ВАЙНА ЗАБРАЛА Ў ІХ БАЦЬКОЎ…

Найбольш цяжкім выпрабаваннем для нашых воінаў, усіх людзей была Вялікая Айчынная вайна. Узброеныя сілы Германіі складалі добра падрыхтаваныя і поўнасцю ўкамплектаваныя воінскія часці, якія мелі вопыт сучаснай вайны і былі аснашчаны навейшай ваеннай тэхнікай. Але, нягледзячы на раптоўнасць нападзення, нягледзячы на тое, што фашысты пераўзыходзілі ў жывой сіле і тэхніцы, нягледзячы на вымушаныя адступленні, нашы воіны не разгубіліся, не палі духам, не страцілі веру ў перамогу.
І настаў час, калі для нас прагучаў пераможны салют.
20 ліпеня 1944 года часці 70-ай арміі І Беларускага фронту вызвалілі Маларыту ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У цяжкіх умовах вайны, якая яшчэ працягвалася, на толькі што вызваленай маларыцкай зямлі адраджалася новае жыццё. Найбольш трэба было клапаціцца пра дзяцей, асабліва тых, у каго вайна забрала бацькоў. Каб аказаць ім неадкладную дапамогу, у Маларыце быў адкрыты дзіцячы дом, што сабраў дзяцей, якіх трэба было сагрэць, апрануць, вучыць. Дзеці вайны сталі яго выхаванцамі.
Былы выхаванец Міхаіл Бягеза, потым завуч дзіцяча­га дома, у гады вайны ў партызанскім атрадзе быў сувязным. Ён успамінаў: “Вайна для мяне, 11-гадовага хлапчука з в. Арэхава, пачалася раптоўным выбухам снарадаў, якія разрываліся… Акрамя холаду, мы суткамі заставаліся без ежы, у лясах надакучвала машкара, яе хмары суправаджалі партызан, асабліва ў забалочаных месцах. Яны віселі над галавой, асляплялі потныя твары, лезлі ў рот, вочы, вушы. Не было ніякага выратавання ад гэтай машкары. Ложкам служылі некалькі яловых галінак. Дахам над галавой – кроны дрэў. Калі сёння паеў, гэта не азначала, што паясі і заўтра. Даросламу цяжка, а як было дзіцяці ў 7-10 гадоў”.
Выхаванка Маларыцкай школы-інтэрната Ганна Крэнь, жыхарка в. Хмелішча Олтушскага сельсавета, успамінае: “23 кастрычніка 1942 года ў вёску прыбыў карны атрад фашыстаў. Жыхароў выгналі з дамоў нібыта на “сход” і ўчынілі расправу – на вачах усіх расстралялі. І сёння чую крыкі і плач людзей. У той страшны дзень было знішчана 128 чалавек, з іх 60 дзяцей. Вечарам гарэла вёска, гарэлі ўсе хмелішчанскія дамы. Усё згарэла зусім. Ніхто не выйшаў тушыць – не было каму”.
У 1962 годзе на базе дзіцячага дома была адкрыта школа-інтэрнат. У яе ўліўся амаль увесь калектыў дзіцячага дома. Многія выхаванцы не бачылі і юнацтва, бо ішлі хутчэй працаваць, аднаўляць народную гаспадарку.
На рахунку гэтых двух дзіцячых устаноў было нямала і дасягненняў. Школа-інтэрнат была ўдзельніцай ВДНГ СССР і БССР.
19 верасня 2009 г. адбылася сустрэча былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната, на якой было прынята рашэнне аб стварэнні кнігі-зборніка сваіх расказаў пра вайну, пра жыццё ў гэтых установах.
За 3 гады сабраны фактычны матэрыял на гэтую тэму. Рукапіс перадалі для рэдагавання і друкавання ў рэдакцыю газеты “Вечерний Брест”. І вось зусім нядаўна, напярэдадні Дня Перамогі, кніга “Дзеці вайны” пабачыла свет. Аўтары – выхаванцы і педагогі – у сваіх успамінах аднаўляюць карціну жыцця гэтых двух дзіцячых навучальных устаноў у самыя цяжкія дні. Найбольш падрабязныя расказы напісалі былыя выхаванцы К. Багдановіч, В. Саланенчанкава, Л. Пішчык, А. Алесік, А. Лямачка, А. Царук і іншыя. Кніга шчодра ілюстравана рэдкімі фотаздымкамі.
Фінансавую падтрымку ў выданні кнігі аказаў спонсар Юрый Чыж, ураджэнец в. Сабалі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, за што аўтарскі калектыў выказвае глыбокую прызнанасць і падзяку. Аўтарскі калектыў таксама шчыра дзякуе былому выхаванцу школы-інтэрната, цяпер першаму намесніку старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаілу Юхімуку, а таксама старшыні Маларыцкага райвыканкама Казіміру Лапічу, старшыні райсавета ветэранаў Уладзіміру Бойку і ўсім тым, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кнігі да выдання. Сярод іх Пётр Губей, Вадзім Шпетны, Таццяна Лаўрэенка, Любоў Куц, вучні СШ № 2, работнікі рэдакцыі раённай газеты “Голас часу”.
20 ліпеня 2013 года адбудзецца сустрэча былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната ў СШ № 2. У яе праграме — экскурсія па школе, наведванне музея, ускладанне кветак да помніка загінуўшым у гады вайны савецкім воінам, адкрыццё памятнай дошкі, уручэнне кніг “Дзеці вайны” і інш. Запрашаем былых выхаванцаў і педагогаў прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Мы бу­дзем рады сустрэчы з вамі.
Васіль МАРКАЎ, былы дырэктар Маларыцкай школы-інтэрната.
НА ЗДЫМКУ: кніга “Дзеці вайны”.

Опубликовано в «ГЧ» 8.05.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!