СЛОВА — таксама зброя

У раёне ідзе месячнік абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы, прысвечаны 68-гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У рамках праводзімай у СШ №1 горада “Вахты памяці” па ініцыятыве раённага савета ветэранаў і Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ прайшоў урок мужнасці. Старшакласнікі школы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з ветэранам вайны маларытчанінам Іванам Емяльянавічам Шыцікавым, задаць свае пытанні і адказаць на пытанні самога ветэрана.
Іван Емяльянавіч, былы франтавік, юнацтва якога апаліла вайна, не “загружаў” школьнікаў расказам аб баях і іншых падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Усю гістарычную інфармацыю юнакі і дзяўчаты, палічыў ветэран, могуць прачытаць у падручніках. А ён пастараўся “дастукацца” да сэрцаў прадстаўнікоў маладога пакалення, прымусіць кожнага з іх задумацца над тым, з чаго пачынаюцца канфлікты і войны, і што трэба рабіць, каб іх ніколі не было. Менавіта слова, як заўважыў Іван Емяльянавіч, з’яўляецца галоўнай зброяй, якая ўзрывае мірнае жыццё. Яркі прыклад таго, што адбываецца, калі людзі ўмела кіруюць гэтай зброяй, – другая сусветная вайна. І толькі мужнасць народа, толькі сіла духу байцоў, якія, не чакаючы ўзнагарод, ішлі на верную смерць, спыніла фашызм. Думаць пра цану слова заклікаў ветэран школьнікаў, заўважыўшы, што мір важны не толькі ў маштабах свету ці сваёй краіны, але і ў школьным калектыве, у сваёй сям’і.
Салдат, сувязіст пяхотнай часці Іван Шыцікаў быў удзельнікам многіх баёў. Баявыя ўзнагароды, а іх чатыры, сведчаць аб тым, што пра вайну, выбухі і свіст куль ведае ён не па фільмах і кнігах. Ёсць у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і яшчэ адна рэліквія, якая штодня напамінае пра вайну, – асколак, які некалі дастаў ваенны ўрач з нагі параненага сяржанта Івана Шыцікава. Паглядзець на гэты асколак і патрымаць яго ў руках школьнікам было вельмі цікава. Як і даведацца, што яшчэ ў адным баі жыццё салдата зберагла звычайная лыжка, у якую патрапіла варожая куля.
Старшыня раённай арганізацыі Кобрынска-Маларыцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак пазнаёміла школьнікаў з мерапрыемствамі, што будуць праходзіць у рамках месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы. У красавіку-маі, да прыкладу, у школах раёна пройдуць дні добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, вучні пазнаёмяцца з традыцыямі абароннага таварыства, прымуць удзел у спаборніцтвах па кулявой стральбе, у аўтапрабегу “Памяць”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы школьнікаў з ветэранам Іванам Шыцікавым.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.04.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!