору подпісаў. За сухім радком прыведзенага факта стаіць чалавек цікавы, ініцыятыўны, неабыякавы да таго, што адбываецца ў вёсцы. Заслужыць у землякоў гонар і, магчыма, у будучым прадстаўляць іх інтарэсы на раённым узроўні – справа нялёгкая і не аднаго дня. Валянціна Сцяпанаўна — чалавек вядомы і паважаны ў вёсцы па многіх прычынах. Але ў першую чаргу яе імя ўспамінаюць тады, калі размова заходзіць пра базавую школу, дзе жанчына працуе намеснікам дырэктара не адзін ужо год. За гэты час праз яе рукі прайшла не адна сотня вучняў. І для многіх  тых, хто вылецеў ужо за парог роднай школы, настаўніца без перабольшвання здолела стаць другою маці, ласкаваю, шчыраю, клапатліваю, і пакінула ў сэрцах толькі самыя светлыя і радасныя ўспаміны.
Па словах Валянціны Саўчук, калі ёй паступіла прапанова балаціравацца кандыдатам у дэпутаты, то была здзіўлена аказаным даверам. Пра гэта ніколі нават і не думала.  Усведамляючы маштабы работы народнага абранніка, адказ адразу не дала,  а некалькі дзён сур’ёзна ўзважвала ўсе “за” і “супраць”, раілася з мужам. Станоўчае прынятае рашэнне многіх шчыра ўзрадавала на вёсцы, асабліва – калег. Валянціна Сцяпанаўна пра многія праблемы сяльчан ведае не па чутках. Па роду сваёй прафесійнай дзейнасці яна штодзень сустракаецца з аднавяскоўцамі – бацькамі вучняў, якія падчас размовы часта гавораць пра набалелае. Па меры сваіх сіл яна і зараз імкнецца дапамагчы ў розных жыццёвых сітуацыях і словам,  і справай. Толькі вось не заўжды хапае паўнамоцтваў. Кандыдат у народныя абраннікі пераканана, што ўсім добра, калі дэпутат пражывае на тэрыторыі таго ўчастка, дзе яго выбіраюць.
— Ад мясцовых органаў улады і самакіравання, — гаворыць Валянціна Саўчук, — шмат у чым залежыць поспех рэалізацыі планаў развіцця раёна, вобласці і краіны. Іх дзейнасць вызначае тую эфектыўнасць, з якой эканамічныя дасягненні пераходзяць у дабрабыт усіх грамадзян, наладжаны побыт не толькі ў горадзе, але і на вёсцы. Пераканана, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць не толькі важнае рэгіянальнае значэнне. Галоўная іх мэта – фарміраванне адказных мясцовых органаў улады, максімальна шырокае прыцягненне грамадзян да кіравання, аператыўнае вырашэнне органамі  ўлады на месцах праблем насельніцтва. Сумесная праца Саветаў дэпутатаў з органамі выка­наўчай улады дазваляе ства­рыць пазітыўныя ўмовы для своечасовага вырашэння гаспадарчых і сацыяльных праблем Маларытчыны.
У Мельніках на сённяшні дзень на парадку дня стаіць некалькі важных праблем,  якія часта абмяркоўваюць жыхары. Калі Валяніна Сцяпанаўна будзе абрана дэпутатам, то сваю дзейнасць у першую чаргу паспрабуе накіраваць на вырашэнне некаторых пытанняў. Мельнікі – вёска, у якой пражывае больш за 800 чалавек (а гэта трэцяе месца сярод усіх вёсак раёна па колькасці насельніцтва). Але разам з тым тут няма лазні (раней была),  клуба, ёсць толькі школа,  пошта,  2 магазіны,  бібліятэка… А гэтага зараз ужо і недастаткова. Чаму моладзь не ўсюды замацоўваецца на сяле так актыўна, як хацелася б? Бо няма, напэўна, пакуль у некаторых населеных пунктах належных, неабходных сацыяльна-бытавых умоў. Не толькі ж   хлебам адзіным жыве чалавек.
— Прааналізаваўшы дэма­графічную сітуацыю на не­калькі гадоў наперад,  — сцвярджае В.С.Саўчук,  — прыйшлі да высновы, што ў школе будзе расці колькасць вучняў. Але навучальнай установе ўжо сёння патрабуецца прыбудова, напрыклад, пад сталовую. Акрамя таго, бацькі не раз выказвалі пажаданне, каб пры школе былі адкрыты садавыя групы. Вазіць на аўтобусе дзяцей дашкольнага ўзросту штодзень у Хаціслаў і назад не вельмі зручна. Аднак  праблему пакуль вырашыць немагчыма, бо не хапае памяшканняў. Патрабуюць добраўпарадкавання і мясцовыя дарогі… Я разумею, што “закрыць” усе праблемы адным махам нерэальна. Але рана ці позна да іх давя­дзецца звяртацца і вырашаць, таму што гэтага патрабуе само жыццё. Паляпшэнне яго сацыяльна-бытавых умоў, паўтаруся, паспрыяе замацаванню высокакваліфікаваных спецыялістаў на вёсцы. У выніку – у выйгрышы будуць усе.
Вось такімі думкамі і клопатамі пра будучае родных Мельнікаў жыве Валянціна Саўчук. Хочацца верыць, што ў яе ўсё задуманае збудзецца.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: кандыдат у дэпутаты раённага Савета Валянціна Саўчук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!