Каменны крыж Дарапеевіч

На ўскрайку вёскі Дарапеевічы ва ўрочышчы Вялікі лес знаходзіццат незвычайная каменная глыба. Яе мясцовыя жыхары называюць “Святы крыж”. Гэтым летам тут пабывалі вучні Дарапеевіцкага д/с-СШ разам са сваімі настаўнікамі Мікалаем Трацюком, Наталляй Стасюк і Крысцінай Ківачук.

Калі з’явіўся святы крыж у Дарапеевічах, дакладна невядома. Мяркуюць, што крыж, вышыня якога каля метра,  высечаны з гранітнага валуна. У 70-я гады ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Вялікі лес вяліся меліярацыйныя работы. Бульдозеры зрэзалі былое гарадзішча, адсунулі ўбок і крыж. Нават планавалі яго закапаць ці вывезці ў іншае месца, але выканаць гэта ніхто не адважыўся. Пазней знайшліся добрыя людзі, якія паднялі і паставілі крыж зноў. Праўда, ужо трошкі пашкоджаны. Яго асвяцілі восенню 2014 года, а мясцовая жыхарка, цяпер народны майстар Рэспублікі Беларусь Сцепаніда Сцепанюк і яе сям’я абгарадзілі крыж, пафарбавалі плот, абсыпалі шчэбнем. Стаіць крыж на ўскрайку вёскі і напамінае людзям аб мінулым, хаваючы так і не разгаданую пакуль таямніцу.

– Мясцовыя жыхары спакон веку лічылі каменную фігуру крыжом, – кажа былы настаўнік Дарапеевіцкага д/с-СШ, мясцовы краязнаўца Анатоль Дзямянка. – Паколькі ніхто не памятаў, не ведаў, адкуль і калі дакладна крыж  з’явіўся на ўскрайку вёскі,  то і палічылі гэта цудам. Аднак аднавяскоўцы перакананы, што крыж сам вырас з зямлі. Існуе легенда,  якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, дзе тлумачыцца яго ўзнікненне. Яе мне некалі расказала маці Аляксандра Андрэеўна. Вось яна.

Раней урочышча Вялікі лес, дзе сяліліся мясцовыя жыхары, з усіх бакоў акружала вялікае непраходнае балота. Каб дайсці да суседняй вёскі ці сенажацяў,  даводзілася пракладваць гаці. Высякалі хмызняк,  выкладалі ім шлях,  а з абодвух бакоў капалі глыбокія канавы,  засыпаючы зямлёй высланую дарогу,  якую называлі грэбляй. Кожны год неабходна было яе абнаўляць, падсыпаць зямлю. З часам канавы абапал грэблі станавіліся глыбейшымі і шырэйшымі. Яны запаўняліся вадой.

Неяк вясной у вёсцы гулялі вяселле. На возе,  запрэжаным двума коньмі, ехалі маладыя з гасцямі. Нявесту везлі з суседняй вёскі. Ва ўрочышчы Вялікі лес насустрач выехала і другое вяселле. Яны сустрэліся,  спыніліся. Грэбля ж вузкая, размінуцца цяжка, вяртацца назад – дрэнная прыкмета. Таму вырашылі паспрабаваць усё ж такі раз’ехацца. Госці павылазілі з вазоў,  а маладым, згодна з векавой народнай  традыцыяй,  да прыезду дамоў нельга было іх пакідаць. Асцярожна павялі коней, але вазы пачалі ссоўвацца па абодва бакі грэблі ў канавы. Госці ад страху нечакана гучна закрычалі. Коні спалохаліся, ірванулі і апынуліся ў канавах з вадой. Дарэмна імкнуліся людзі выратаваць маладых. Іх хутка праглынула бездань. Многія ў наваколлі гаравалі ад гэтага жахлівага здарэння. Людзі прыходзілі на месца трагедыі і плакалі. Асабліва пакутавалі бацькі маладых. Неўзабаве вяскоўцы пачалі заўважаць,  што тое месца,  дзе загінулі маладыя,  само па сабе пачало паступова ўздымацца. Хутка яно стала невялічкім узгоркам. А яшчэ пазней з зямлі пачаў расці і гранітны крыж.

 З таго часу ён і стаіць на гэтым месцы. Мясцовыя жыхары былі перакананы, што крыж валодае незвычайнай чароўнай сілай. Да яго сталі прыходзіць людзі, каб памаліцца,  папрасіць дапамогі, каб пазбавіцца ад розных немачаў,  хвароб. Нават і цяпер ля крыжа час ад часу бываюць людзі, у тым ліку – і з іншых населеных пунктаў. Кажуць, што гаючая сіла каменнага крыжа многім дапамагае.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий