Пагасцюйце ў “Крайняй хаце”

Агратурызм, як від прыватнага малога бізнесу, з’явіўся ў нашай рэспубліцы параўнальна нядаўна. Але цяпер паспяхова развіваецца, прыцягвае ўвагу як беларускіх, так і замежных турыстаў. Год таму назад у вёсцы Гусак пачала прымаць гасцей і аграсядзіба “Крайняя хата”, гаспадарамі якой з’яўляюцца Сяргей Міхайлавіч і Галіна Міхайлаўна Валковічы.
З чаго пачыналі сваю справу, ці апраўдвае сябе бізнес-план, што ў перспектыве? — пра гэта і іншае чытайце ў інтэрв’ю Сяргея Валковіча карэспандэнту райгазеты.

— Сяргей Міхайлавіч, што падштурхнула Вас менавіта ў вёсцы адкрыць сваю справу? Вы ж, наколькі ведаю, чалавек гарадскі і ўсё жыццё пражылі ў горадзе?
— Калі ў нас у вёсцы Гусак з’явіўся свой участак зямлі, з’явілася і ідэя пабудаваць тут дом, лазню, стварыць іншыя ўмовы для агратурызму. Я ж на пенсіі, жонка таксама, дзеці ўжо дарослыя і ўладкаваны. Што мне там было па горадзе і па асфальце хадзіць. Тым больш, што ўсё ўмею рабіць сваімі рукамі, не прывык сядзець без справы. Давялі ўсё да ладу, абуладкавалі сядзібу.
— Вы не шкадуеце, што заняліся такой справай?
— Я задаволены, што задуманае ажыццявілася, што ўсё атрымліваецца і складваецца нядрэнна. Адно непакоіць, каб у дзяржаве не змяніліся правілы гульні. Бо, няма чаго граху таіць, у нас нярэдка так бывае: заманім людзей добрымі льготамі, добрымі падаткамі, мясцовая ўлада спрыяе, і раптам… усё ўжо інакш. А людзі ж уклалі ў сваю справу безліч. Я, у прыватнасці, усё прадаў, што было, і ўклаў сюды: і сродкі, і сілы.
— Думаецца, што правілы гульні, як Вы сказалі, у нас у дзяржаве не зменяцца, бо цяпер, як вядома, наадварот, на ўзроўні ўрада рэспублікі, самога кіраўніка яе ставіцца задача пашыраць сельскі турызм. Хаця і да гэтага пытання трэба падыходзіць разумна. Цяпер у рэспубліцы створана ўжо 1700 сядзіб. Можа, вельмі шмат іх і не трэба, як Вы лічыце?
— Сядзіба сядзібе розніца. Вывесіць шыльду з назвай – гэта адно. А вось стварыць належныя ўмовы, адпаведную інфраструктуру – зусім іншае. Калі на сядзібе не будзе элементарных санітарнага вузла, душавога пакою, чысціні, камфорту, ніхто сюды не паедзе. Я ўпэўнены: палова з тых, што названы аграсядзібамі, не адпавядаюць патрабаванням сучаснага турыста.
— Чулі водгукі вашых гасцей: вельмі і вельмі задаволены. Камфорт — у вышэйшай ступені. Культура абслугоўвання – таксама, гасціннасць гаспадароў – зноў жа. У вас і сапраўды вельмі прыгожа, утульна. Ёсць усе ўмовы для адпачынку: дом, лазня, побач рэчка, лес. Ці шмат да вас прыязджае турыстаў?
— Цяпер нам не трэба ніякай рэкламы. Да нас прыязджаюць у асноўным тыя, хто тут быў раней, іх сябры, знаёмыя. Ну, а навічкам, хто тэлефануе і цікавіцца аграсядзібай упершыню з мэтай наведаць яе, не заўсёды даем дабро. Розныя бываюць госці, нямала шумных, псуюць маёмасць, крадуць рэчы. Такіх не хацелася ў сябе бачыць. Ну, а пастаянным кліентам дзверы заўсёды адчынены. Мы іх прымаем з вялікай ахвотай. Нядаўна ў нас гасцявалі 10 мінчан. Вельмі захапляліся. Абяцалі ў Мінску нас рэкламаваць. Хаця, паўтаруся, у рэкламе мы не маем патрэбы.
— Колькі чалавек вы прынялі летась і колькі сёлета?
— Прыкладна 300 чалавек летась і 150 сёлета.
— Якімі паслугамі вашы госці найбольш карыстаюцца?
— Мы ім нічога не навязваем, а проста прапаноўваем. У прыватнасці, пакатацца на коніку па лесе, парыбачыць, балазе, побач вадаём, многія зімою хадзілі па лесе на лыжах. Звычайна тыя, хто прыязджае здалёк, раніцай на машыне едуць ці то ў Брэсцкую крэпасць, ці то ў Белавежскую пушчу, ці то ў іншыя знакамітыя месцы, а вечарам просяць напаліць лазню, згатаваць вячэру. Летам прапаноўваем валейбол, настольны тэніс, бадмінтон, зноў жа пакатацца на коніку, парыбачыць. Многія прыязджаюць са сваёй праграмай і прадуктамі. Калі нешта просяць згатаваць, Галіна Міхайлаўна, мая жонка, рыхтуе фірменную страву – запякае ў рускай печцы труса (кролик – русск.), варыць юшку, запякае рыбу з гароднінай і сырам па-венгерску. Чаем з траў з царскіх самавараў частуем усіх. Гэта наш фірменны прэзент. Посудам і сервіроўкай стала госці не займаюцца, мы гэта робім самі. Самі ж за імі і прыбіраем. Работы вельмі шмат, расходаў — таксама. Бо ўсё завязана на электрычнасці. Скідак ніякіх нам не зрабілі, таму немалыя грошы плацім толькі за электраэнергію, не гаворачы пра ўсё астатняе.
— Сяргей Міхайлавіч, усё, што мы бачылі і ў доме, і ў лазні, і перад ёй, і ў двары, і шыльда з назвай аграсядзібы – справа вашых рук?
— Усё, што вы бачылі, мая асабістая задума, і ўсё я рабіў сваімі рукамі. У многім, праўда, былі памочнікі, але галоўным архітэктарам і дызайнерам быў я.
— На вашай аграсядзібе, у доме, што цяпер рэстаўруецца побач з новым, шмат старажытных прадметаў вясковага побыту. Раскрыйце сакрэт, дзе Вы іх “адкапалі”?
— Кожная з такіх рэчаў да мяне трапіла ў страшным выглядзе: іржавая, паўгнілая, парваная ці разабраная. Зімой, калі было больш часу, сваімі рукамі ўсё аднаўляў. Хачу зрабіць музей пад адкрытым небам. Хаця гэта не адзіная задума. Вось, да прыкладу, нізіну, што вы бачыце каля лазні, хачу паглыбіць, зрабіць там вадаём з праточнай вадой, развесці рыбу. Там жа будзе паўвостраў, на ім — чайная альтанка. Пакуль што ўсё знаходзіцца ў стадыі праектавання. Год патраціў на збор дакументаў. Калі разбагацею, магчыма, яшчэ нешта захочацца зрабіць.
— Сяргей Міхайлавіч, і Вы верыце, што на такім бізнесе можна разбагацець?
— У мяне няма мэты самаўзбагаціцца. Нам з жонкай хапае дзвюх пенсій, прычым, мая пенсія ваеннаслужачага. Дзеці таксама забяспечаны. Таму любы зароблены рубель ідзе на праекты, на будаўнічыя матэрыялы, на паляпшэнне ўмоў для гасцей. Мне гэта падабаецца, мне гэта цікава, я гэта раблю з вялікім задавальненнем. І калі малады здаровы мужык, які ўжо з раніцы п’яны і ў якога развалены плот, смецце ўсюды, сядзіць і бурчыць: “А гэты капыталіст зноў нешчо прыдумаў, зноў нешчо наставіў”, я адказваю: “А ты бачыў хоць раз капіталіста п’яным, ці каб капіталіст без справы сядзеў, ляжаў, адпачываў? Капіталіст з пяці гадзін раніцы і да позняга вечара нешта пілуе, стругае, рэжа. Ты ж з раніцы “чарніла” набубеніўся і сядзіш, бурчыш. Вазьмі і ты так зрабі, як зрабіў я. Хто не дае?”
Многае з таго, што мне згадзілася, у вяскоўцаў проста валялася пад нагамі, як непатрэбнае”.
Жывы прыклад. Усе дахі ў дамах ў вёсцы раней былі пакрыты чарапіцай. А ў 60-х гадах з’явіўся шыфер. Вяскоўцы паздымалі чарапіцу і перакрылі дахі дамоў шыферам. Таму чарапіца ў многіх проста валялася пад плотам. Я купіў прыкладна 2 тысячы штук чарапіцы ў мясцовых жыхароў. У ваннай пральным парашком кожную з іх адмыў, прывёз з Германіі спецыяльную фарбу, кожную штучку падфарбаваў, умацаваў у старым доме страпільную сістэму і пакрыў дах чарапіцай. І яна выглядае цяпер, як новая. Старое ж намнога больш складана давесці да ладу, чым зрабіць новае. Няма ніводнага сантыметра на маім участку, дзе б я не прыклаў свае рукі. А лёгкай працы не бывае.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: візітная картка аграсядзібы Сяргея і Галіны ВАЛКОВІЧАЎ; адзін з рэдкіх экспа­натаў у доме – патэфон.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!