“Бацькаўшчына”: Маларыцкая школа-інтэрнат

У гісторыі адукацыі Маларытчыны функцыянавалі ўстановы розных тыпаў. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў райцэнтры дзейнічаў дзіцячы дом. А 15 верасня 1962 года на яго базе была адкрыта школа-інтэрнат з беларускай мовай навучання. Паколькі вучэбны двухпавярховы корпус на 330 выхаванцаў быў здадзены ў эксплуатацыю са спазненнем і дэфектамі, то школа-інтэрнат пачала працаваць не з 1 верасня, а на паўмесяца пазней. Установа была электрыфікавана, радыёфікавана, тэлефанізавана, з цэнтральным ацяпленнем і каналізацыяй. У 1963 годзе была пабудавана новая сталовая, у 1965 – уведзены ў дзеянне будынак пральні.

Пра гісторыю Маларыцкай школы-інтэрната расказвае намеснік дырэктара СШ №2 Людміла Ярмашук:

– У першы навучаль­ны год за парты школы-інтэрната селі 180 чалавек – 99 хлоп­цаў і 81 дзяўчын­ка. З іх 36 – круглыя сіроты, дзяцей,  якіх выхоўвалі маці-адзіночкі,  налічвалася 48, са шматдзетных сямей было 44 чалавекі. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складала 30 вучняў. На другі навучальны год колькасць выхаванцаў у школе-інтэрнаце ўзрасла да 280 чалавек. У кожным з 1-8 класаў навучалася па 35 чалавек. Такая ж колькасць вучняў у кожным класе захоўвалася яшчэ на працягу двух наступных навучальных гадоў.

Для таго, каб стаць навучэнцам Маларыцкай школы-інтэрната, неабходна было прайсці медыцынскі агляд і прадаставіць даведкі аб адсутнасці інфекцыйных захворванняў, хваробы вачэй і скуры, картку аб прышчэпках, даведку аб праходжанні рэнтгена. Дзеці, якія прымаліся ва ўстанову адукацыі, абавязкова праходзілі санітарную апрацоўку. Між іншым, падстрыгалі хлопцаў не радзей, чым раз у месяц,  усе выхаванцы лазню наведвалі не радзей, чым раз у дзесяць дзён. Кожнаму з іх быў выдзелены асобны ложак, выдаваліся ручнік, мыла, зубная шчотка і парашок. Кожны дзень у школе-інтэрнаце пачынаўся з ранішняй гімнастыкі, якая складалася з 6-8 практыкаванняў, прыняцця водных працэдур. Затым выхаванцы прыбіралі свае спальні, ішлі на сняданак. Вучэбныя заняткі пачыналіся ў дзевяць гадзін. У другой палове дня для вучняў праводзіліся спартыўныя заняткі, розныя гульні, пра­дугледжваліся заняткі ў гуртках,  пад­рыхтоўка дамашняга задання, удзел у грамадска-карыснай працы. Пасля вячэры ў рэжыме дня была запланавана прагулка.

Ва ўстанове адукацыі працавалі ўлюбёныя ў сваю справу педагогі. Бе­ларускую мову і лі­та­ратуру выкладала Неа­ніла Мінюк, рускую мо­ву і літаратуру – Іраі­да Кузьміч і Ганна Здзі­тавецкая, замежную мову – Ала Ніканюк,  матэматыку – Вольга Барбачэнка, біялогію, геаграфію і хімію – Элеанора Рудэнка,  гісторыю і геаграфію – Надзея Пазднякова,  маляванне і  чарчэнне – Валянціна Снарова…

За 10 год існаван­ня ўстановы адукацыі з яе сцен выйшла 345 вучняў. З 1977/1978 навучальнага года Маларыцкая школа-інтэрнат  рэарганізавана ў СШ №2 райцэнтра.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий