«Лясная» справа Людмілы Юнчык

 

– У лесе кожная пара года прыгожая па-свойму, – гаворыць начальнік  аддзела лясной гаспадаркі і лесаўзнаўлення Маларыцкага лясгаса Людміла Юнчык. – Мне ж асабліва падабаецца восень. Гэта сапраўдная казка ў лесе! Я ў захапленні ад такіх імгненняў, калі ў пагодлівыя дні задзірысты вецер зрывае з дрэў жоўта-чырвонае лісце. Яно кружыцца ў паветры, павольна апускаючыся на зямлю і ўсцілаючы яе прыгожым дываном. Восенню ў лесе, здаецца, па-асабліваму думаецца і марыцца. Стаіш пад бярозаю ці дубам, любуешся навакольнай прыгажосцю і атрымліваеш асалоду ад незвычайных чароўных фарбаў, якія  стварыла прырода, набіраешся жыватворнай сілы і энергіі. Між іншым, вядомы такі факт: знаходжанне на прыродзе спрыяе прыняццю больш узважаных, прадуманых рашэнняў і крэатыўнасці.

Любоў да лесу ў Людмілы Мікалаеўны з дзяцінства. Яна нарадзілася і вырасла на ўскрайку г.п.Шацк (Украіна). Непадалёку ад  дома, дзе жыла, пачынаўся лес. Там дзяўчына часта бывала ў вольны час. Захапленне навакольнай прыродай і паспрыяла таму, што сваё будучае жыццё яна вырашыла звязаць з лесам. Пасля заканчэння дзевяці класаў Людміла Юнчык паступіла вучыцца ў Шацкі лясны тэхнікум імя Валянціна Сулько. Атрымаўшы дыплом “Тэхніка лясной гаспадаркі” ў 2003 годзе, адразу ж паставіла перад сабой мэту: набыць вышэйшую профільную адукацыю. Людміла Юнчык сур’ёзна стала рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, хоць часу для гэтага было не так і многа. Праз паўтара месяца паспяхова  здала ўступныя экзамены і стала студэнткай  Нацыянальнага лесатэхнічнага ўніверсітэта Украіны, каб набыць спецыяльнасць “Інжынер лясной гаспадаркі”.

– Людміла Мікалаеўна, куды вы былі накіраваны на першае месца працы?

– Так склаліся жыццёвыя абставіны, што ім стала Маларыцкае лясніцтва. Яшчэ падчас вучобы пазнаёмілася з маларытчанінам Вік­тарам. Неяк ён прыехаў у Шацк на ўрачыстыя провады ў армію  свайго стрыечнага брата Андрэя, які жыў ад нас праз чатыры дамы. А я сябравала з яго роднай сястрой Юляй. На ўрачыстасць Андрэй таксама запрасіў і мяне. Я чамусьці адразу звярнула ўвагу на  статнага маладога чалавека. Віктар з першай хвіліны знаёмства мне падаўся ўнутрана багатым чалавекам, чулым, адкрытым, сардэчным. 

Паміж Віктарам і Люд­мілай ўзніклі ўзаемныя пяшчотныя пачуцці, пэў­ная прыязнасць і сім­патыя. Аднак закаханых раздзяляла адлегласць. Паколькі яны жылі ў розных гарадах і краінах, то бачыліся не вельмі часта. Ды і міжнародныя тэлефонныя размовы шмат каштавалі. Сваё каханне і трываласць яго маладыя выпрабоўвалі ажно 5 гадоў. І вось наступіў той доўгачаканы момант!

– Віктар неяк прыехаў мяне праведаць у Шацк, – успамінае Людміла Мікалаеўна. – Падчас  адной з прагулак па горадзе ён прапанаваў стаць яго жонкай. Прапанову прыняла адразу і з вялікім задавальненнем. Цяпер нас радуюць дочкі  Валерыя, Кацярына і  Вікторыя.

Следам за мужам Люд­міла Юнчык па­ехала ў Маларыту. Тут, па словах жанчыны, была стабільнасць,  упэўненасць у заўтраш­нім дні,  перспектыва знайсці работу, звіць уласнае сямейнае гняз­дзечка. Так яно і атрымалася. У чэрвені 2009 года Людміла Мікалаеўна ўладкавалася майстрам лесу Маларыцкага ляс­ніцтва.

– Утрыманне лясных угоддзяў у належным парадку,  безумоўна,  заслуга ўсяго калектыву лясгаса, – гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Людміла Губей. – Аднак ёсць такія работнікі, якія дзякуючы сваёй працы з’яўляюцца надзейнай яго апорай. Іх вопыт і прафесіяналізм – аснова поспеху і стабільнай дзейнасці нашага прадпрыемства. Да ліку такіх адносіцца і Людміла Юнчык. Да лесу яна неабыякавая,  да працы падыходзіць з веданнем справы, да лю­дзей – справядлівая. Для Людмілы Мікалаеўны характэрны арганізатарскія здольнасці, уменне хутка і якасна давесці даручаную справу да канца. Дзень за днём ішлі яе працоўныя будні, паступова набываўся вопыт, адшліфоўвалася майстэрства, адбыва­лася станаўленне як спецыяліста. Кіраўніцт­ва Маларыцкага лясгаса хутка звярнула ўвагу на маладога спе­цыяліста і прапанавала пасаду інжынера па лесакарыстанні. А з красавіка 2021 года Людміла Юнчык назначана начальнікам аддзела лясной гаспадаркі і лесаўзнаўлення Маларыцкага лясгаса.

Работа інжынераў (а іх шэсць)  гэтага структурнага падраздзялення лічыцца адказнай і скрупулёзнай. Бо ад кантролю за ўлікам ляснога фонду, правільнасцю праведзеных рубак на тэрыторыі лясніцтваў, аб’ёмаў нарыхтовак, афармлення неабходных дакументаў,   а таксама работ па вырошчванні пасадачнага матэрыялу залежыць канчатковы вынік работы ўсяго калектыву. З гэтым паспяхова спраўляецца начальнік аддзела Люд­міла Юнчык.

– Штодзённай работы сапраўды многа, – кажа Людміла Мікалаеўна. – Усё трэба ў час ахапіць і трымаць пад  пільным кантролем. Як кажуць, трэба і лес выгадаваць, і кубаметры нарыхтаваць.

У 20 гадоў здаецца, што кожны з нас разумны, а ў 25 гадоў – геніяльны. Аднак толькі пасля 35 гадоў прыходзіць усведамленне, у чым сапраўднае прызначэнне чалавека. Маё – у лесе. Яму служу ужо больш за 13 гадоў. За гэты час ні разу не пашкадавала, што сваё  працоўнае жыццё звязала з лесам. Прафесія стала маім прызваннем, прыносіць задавальненне і дае адчуванне паўнаты жыцця. Я чалавек пастаянства, не кар’ерыстка. З першага дня ў лясгасе дала сама сабе ўстаноўку: калі працаваць, то працаваць як трэба. Гэта значыць  – на станоўчы вынік.

Сваю штодзённую кар­­патлівую “лясную” справу Людміла Юнчык выконвае старанна і адказна, за што мае шмат узнагарод. У іх ліку – нагрудны знак Міністэрства лясной гаспадаркі краіны “10 гадоў бездакорнай службы”, а таксама шматлікія  граматы Маларыцкага лясгаса.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 15
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий