Святлана Тарноўская: прафесія сацыяльнага работніка вучыць суперажываць, верыць, любіць і несці дабрыню

Аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома з’яўляецца самым шматлікім структурным падраздзяленнем у Маларыцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У ім цяпер працуе 72 чалавекі, з якіх 48 – сацыяльныя работнікі, 20 сядзелак і 4 няні. Надомным абслугоўваннем ахоплена  52 населеныя пункты  раёна.

– Асноўны накірунак дзейнасці аддзялення, – гаворыць яго загадчыца Наталля Сай,  –  аказанне комплекснага надомнага абслугоўвання адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам пенсійнага ўзросту, а таксама вы­яўленне тых, хто мае патрэбу ў сацыяльных паслугах. Гэта калі казаць афіцыйнай мовай. А наогул наша мэта – дапамагчы адзінокім, састарэлым людзям як мага болей утульна і зручна адчуваць сябе ў сваім жа доме, падтрымаць іх маральна, фізічна і псіхалагічна.

 Работнікамі аддзялення таксама праводзіцца мэтанакіраваная работа па выяўленні грама­дзян, якім патрабуецца старонняя дапамога. За першае паўгоддзе гэтага года, напрыклад, ужо прынята на надом­нае абслугоўванне 28 чалавек. Акрамя таго, 8 грамадзян звярнулася за паслугамі сядзелкі. Агульны лік тых, каму аддзяленне аказвае дапамогу, цяпер  складае 362 чалавекі, з іх   306 – пражывае ў сельскай мясцовасці, 56 – у горадзе.

Сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома аказваюць  комплексную сацыяльна-бытавую дапамогу ў надом­ных умовах інвалідам і грамадзянам пажылога ўзросту, якія часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і якім патрабуецца  старонняя падтрымка.

У аддзяленні працуе шмат адданых  сваёй прафесіі людзей. У іх ліку і  сацыяльны работнік Святлана Тарноўская.

– Яна чалавек пра­цавіты, старанны, добрасумленны, ветлівы, ураўнаважаны, уважлівы, адкрыты,  валодае пачуццём адказнасці за вынікі сваёй працы, – так ахарактарызавала Святлану Уладзіміраўну загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Наталля Сай. – Ніколі не было канфліктных сітуацый, не ўзнікала ні пытанняў,  ні прэтэнзій да яе работы. Няма скаргаў і нараканняў і з боку тых,  хто знаходзіцца на абслугоўванні Святланы Тарноўскай, а толькі падзякі і шчырыя словы ўдзячнасці. Міласэрнасць, увага да чужых праблем – вызначальныя яе якасці.

*  *  *

Святлана Уладзі­мі­раўна пасля заканчэння Олтушскай СШ вучылася на бухгалтарскіх курсах у Брэсце, працавала дыспетчарам, бухгалтарам, бухгалтарам-касірам у арганізацыях і на прадпрыемствах Ма­ла­рыты. Пасля так склаліся абставіны, што ўладкавалася на працу  сацыяльным работнікам у Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Было гэта 4 снежня 2002 года, – гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – З  таго часу ні разу не пашкадавала, што ўладкавалася сюды на працу. Спачатку было нялёгка, але пасля ўцягнулася. Цяпер працую на стаўку   сацыяльным работнікам і на палову стаўкі – сядзелкай.

На абслугоўванні ў Святланы Тарноўскай  знаходзіцца 6 жанчын ва ўзросце ад 72 да 90 гадоў, з іх тры – гэта інваліды І групы, дзве – інваліды ІІ групы. Акрамя таго, чатыры жанчыны пражываюць адзінока, дзве не ходзяць. Для сваіх бабулек Святлана Уладзіміраўна – самы жаданы і незаменны чалавек. Іх наведвае па графіку тры разы на ты­дзень,  а ляжачых – кожны дзень. Для падапечных сацыяльны работнік не проста памочнік па хатняй гаспадарцы. Гэта нітачка, што звязвае састарэлых людзей са светам за сценамі іх кватэры.

– Трэба любіць усіх людзей, мець чулае сэрца, – кажа Святлана Тарноўская. – Асабліва, калі гаворка ідзе пра пажылых, хворых, нямоглых, тых, хто па розных прычынах не можа сам сябе абслугоўваць. Зразумела, характар у лю­дзей з узростам не паляпшаецца. Аднак у кожным чалавеку шукаю перш за ўсё добрае, светлае і шчыра намагаюся дапамагчы.

У кожнай з маіх бабуль за плячыма нялёгкае пражытае жыццё, свой характар, погляды на навакольны свет, свае патрабаванні. Таму часта даводзіцца быць не проста памочніцай па дому, але і ўважлівым псіхолагам, аказваючы свайго роду маральную і псіхалагічную падтрымку медыкам. Старыя людзі, як дзеці, таму да кожнага патрэбен індывідуальны падыход. Яны маюць вялікую патрэбу выгаварыцца, расказаць пра набалелае, свае праблемы. Таму неабходна ўменне іх выслухаць, нешта параіць, падказаць, падтрымаць у любы момант размову.

Святлана Тарноўская не абмяжоўваецца рамкамі інструкцый, а робіць заўсёды тое, што просяць падапечныя і што падказвае яе сэрца. Падмесці падлогу, вынесці смецце, прынесці прадукты, згатаваць абед, схадзіць у аптэку за лекамі, заплаціць за камунальныя паслугі – гэта далёка не ўвесь пералік прафесійных абавязкаў сацыяльнага работніка. У працоўным графіку Святланы Тарноўскай часам бывае, што і выхадных няма. «Спяшаюся рабіць дабро» – такі яе жыццёвы прынцып.

Для Святланы Ула­дзіміраўны яе падапечныя  сталі ўжо блізкімі людзьмі. Ды і яны часта называюць сацыяльнага работніка “дачушкай” і давяраюць свае жыццёвыя сакрэты.

– Прафесія сацыяльнага работніка, безумоўна, накладвае свой адбітак на характар чалавека, – пераканана Святлана Тарноўская. – Здаецца, што з гадамі я стала больш спагадлівай, чулай, міласэрнай, стрыманай, тактоўнай і крыху мудрэйшай. Навучылася суперажываць, верыць, любіць і несці дабрыню, быць цікавай суразмоўніцай. Ад сваіх бабулек пераймаю урокі жыццёвай мудрасці, прыслухоўваюся да іх парад, вучуся аптымізму, веры ў лепшае.

– Для мяне Святлана Уладзіміраўна як анёл-ахоўнік,  – гаворыць 84-гадовая Ганна  Кудрачэнка. – Яна добры і надзейны сябар і дарадца, блізкі і зычлівы чалавек. Яна многае ўмее рабіць і шмат ведае. Усё робіць з душой. Укладвае ва ўсё сваё сэрца. Побач са Святланай Уладзіміраўнай утульна, цёпла. Здаецца, што за ёй як за каменнай сцяной: заўсёды адчуваеш сябе ў бяспецы.

Мікалай    НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий