“Гінес-шоу” і “Аперацыя “Бунт” чакалі дзяцей у лагеры “Сонейка”

36 хлопчыкаў і дзяўчынак прайшлі аздараўленне ў лагеры «Сонейка» з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Арэхаўская сярэдняя школа”. У лагеры штодня праводзіліся мерапрыемствы, якія былі накіраваны на стварэнне цёплых, дружалюбных адносін, творчай атмасферы, фарміраванне здаровага ладу жыцця, на выхаванне агульначалавечых каштоўнасцяў, працоўных навыкаў, уменняў.
У самым пачатку змены дзеці змаглі паказаць свае творчыя здольнасці ў канцэртнай праграме “Лагеру прысвячаецца”. Яе дапамаглі арганізаваць мясцовыя культработнікі. Дзеці спявалі песні, расказвалі вершы, байкі, танцавалі. Усё гэта стварала атмасферу паразумення, радасці, згуртаванасці.
Хлопчыкаў і дзяўчынак зацікавілі многія мерапрыемствы. Ды і ці мог некага пакінуць раўнадушным конкурс “Злёт хахатушак і хахатуноў” альбо гульні “Па правілах дарожнага руху”, “Гінес-шоу”, “Вуснамі немаўлят”, “Разведчыкі”, “Офіс-справа”, “Сямейны марафон”, “Здаровы будзеш — усё здабудзеш”, “Аперацыя «Бунт”, “Ачысцім школьны двор ад смецця”, “Запалкавы турнір” і іншыя. Кожнаму хацелася прыняць удзел і ў традыцыйных конкурсах “Міс” і “Містэр лагера”, якія дапамаглі дзецям прадэманстраваць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці.
Вельмі цікавым для юных эрудытаў было наведванне музея А. С. Пушкіна. Убачанае і пачутае прымяніць на практыцы змаглі хлопчыкі і дзяўчынкі ў віктарыне «Пушкінскія казкі». На “ўра” прайшоў у лагеры і “Конкурс банцікаў”, у якім дзеці праяўлялі кемлівасць, самастойнасць, ініцыятыўнасць. А вось конкурс “Ох, мода, мода!” праверыў дызайнерскія здольнасці дзяцей, іх фантазію. Юныя мадэльеры “шылі” сабе касцюмы, абаранялі іх, рабілі эскізы ўбораў, змагаліся ў конкурсе візажыстаў і цырульнікаў, рабілі незвычайны галаўны ўбор з газет.
Не мог пакінуць раўнадушнымі дзяцей і конкурс“Два караблі”, удзельнікі якога адчулі сябе сапраўднай марской камандай. Па-першае, хлопчыкі і дзяўчынкі пазналі шмат новага і цікавага – даведаліся хто такі боцман, што робіць на караблі штурман, якія абавязкі ў лоцмана. А па-другое, дзеці змаглі патрэніравацца ў вынаходлівасці і спрытнасці, “адправіўшыся” ў марское падарожжы, “праходзячы” праз рыфы, “перадаючы” радыёграмы.
Дзякуючы праведзеным конкурсам малюнкаў “Ля Лукамор’я”, “Як захаваць здароўе”, “Свет вакол нас”, “Мой лепшы сябар”, “Мая любімая цацка”, ў лагеры з’явіліся сапраўдныя выставы мастацкіх работ дзяцей. Шмат радасці адпачываючым прыносілі дыскатэкі і музычна-гульнявыя праграмы, якія дапамагалі арганізоўваць работнікі Арэхаўскага СДК. Але самымі запамінальнымі сталі дні, калі былі арганізаваны паездкі ў басейн у спарткомплекс “Жамчужына” і прыезд аўтаклуба Маларыцкага ГДК з батутам.
На лінейцы, прысвечанай заканчэнню змены, кожнае дзіця атрымала грамату і памятны прыз за актыўны ўдзел у жыцці атрада і лагера.
Святлана ВІТАНОЎСКАЯ, начальнік лагера, Наталля ЗАЛЯШЧУК, старшы выхавальнік.
НА ЗДЫМКАХ: у час адпачынку.
Фота аўтараў.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!