У “Равесніку” зараз адпачывае 41 школьнік

Апошні летні месяц перасягнуў ужо экватар. Пачаўся зваротны адлік да восені: у прыродзе ўсё больш прыкмет набліжэння залатой пары. Аднак у загарадным аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Равеснік”, які размяшчаецца ў в. Старое Забалацце, па-ранейшаму горача і весела: тут працягваецца чацвёртая змена. У летніку ў двух атрадах адпачывае 41 вучань з устаноў адукацыі Маларытчыны.

– Змена праходзіць цікава і надзвычай запамінальна, – гаворыць начальнік лагера Таццяна Стасюк. –  Дзецям сумаваць няма калі. Дух бестурботнасці, весялосці, прыўзнятага настрою пануе тут кожны дзень з раніцы да вечара. Заслуга ў гэтым усяго студэнцкага атрада “Мы – будучыня нашай краіны”, які арганізаваны пры садзейнічанні раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. У ім з 3 па 20 жніўня працуюць студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўні­версітэта імя А.С.Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяр­жаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Карына Ярмашук, Вераніка Ярмашук, Вікторыя Самасюк, Дзмітрый Іваніцкі, Дзмітрый Бурштын, Барыс Чахонін, а таксама настаўнік геаграфіі і біялогіі Збуражскай д/с-СШ Аляксандр Максімук. Між іншым, Аляксандр Уладзіміравіч – былы дэсантнік, яго педагагічны стаж  работы ў школе складае некалькі месяцаў.

Выхавальнікі што­дзень імкнуцца даць магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі адпачыць, але і адчуць цудоўны і непаўторны свет дзяцінства. Сярод тых, хто робіць жыццё дзяцей у лагеры больш цікавым, захап­ляльным, напоўненым рознымі мерапрыемствамі, – старшы выхавальнік змены Алёна Барысевіч, якая закончыла два курсы факультэта фізічнага выхавання і турызму Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

Выхаванне не можа мець перапынкаў на канікулы. Таму кожны дзень у “Равесніку” мае пэўную тэматычную накіраванасць. Рэжым дня спланаваны так, што пасля аднаго мерапрыемства адразу пачынаецца другое. Не менш актыўнае і спартыўнае жыццё ў лагеры. Сапраўды, “Равеснік” працуе з улікам сучасных тэндэнцый у аздараўленні, імкнецца быць месцам, прывабным для дзяцей з рознымі цікаўнасцямі і захапленнямі.

Цудоўна адпачыўшы, хлопчыкі і дзяўчынкі будуць жыць прыемнымі ўспамінамі да наступнага лета з надзеяй зноў сустрэцца з сябрамі ў “Равесніку”.                        

Мікалай  НАВУМЧЫК.

 Фота Алега  Крэмянеўскага.

 

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий