“Таптышку” чакаюць у Кыргызстане
Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат прыняў удзел у VI Міжнароднай універсальнай выставе-кірмашы “Поўдзень Экспа-2022” і беларуска-кыргызскім бізнес-форуме. Гэтыя мерапрыемствы праходзілі 15-17 верасня ў паўднёвай сталіцы Кыргызскай Рэспубліцы ‒ г.Ош. Тут таксама прайшло Х сумеснае пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Кыргызскай Рэспублікай.
‒У г.Ош на стэндзе “Белдзяржхарчпрама” экспанавалася прадукцыя 16 вядучых прадпрыемстваў канцэрна, ‒ гаворыць намеснік дырэктара Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната Людміла Вазнасіменка. ‒ У рамках калектыўнай экспазіцыі канцэрна было прадстаўлена дзіцячае харчаванне і нашага прадпрыемства. Мы прапанавалі ўвазе наведвальнікаў серыю прадуктаў-навінак брэнда “Таптышка”: “Улётны перакус” (пюрэ для дашкольнага і школьнага харчавання ў мяккай ўпакоўцы з камбінаваных матэрыялаў, 200 г), а таксама серыю прадуктаў гандлёвай маркі Samberry: “Superfood” ‒ дэсерты для здаровага харчавання (дэсерт фруктовы з даданнем насення чыа, рамонка і шыпшыны; дэсерт фруктова-агароднінны з даданнем сіропу агавы, мукі кіноа і насення чыа, 150 г). Падчас выставы таксама праводзілася дэгустацыі прадукцыі нашага камбіната, якасць якой высока ацанілі кыргызскія спажыўцы і эксперты.
Па словах Людмілы Вазнасіменкі, міжнародная ўніверсальная выстава- кірмаш “Поўдзень ЭКСПА-2022”, ‒ эфектыўная бізнес-пляцоўка для кампаній-удзельнікаў у наладжванні дзелавых кантактаў для супрацоўніцтва, у заключэнні пагадненняў, кантрактаў, у адкрыцці новых рынкаў па экспарту-імпарту тавараў, паслуг, у знаходжанні партнёраў па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Пацвярджэнне таму ‒ Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат, паколькі было падпісана партнёрскае пагадненне з кампаніяй ТАА “Кур Карпарэйшн” (г. Бішкек) на пастаўку дзіцячага харчавання (у асартыменце, у шкляных слоічках і ўпакоўцы тыпу “паўч”) у Кыргыскую Рэспубліку. Цяпер ужо ідзе фарміраванне прадукцыі для адпраўкі ў гэтую краіну.
Мікалай НАВУМЧЫК.