Ірына Астапук: “Шчасце – найперш у дзецях”

Ірына Астапук – настаўніца англійскай мовы Маларыцкай раённай гімназіі. Ра­зам з мужам Анатоліем яны выхоўваюць траіх дзяцей. Сын Мікіта сёлета закончыў Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М. Машэрава. Цяпер ён студэнт першага курса факультэта біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Старэйшая дачка Паліна – дзевяцікласніца, меншая, Дар’я, чацвёртакласніца. Дзяўчаты вучацца ў  Маларыцкай раённай гімназіі.

Ірына Міхайлаўна разам з дзяўчынкамі кожную раніцу спяшаецца ў раённую гімназію. Пасля абеду  яны дружна вяртаюцца дадому.

– Я сумую без сваёй мамачкі,  – гаворыць Дар’я і ўсміхаецца. – Як цудоўна, што яна працуе зусім побач. На перапынках можна падысці да яе, прытуліцца, пацалаваць. Мне адразу становіцца неяк лягчэй, калі мама спытае: “Як прайшоў урок?” і пагладзіць па галаве. Тады ўсе непрыемнасці ў момант забываюцца. У мяне няма сакрэтаў ад мамы. Яна – мая самая найлепшая  і надзейная сяброўка.

Сустракаецца на перапынках з мамай і Паліна. Праўда, радзей, чым меншая сястра. Паліна тады да Ірыны Міхайлаўны ляціць як на крылах, калі атрымае за адказ на  ўроку  выдатную адзнаку. Спяшаецца, каб  парадаваць маці і пачуць яе шчырае “Малайчына!” Мама для яе самы блізкі і дарагі чалавек,  мудры дарадчык, надзейны сябар.

– Маміна ласка, погляд, словы суправаджаюць і грэюць мяне нават і цяпер, хоць я і далёка ад роднага дома, – гаворыць па тэлефоне Мікіта. – Калі неабходна нешта зрабіць, успамінаю словы маёй мамы: “Сынок,  дзе б ты ні быў, кім бы ні стаў, жыві сумленна, паступай з усімі так, як хочаш, каб паступалі з табой”. Я часта тэлефаную маме, цікаўлюся яе справамі. Мая мама – трывалая апора і надзея, падтрымка ў любой сітуацыі. Часта ў думках абдымаю яе.

– Мне падабаецца,  калі мама ўсміхаецца, калі яна ў добрым настроі,  – кажа Паліна. – Я, Дар’я, Мікіта імк­нёмся як мага менш турбаваць маму.

 Ірына Астапук для дзяцей як сонейка: і абагрэе сваімі цёплымі  промнямі,  і прытуліць да сябе, і сардэчнае слова скажа, ад якога так добра і светла становіцца на душы. Тады усе няўдачы  хутка забываюцца. Быццам бы іх і не было зусім.

– Часта задумваюся: чаму ў адных дзяцей мама нібы яркае сонейка, а ў другіх яго няма, як за чорай хмарай схаванае, – з сумам заўважае Ірына Міхайлаўна. – У такія моманты здаецца,  што ворсткі вецер душу халодзіць, выкрадае яе цяпло. Дзеці без мацярынскай увагі мне ўяўляюцца абдзеленымі самым важным, неабходным і дарагім на зямлі – любоўю, ласкай, клопатам.  Цяжка без гэтага пражыць. Мне вельмі шкада такіх “абяздоленых” хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі заўважаю, што дзеці знахо­дзяцца ў такой сітуацыі, стараюся ім дапамагчы добрым словам, парадаю, падказкаю.

Я сама ўжо даўно маці, у бабулі напрошваюся (усміхаецца), а вось часта думаю пра сваю маці Ніну Давыдаўну Трафімук. Яна для мяне – прыклад жанчыны-маці, сапраўднай, самаахвярнай. Здольнасць маці ра­зумець сваіх дзяцей заўсёды, усюды, у якім бы становішчы яны ні знаходзіліся, у любым узросце – дзіўны феномен мацярынства. Дзеля нас,  дваіх дзяцей (мяне і брата Віталія), мама была гатова аддаць усё. Такой жа яна засталася і цяпер. З мамы ва ўсім бяру прыклад. Тое,  што ёсць ува мне, ёсць і ў маёй дарагой матулі. Пакуль у мяне ёсць мама, сябе адчуваю таксама маладой, абароненай.

Для ўсіх дзяцей Ірыны Міхайлаўны характэрна адна галоўная рыса – працавітасць. У жанчыны і яе дзяўчат ёсць шмат агульных спраў. Па выхадных днях, напрыклад, яны утрох любяць падоўгу “завісаць” на кухні і нешта гатаваць. Дзяўчаты кожны раз знаходзяць арыгінальныя рэцэпты смачных страў. Разам гатуюць, а пасля ўсёй сям’ёй іх смакуюць.

– Наш тата заўсёды ў захапленні ад кулінарных “шэдэўраў”, – кажа  Паліна. – Таму мы і стараемся, каб яго кожны раз здзівіць вытанчаным і непаўторным смакам.

– Да 1 верасня ў мінулым годзе мы зрабілі сабе арыгінальны падарунак,  –  гаворыць Ірына Міхайлаўна. – Наша сям’я перасялілася ў новы дом, які будавалі сваімі сіламі на працягу некалькіх гадоў. Шмат часу затрацілі  на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго. Дзяўчаткі былі першымі памочнікамі ў гэтай справе. Ды і ў доме падтрымліваць парадак – гэта іх справа. Зрэшты,  кожны сам ведае свае абавязкі. Не скажу, што мы жывём па нейкім строгім раскладзе. Мы з мужам імкнёмся, каб у дзяцей было шчаслівае дзяцінства. Сваіх поглядаў і меркаванняў ім ніколі не навязваем, вучым на прыкладах.

Вольны час, якога ў Ірыны Астапук не так і шмат, яна любіць праводзіць за кнігай. Перавагу аддае замежным раманам. Творы класікаў Велікабрытаніі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады чытае на мове арыгінала. Сябруюць з кнігай Дар’я і Паліна. Паліне, між іншым, таксама  падабаецца чытаць творы на англійскай мове.

Ёсць у Ірыны Міхайлаўны і яе дзяўчат яшчэ адно захапленне. Яны любяць маляваць.

– Шэдэўраў яшчэ не напісалі, але атрымліваецца добра, – кажа Ірына Астапук. – Старэйшая, Паліна, закончыла выяўленчае аддзяленне  Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Другі год там навучаецца і Дар’я. Яна  марыць стварыць уласную карцінную галерэю.

– Ірына Міхайлаўна, вы шчаслівы чалавек?

– Шчаслівым можа быць любы чалавек. Трэба толькі навучыцца адчуваць шчасце. Яго можна знайсці  ў шматлікіх праявах жыцця, а найперш – у дзецях. Яны мой асаблівы гонар. Напэўна, кожная маці лічыць сваіх дзяцей найлепшымі. Мне важна, каб яны выраслі годнымі людзьмі, уважлівымі і ўдзячнымі, знайшлі сябе і былі шчаслівыя.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

 

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий