Стараста ў вёсцы – як гаспадар у доме

Стараста вёскі — гэта яе душа. Ён з’яўляецца самым паважаным, аўтарытэтным чалавекам. У Збуражы гэта званне з гонарам носіць Васіль Алесік. У населеным пункце яго ведаюць, мабыць, усе:ад старога да малога. З родным куточкам у Васіля Апанасавіча звязана ўсё працоўнае жыццё. Ён 38 гадоў аддаў калгасу “40 гадоў БССР”.Працаваў трактарыстам, а ў час уборкі з ахвотаю перасядаў за штурвал камбайна. Да даручанай справы заўсёды адносіўся надзвычай адказна. Усё рабіў як сабе. Таму і быў поспех. Васіль Алесік 5 гадоў запар ездзіў на рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” як лепшы работнік. Яго, нягледзячы на тое, што даўно на заслужаным адпачынку, кожны год яшчэ запрашаюць на ўборку. Васіль Апанасавіч далікатна адмаўляецца, хоць не раз аб гэтым шкадаваў.
– Спрыт ды і сіла ўжо ў руках не тыя, – гаворыць Васіль Алесік. – Працаваць ёсць каму на зямлі. Вопытныя камбайнеры, думаю, яшчэ не перавяліся.
Яго жыццёвай энергіі, бадзёрасці могуць пазайздросціць многія маладыя людзі. У Васіля Апанасавіча ёсць свой трактар. Каб на пенсіі не сядзець склаўшы рукі, у арэнду ўзяў зямлю. Праўда, нямнога.
– Вырошчваю на ёй бульбу, засяваю палеткі зерневымі, – кажа мой субяседнік. – За сялянскаю працаю заўжды адпачываю.
Старастам в. Збураж Васіль Алесік быў абраны на агульным сходзе вяскоўцаў некалькі гадоў таму. І невыпадкова. Ён усё жыццё пражыў тут, таму не па чутках ведае штодзённыя клопаты і праблемы сваіх землякоў. Нераўнадушнае, адказнае стаўленне да людзей і роднай вёскі – першая і галоўная прыкмета сапраўднага старасты, чалавека, які з’яўляецца сувязным звяном паміж насельніцтвам і мясцовай уладай, добрым яе памочнікам ў навядзенні парадку на зямлі,добраўпарадкаванні вёскі.
– Самае цяжкае ў рабоце старасты, —кажа Васіль Апанасавіч, – напэўна,стасункі з людзьмі, уменне знайсці з імі агульную мову, агульную тэму.
На яго немаладых плячах — клопат пра Збураж. У вёс­цы, дзе цяпер пражывае некалькі соцень чалавек (палова з якіх-пенсіянеры), падтрымліваецца належны парадак, увага надаецца кантролю за супрацьпажарнай бяспекай, упарадкаванню прысядзібных участкаў, могілак…
Блакнот вясковага старасты Васіля Алесіка змяшчае мноства напамінаў-заданняў самому сабе, якія пачынаюцца са слоў: арганізаваць, добраўпарадкаваць, дапамагчы, патэлефанаваць, узгадніць, наведаць, напомніць, вывесці…
Да гэтага дбайнага гаспадара ідуць землякі з рознымі пытаннямі, сваімі праблемамі. Часам, проста, каб сустрэцца, пагаварыць, нешта ўспомніць, абмеркаваць. Кожнаму Васіль Алесік імкнецца ўдзяліць хоць некалькі хвілін.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Васіль Апанасавіч Алесік, стараста вёскі Збураж.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 8.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий