Урок ваеннай службы

Вытрымку і трываласць юнакоў-старшакласнікаў у чарговы раз праверыла ваенна-спартыўная гульня “Юны сябар пагранічніка”. Пры актыўнай дапамозе ваеннаслужачых аддзела пагранічнай службы “Маларыта” яе арганізавалі сумесна раённы камітэт ГА “БРСМ”, міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ, аддзел па справах моладзі і раённы аддзел адукацыі.
Першым этапам гульні было знаёмства з прафесіяй пагранічніка. Юнакі пабывалі на тэрыторыі аддзела пагранічнай службы, атрымалі магчымасць паглядзець відэастужку, якая расказвала пра будні і святы пагранічнікаў. Пераканацца ў тым, што дзяржаўная граніца знаходзіцца пад надзейнай абаронай, змаглі хлопцы, паглядзеўшы на імправізаванае затрыманне “парушальніка” з дапамогай службовага сабакі. Воіны-пагранічнікі правялі з юнакамі ўрок па разборцы і зборцы аўтамата, паказалі, як правільна карыстацца спецыяльным ахоўным касцюмам, пазнаёмілі з тэхнікай, абсталяваннем і зброяй, якія выкарыстоўваюцца ў час нясення пагранічнай службы.
Другі этап гульні праходзіў на базе раённай гімназіі. Дзве каманды юнакоў-дзесяцікласнікаў – з СШ №2 і раённай гімназіі — змагаліся за пераходны кубак. Сваю трапнасць дэманстравалі ўдзельнікі гульні ў стральбе, сілу, падрыхтоўку і вытрымку – у падцягванні і комплексе сілавых практыкаванняў, а хуткасць і спрытнасць – у ваенізаванай эстафеце з элементамі турыстычнай паласы.
У комплексе сілавых практыкаванняў лепшыя вынікі паказаў Ілья Сцепанюк (раённая гімназія), у падцягванні не было роўных Раману Качанка (СШ № 2), самыя трапныя выстралы ў мішэнь былі ў Максіма Шульгі з раённай гімназіі. Юнакі з гімназіі перамаглі і ў ваенізаванай эстафеце і па колькасці ачкоў менавіта яны сталі пераможцамі гульні і атрымалі кубак і салодкі прыз.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час гульні “Юны сябар пагранічніка”.
Фота Аляксея ДЗЯМІНСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!