КУПАЙЦЕСЯ на здароўе, але АСЦЯРОЖНА!

За мінулы тыдзень у раёне патанулі два чалавекі.
Нарэшце дачакаліся мы цёплага надвор’я, і многія цяпер адпачываюць ля вады. Аднак не трэба забываць, што купанне не толькі дастаўляе задавальненне, служыць цудоўным сродкам загартоўвання арганізма, але і ўяўляе сур’ёзную небяспеку пры незахаванні правілаў паводзін на вадзе.
У раёне прыняты пэўныя меры па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе і паляпшэнні адпачынку насельніцтва ля вадаёмаў. Рашэннем Маларыцкага райвыканкама № 454 ад 26.04.2013 года ў раёне вызначана і зацверджана 3 месцы, дзе дазволены масавы адпачынак насельніцтва: азёры Олтушскае і Лукаўскае і вадаём у гарадскім парку. Забаронена купанне ў кар’ерах, месцах знаходжання дамб, шлюзаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў, тэхнічных і меліярацыйных каналах, супрацьпажарных вадаёмах. Настойліва рэкамендуем купацца менавіта ў вызначаных для купання месцах, бо яны штогод абследуюцца вадалазамі, там створаны найбольш бяспечныя ўмовы для адпачынку і купання.
Нельга забываць, што вада – крыніца павышанай небяспекі, і ў першую чаргу для тых, хто любіць выпіць, бо нават невялікая доза алкаголю пры знаходжанні ля вады нярэдка становіцца прычынай трагедыі.
Хацелася б напомніць, што за купанне ў забароненым месцы, згодна з арт. 23.65 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры 3 базавых велічынь. Распіццё спіртных напояў, піва ў месцах масавага адпачынку ля вадаёмаў таксама, згодна з арт. 17.3 КоАП РБ, караецца штрафам ці адміністрацыйным арыштам.
Найбольшай небяспецы ля вады ў летні час падвержаны дзеці. Таму бацькам неабходна кантраляваць іх адпачынак, не пакідаць без нагляду.
Нярэдка ахвярамі вады становяцца аматары рыбнай лоўлі. Збіраючыся на рыбалку, памятайце, што ад захавання мер бяспекі залежыць жыццё. Нельга забываць пра асцярожнасць пры знаходжанні ля вадаёмаў на прыватных падворках, ля калодзежаў і людзям пажылога ўзросту. Памятайце: ваша бяспека ў вашых руках.
Алена СІЖУК, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах.

Опубликовано в “ГЧ” 26.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий